«Яны, канешне, вінаватыя, але не настолькі», – Лукашэнка пра затрыманых вагнэраўцаў


Аляксандр Лукашэнка 1 жніўня заслухаў даклад кіраўніка КДБ Валерыя Вакульчыка і старшыні Следчага камітэта Івана Наскевіча па сітуацыі з затрыманымі 33 баевікамі ПВК «Вагнэра». Лукашэнка заявіў, што яны «вінаватыя, але не настолькі», перадае «Беларусь-1».

Пасля справаздачы Вакульчыка кіраўнік дзяржавы адзначыў:

«Многія факты (вы мне пісьмова далажылі) цікавыя. Я гляджу, прымоўклі і нашы старэйшыя браты. Ужо не крычаць, што яны пасылалі гэтых хлопцаў у Стамбул. Ніякага Стамбула не было і быць не магло, як аказалася на паверку. Ясна, што ў гэтай групы былі іншыя мэты. І задача следства – высветліць гэтыя мэты».

Разам з тым Лукашэнка папрасіў следства быць акуратнымі з затрыманымі баевікамі.

«Яны, канешне, вінаватыя, але не настолькі, каб у дачыненні да іх прымаць нейкія жорсткія меры. Гэта жаўнеры. Ім загадалі – яны пайшлі. Разбірацца трэба з тымі, хто загадваў, хто іх сюды пасылаў», – сказаў ён.

Паводле слоў прэзідэнта, «гэта толькі першая група з 180 або 200 чалавек, якая планавалася да перакідкі ў Беларусь». Пры гэтым ён адзначыў, што інфармацыі аб папярэднім узгадненні прыезду групы з расейскім бокам – «поўнае глупства».

Лукашэнка падкрэсліў, што ўсе мерапрыемствы на тэрыторыі Беларусі з удзелам расейскіх вайскоўцаў, былых або дзейных, узгадняюцца з адпаведнымі ведамствамі.

«У нас дазвол толькі прэзідэнт можа даць на прыезд вайскоўцаў, на наведванне Беларусі. З тэхнікай, без тэхнікі, самалёты, верталёты і гэтак далей… Ніякіх дазволаў ніхто не даваў. Больш за тое, у нас выклікаюць сур’ёзныя сёння падазрэнні тыя мэты, якія сабе група намячала», – дадаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка таксама заявіў, што беларускі бок адкрыта для ўзаемадзеяння па сітуацыі, якая склалася.

«На хлусні мы палітыку не пабудуем. Перакрыкваючы адзін аднаго ў СМІ, пытанне не вырашым. Таму, калі ў кагосьці ёсць жаданне з расейцаў атрымаць дадатковую інфармацыю, мы заўсёды адкрытыя. Мы нічога не хаваем, але нам патрэбна праўда. Следства вядзе Следчы камітэт, аператыўнае суправаджэнне – за КДБ і міліцыяй. Падключайце людзей, калі вам трэба, аператыўнікаў. Працуйце акуратна. Але праўда павінна быць прадʼяўлена грамадству».

Што вядома пра затрыманне вагнэраўцаў

У ноч на 29 ліпеня беларускія сілавікі затрымалі 32 грамадзянаў Расеі, баевікоў ПВК «Вагнэра», у санаторыі «Беларусачка» пад Менскам. 33-га затрымалі ў Калінкавічах. Паводле СК, расейцы падазраюцца ў «арганізацыі масавых беспарадкаў» і праходзяць па адной справе з Сяргеем Ціханоўскім і Мікалаем Статкевічам, пры тым што Ціханоўскі знаходзіцца ў СІЗА з 29 траўня.

Пазіцыя расейскага боку палягае ў тым, што дадзеная група прыбыла ў Беларусь транзітам і накіроўвалася ў Стамбул. Уладзімір Пуцін правёў нараду Савету бяспекі, падчас якой выказаў надзею, што расейцы хутка будзе вызваленыя, а беспадстаўныя абвінавачванні – знятыя. МЗС Расеі, у сваю чаргу, назваў інфармацыю беларускіх уладаў «адыёзнай трактоўкай» сітуацыі. 1 жніўня прадстаўнікі консульскага аддзелу амбасады Расеі наведалі затрыманых.

КА belsat.eu

Стужка навінаў