«Падвешваць чыноўнікаў было прыкольна». Як ствараўся фільм «ЧынЧыны ў краіне цудаў»


У навагоднюю ноч на тэлеканале «Белсат» адбылася прэм’ера музычнай камедыі «ЧынЧыны ў краіне цудаў». Фільм распавядае пра падарожжа беларускіх чыноўнікаў з АЭС на галоўную ялінку краіны, падчас якога яны трапляюць у Беларусь мары. Паралельна гэтаму сюжэту паказваецца і іншая лінія: змрочная Беларусь-антыўтопія, дзе пануюць сілавікі, людзей затрымліваюць і збіваюць падчас таго, як яны выносяць смецце, а з экранаў тэлевізараў вяшчаюць людзі ў балаклавах.

«ЧынЧыны ў краіне цудаў».
Фота: скрыншот з відэа / Белсат

Як адбывалася праца над фільмам, які вылучаецца сярод іншых навагодніх шоу? «Белсату» распавялі яго стваральнікі.

«Можна пачытаць беларускія навіны – і ў цябе ёсць сюжэт»

«Для мяне праца над фільмам праходзіла як у тумане, нібыта побач снарад узарваўся. Усё вельмі спрэсавалася ў часе, было вельмі шмат задач, якія трэба было выканаць за кароткі тэрмін. Але гэты працэс заварожвае і на доўгі час вырывае са звыклага жыцця», – узгадвае галоўны рэжысёр фільма Андрэй Кашперскі.

Ён распавядае, што прыдумляць абсурдную камедыю было даволі проста:

«Можна паглядзець па баках, пачытаць навіны – і вось у цябе ёсць сюжэт», – распавядае рэжысёр.

«Атмасфера была вельмі цікавая: ты гарыш, усё гарыць, і ты ў пекле. Андрэй Кашперскі ў такім крыху экзальтаваным стане ператвараўся ў дзесяцірукага бога і вырашаў адначасова дзесяць пытанняў, якія трэба было вырашыць проста цяпер», – узгадвае актор Міхаіл Зуй.

Фота: ТК / Белсат

«З-за такога шалёнага тэмпу некаторыя людзі са здымачнай каманды кінулі паліць. Некаторыя – наадварот, пачалі. Але мы не маглі пачаць здымкаў раней. Хацелася быць актуальнымі, ісці ў нагу з падзеямі ў Беларусі. Кожны дзень адбывалася тое, што падрывае веру ў чалавецтва, і разам з тым нешта такое, што наадварот, натхняла, прымушала верыць у беларусаў», – у сваю чаргу адзначае Андрэй Кашперскі.

Падчас працы над сцэнаром лінія антыўтопіі выглядала вельмі змрочнай, гратэскнай і нерэалістычнай. Аднак хутка стала зразумела, што гэта становіцца новай рэальнасцю для Беларусі.

«Пішам з Дзімам Есяневічам дыялог чыноўнікаў. Прапісваем, што чыноўнікі хочуць забараніць чырвона-белае спалучэнне колераў у касцюмах і дазволіць толькі блакітны і белы. І на наступны дзень бачым навіну, што ў Чашніках тэрмінова спісваюць бела-чырвоныя навагоднія строі ды закупаюць сінія. Ці калі мы чытаем навіну, што на БелАЭС пачаліся праблемы, а мы ўжо пра гэта знялі сцэну ў сваім фільме. Пачалі нават жартаваць: давайце пабачым, што там у нас далей у сцэнары, каб ведаць, да чаго рыхтавацца ў рэальным жыцці», – кажа Міхаіл Зуй.

Фота: ТК / Белсат

«Падвешваць чыноўнікаў было прыкольна»

Для здымак тэлепартацыі чыноўнікаў ва ўтапічную Беларусь галоўных герояў фільму падвешвалі на спецыяльных тросах.

«Падвешваць чыноўнікаў было прыкольна. Мне падалося, што ім таксама спадабалася дрыгаць нагамі ў паветры. Толькі што ім усё там націрала», – жартуе Андрэй Кашперскі.

«ЧынЧыны ў краіне цудаў».
Фота: скрыншот з відэа / Белсат

«Памочнікі стаялі над двума чыноўнікамі і сыпалі на іх пенапласт»

Здымкі чыноўнікаў «у лесе» адбываліся ў студыі, трэба было зняць снежную зіму ў лістападзе, калі снегу не было, – зрабілі яго з пенапласту і сінтэпону.

«Нашыя памочнікі стаялі над двума чыноўнікамі і сыпалі на іх пенапласт, пакуль тыя ў атачэнні штучных галінак спрабавалі прамаўляць дыялогі. Ёсць такая легенда пра фільм «Грынч», нібыта Джым Керы атруціўся на здымках, калі паеў снегу з пенапласту, здымкі нават давялося прыпыніць на тыдзень. У нас таксама мог адбыцца такі зрыў, калі б Дзіма не прыпыніў здымкі чарговага дубля, бо яму зашмат пенапласту заляцела ў рот. Мы вымушаныя былі замяніць нашага асістэнта на больш прафесійнага кідальніка снегу. І адразу ўсё пайшло як па масле, снег у рот больш нікому не трапляў», – згадвае Андрэй.

«ЧынЧыны ў краіне цудаў».
Фота: архіў падчас здымкаў / Белсат

Сам ён адказваў за абмахванне чыноўнікаў галінкамі.

«Мы зрабілі некалькі дубляў эпізоду, дзе галінка біла Дзіму. Ён не ведае, што першы дубль быў удалы, і неабавязкова было рабіць наступныя тры, але мне проста было па кайфу біць Дзіму галінкай. Як і Мішу, але Міша проста вышэйшы, да яго складаней дацягнуцца», – жартуе Андрэй.

Гусь vs рэжысёр

Эпізод у бары «Тры чарапахі» шмат у чым атрымаўся дзякуючы энергіі запрошанай каманды «Спеўнага сходу». Усе павесяліліся разам з кіраўніком ініцыятывы Сяргеем Доўгушавым, які адыграў цэлы канцэрт, пакуль рыхтаваліся здымкі.

«Усіх уразіла гусь, тут і рэжысёру не трэба было працаваць. Гусь зрэжысавала настрой. Мне фактычна засталося толькі зняць гэты настрой», – кажа Андрэй Кашперскі.

«ЧынЧыны ў краіне цудаў».
Фота: скрыншот з відэа / Белсат

«Усе стэрэатыпы аб працоўных ушчэнт разбураныя»

Стваральнікі фільму хацелі паказаць рэальных герояў, чые ўчынкі надавалі беларусам аптымізму і надзеі ў гэтыя месяцы. У двары Новай Баравой можна пабачыць Ніну Багінскую, за стырном таксі – вядомага экскурсавода Мікіту Моніча, па тэлевізары ў аўтобусе віншуе з Новым годам псіхатэрапеўт усіх беларусаў Максім Кац.

«ЧынЧыны ў краіне цудаў». Фота: скрыншот з відэа / Белсат
Чын Чыны, Новы год, Белсат, фільм Белсату
«ЧынЧыны ў краіне цудаў». Фота: скрыншот з відэа / Белсат
Чын Чыны, Новы год, Белсат, фільм Белсату

Для здымак эпізоду «Муры» былі запрошаныя рэальныя працоўныя з незалежных прафсаюзаў МАЗу, МТЗ, МЗКЦ, МЭТЗ і ММЗ.

«Адзін з працоўных падарыў мне бчб-бранзалетку ад Трактарнага заводу. Я заўважыў яе на ягонай руцэ, сказаў: о, як класна выглядае. А ён мне – а на тваёй руцэ будзе выглядаць яшчэ лепш. Гэта было нечакана і вельмі прыемна», – узгадвае Андрэй Кашперскі.

«ЧынЧыны ў краіне цудаў». Фота: скрыншот з відэа / Белсат
Чын Чыны, Новы год, Белсат, фільм Белсату
«ЧынЧыны ў краіне цудаў». Фота: скрыншот з відэа / Белсат
Чын Чыны, Новы год, Белсат, фільм Белсату
«ЧынЧыны ў краіне цудаў». Фота: скрыншот з відэа / Белсат
Чын Чыны, Новы год, Белсат, фільм Белсату

«Калі я скажу: «Бяжым», гэта значыць, выключаем камеры і бяжым»

Здымкі прыпалі на час рэзкага ўзмацнення рэпрэсіяў, што адбівалася на працы і стала выпрабаваннем для ўсёй здымачнай групы.

У эпізодзе на плошчы Пераменаў першапачаткова планавалася, што людзі будуць танчыць пад мікс ад дыджэяў пераменаў Кірыла Галанава і Уладзіслава Сакалоўскага, якія былі б нібыта за пультам.

«Мы хацелі паказаць аптымістычную сцэну пра тое, што тыя беларусы, якія з’ехалі, вярнуліся дадому. Але здарылася гісторыя з Раманам Бандарэнкам, і гэта адразу змяніла кантэкст: плошча Пераменаў перастала быць месцам сілы і аптымізму, а стала месцам трагедыі, журбы і памяці. Зразумела, мы не маглі гэтага не ўлічваць, і перарабілі гэтую сцэну», – распавядае прадзюсарка фільму Ірына Чарняўка.

Калі пачыналася праца над фільмам, адбываўся моцны ўздым дваровага руху: людзі збіраліся разам, ладзілі імпрэзы, спектаклі, канцэрты. Апошнія сцэны фільму мелі адбывацца ў менскіх дварах. Але калі надышоў час здымак, пачаўся ціск на двары, зборы людзей пачалі разганяць сілавікі.

«ЧынЧыны ў краіне цудаў».
Фота: скрыншот з відэаё.

Падчас здымак у двары Новай Баравой міліцыянты на шасці машынах наразалі кругі ды выглядалі, як бы каго затрымаць. На пляцоўцы сабраліся 50–60 жыхароў, святочна апранутыя, з хлапушкамі, бенгальскімі агнямі ды тортамі. Шуму дадавалі запрошаныя барабаншчыкі. Каб сачыць за сілавікамі, мясцовыя выставілі пасты.

Узгадвае Андрэй Кашперскі:

«На здымках да нас падышоў хлопец, перарваў мяне, калі я тлумачыў людзям, што трэба рабіць у кадры, і сказаў: «Калі я скажу: «Бяжым», гэта значыць выключаем камеры і бяжым. Зразумела?»

«Ладна», – адказалі мы яму.

Выйшлі на пляцоўку, дзе людзі наразалі торт і разлівалі гарбату. Падышоў хлопец, з якім мы супрацоўнічалі, сказаў – усё добра, рыхтуйцеся. І літаральна праз хвіліну вярнуўся да нас і коратка сказаў: з камерамі за мной».

Фота: ТК / Белсат

Хвілінаў сорак пяць здымачная група правяла ў адной з кватэраў мясцовых жыхароў. Потым выйшлі ў двор і знялі эпізод.

«Гэта вельмі дзіўна і шалёна, што цябе могуць пабіць дубінкамі за тое, што ты здымаеш паяданне торта і танец людзей. Дух жыхароў Новай Баравой уражвае, гэта іншы свет, дзе жывуць прагрэсіўныя і гераічныя людзі, гатовыя змагацца за справядлівасць, за сябе і адзін за аднаго. Было прыемна зараджацца ад іх энергіяй. Яны маглі рабіць усё ў паўсілы, але кайфанулі ва ўсю моц», – кажа Андрэй Кашперскі.

«ЧынЧыны ў краіне цудаў».
Фота: скрыншот з відэа /Белсат

Здымачная група спрабавала зняць апошнія сцэны і ў іншых месцах, напрыклад, у двары каля Нацыянальнай бібліятэкі. Там сабраліся каля 50 чалавек, метраў за дваццаць ад іх стаялі два патрульныя, якія за ўсімі назіралі.

«Мясцовыя жыхары загадалі нам ісці на балкон і здымаць адтуль, бо ўнізе небяспечна. Мы так і зрабілі. Да патрульных падышла дзяўчына і запытала: можна, мы проста збяромся і паспяваем? Тыя адказалі: можна», – узгадвае Андрэй Кашперскі.

Жыхары спелі, здымачная каманда ўсё зняла, але ўвесь матэрыял быў забракаваны рэжысёрам.

«Я паглядзеў, што атрымалася, і мне стала вельмі крыўдна, бо матэрыял быў проста мёртвы. Хацелася, каб было адчуванне прысутнасці на імпрэзе, нібыта глядач сярод гэтых людзей, з усімі радуецца, есць торт і танчыць. Я зразумеў, што трэба браць камеру ды ісці здымаць проста ў двор. Таму мы не маглі доўга зняць гэты эпізод, бо была небяспека, што нас могуць затрымаць, і мы рызыкуем згубіць дарагое абсталяванне. Але ў выніку мы адзнялі гэтую сцэну так, як яна і мусіла выглядаць», – распавядае Андрэй Кашперскі.

«Фільм стаў спробаю дазволіць сабе марыць»

Андрэй Кашперскі заўважае: здымачная каманда не проста прафесійна выконвала сваю працу, але і стварала праект, якім ім хацелася ганарыцца.

«Мне вельмі пашанцавала з камандай. З нейкіх дзіўных прычынаў яны вырашылі мне не помсціць, не праклінаць на здымках. І чамусьці вырашылі працаваць па 16 гадзінаў, хоць маглі сказаць – усё, пацаны, мы сваю змену адпрацавалі, пакуль. Усе аб’ядналіся вакол праекту, і адчувалася, што для іх гэта было важна. Я ім вельмі ўдзячны за гэта. Асабліва тэхнічным супрацоўнікам, якія мужна выстаялі гэтыя змены з жахлівымі перапрацоўкамі», – распавядае Андрэй.

Кажуць, каб чагосьці дамагчыся, спачатку гэта трэба дэталёва ўявіць. Вось і каманда праекту паспрабавала візуалізаваць уласную мару пра новую Беларусь.

Фота: ТК / Белсат

«Канечне, усё будзе па-іншаму, наўрад ці па вуліцах Менску будуць ездзіць такія рэтра аўтобусы і таксі. Але наш фільм стаў спробаю дазволіць сабе марыць. Давайце ўявім, як мы можам жыць, і будзем рабіць усё, каб гэта стала рэальнасцю», – прапаноўвае Міхась Зуй.

Бо сапраўды: як раней, ужо ніколі не будзе – як трапна заўважыла ў сцэне на плошчы Пераменаў Ніна Багінская, адказваючы на пытанне чыноўнікаў, ці можна вярнуць усё назад, як было.

Глядзіце ў сераду, 13 студзеня, а 23:15 на «Белсаце» фільм «ЧынЧыны ў краіне цудаў».

Саша Праўдзіна Belsat.eu

«ЧынЧыны ў краіне цудаў». Фота: скрыншот з відэа / Белсат
Чын Чыны, Новы год, Белсат, фільм Белсату
«ЧынЧыны ў краіне цудаў». Фота: скрыншот з відэа / Белсат
Чын Чыны, Новы год, Белсат, фільм Белсату
«ЧынЧыны ў краіне цудаў». Фота: Белсат
Чын Чыны, Новы год, Белсат, фільм Белсату
Стужка навінаў