«Яны пачынаюць бачыць ворагаў у кожным». У «Клубе рэдактараў» раскрытыкавалі палітыку Расеі


У чарговым выпуску праграмы «Клуб рэдактараў» на тэлеканале «Беларусь-1» выказалі здагадку, што за сюжэтам Euronews пра парламенцкія выбары, стаіць Крэмль.

Гаворка ідзе пра сюжэт Euronews, дзе распавядалася пра тое, што ў Беларусі адбыліся выбары ў парламент і ніводны апазіцыянер туды не трапіў. Галоўным спікерам у матэрыяле быў актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Яўген Афнагель: ён казаў, што апазіцыя не прызнае вынікі выбараў, а большасць беларусаў выступае супраць Аляксандра Лукашэнкі. Адразу пасля выхаду сюжэту Euronews ўсе дзяржаўныя тэлеканалы выпусцілі матэрыялы, дзе жорстка крытыкаваўся матэрыял і асабіста Яўген Афнагель.

Рэдактары дзяржаўных СМІ ў «Клубе рэдактараў» назвалі сюжэт Euronews «агіткай», «антыпрэзідэнцкай прапагандай» і «заказам».

Генеральны дырэктар БелТА Ірына Акуловіч звярнула ўвагу на тое, што сюжэт Euronews выйшаў толькі ў рускамоўным эфіры.

«Я не ўпэўненая, што Брусель так ужо быў зацікаўлены ў гэтым. Цалкам магчыма, што ён (Euronews – заўв. belsat.eu) быў ангажаваны іншымі суседзямі. Бо цяпер ідуць складаныя перамоўныя працэсы і яны імкнуцца паўплываць на Беларусь з розных бакоў», – адзначыла яна.

Удзельнікі таксама згадалі публікацыю, якая выйшла на гэтым тыдні ў газеце «Коммерсант» пад загалоўкам «Дыктатар у роспачы. Гэта дае нам цудоўныя магчымасці». Артыкул быў прысвечаны слуханням па Беларусі ў Хельсінкскай камісіі Кангрэсу ЗША. У гэтым матэрыяле і ў матэрыяле Euronews удзельнікі «Клубу рэдактараў» убачылі звёны аднаго ланцуга.

«Адкрытая заказуха. Ніколі гэтага не было бачна», – заявіў галоўны рэдактар «СБ – Беларусь сегодня» Дзмітрый Жук.

Старшыня праўлення ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал» Марат Маркаў працытаваў вядомага расейскага журналіста Мікалая Сванідзэ, які саркастычна заўважыў, што кіраўніцтва Расеі стварыла атмасферу, калі ледзь не ўсе суседзі ўспрымаюцца як ворагі і таму краіна мусіць рыхтавацца да вайны.

«Яны самі сябе зачынілі ў крэпасці і пачынаюць бачыць ворагаў у кожным», – дадаў Маркаў. «Мы гатовыя супрацоўнічаць (з Расеяй – заўв. belsat.eu), але калі трэба як перад панам сагнуцца – тады дзякуй, не трэба», – падкрэсліў ён.

Дырэктар беларускага прадстаўніцтва тэлерадыёкампаніі «Мир» Уладзімір Пярцоў адзначыў, што такім чынам расейскія прапагандысты настройваюць насельніцтва Беларусі і РФ адзін супраць аднаго.

«Якія мэты яны пераследуюць? Стварыць адзін у аднаго вобраз ворага? Настроіць расейцаў супраць беларусаў?», – запытаў ён.

Тэме спробаў Расеі паўплываць на Беларусь была прысвечаная палова праграмы. Другую палова прысвецілі выбарам у Палату прадстаўнікоў. Удзельнікі «Клубу рэдактараў» жорстка крытыкавалі апазіцыю і асабліва назіральнікаў. Назіральнікаў абвінавачвалі ў правакацыях і ціску на сябраў выбарчых камісіяў. Дзмітрый Жук параўнаў метады працы назіральнікаў з «рэкетам 90-х».

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў