«Яны хацелі запіхнуць нам штосьці ў задні праход»


Міліцыя мусіць зрабіць усё, каб народ яе палюбіў. Такі загад зрабіў Аляксандр Лукашэнка на калегіі Міністэрства ўнутраных справаў. Задача стварыць станоўчы вобраз у вачах беларусаў прагучала праз пару дзён пасля таго, як міліцыянты ў будынку суда моцна збілі двух актывістаў і журналіста.

Ужо як міліцыянты хуліганаў душылі-душылі, душылі-душылі… а людзі ўсё роўна міліцыю баяцца. Баяцца трапіць ні за што пад следства, баяцца атрымаць дубінай па галаве за ўдзел у мітынгу ці пікеце, баяцца таго, што супраць любога міліцыянта, а тым больш амапаўца, грамадзянін зусім безабаронны. З гэтым трэба штосьці рабіць.

«Вашая структура – нашая міліцыя – пранізвае ўсё грамадства. Вы пастаянна сутыкаецеся тварам у твар з народам. Па вашых дзеяннях судзяць пра ўладу ў цэлым», – даводзіць Аляксандр Лукашэнка.

Але змяняць кірункі працы міліцыі Аляксандр Лукашэнка лічыць непатрэбным. Варта проста больш усміхацца перад людзьмі.

«Міліцыянтаў трэба паважаць, у іх вельмі цяжкая праца», – мяркуе дзяўчына.

«Ужо і не такія яны агрэсіўныя. Але бываюць выключэнні з правілаў», – кажа мінак.

«Прыязджае падраздзяленне і проста нашых хлапцоў прэсуе», – кажа жыхар Менску.

«Нават па сацыяльных сетках разыходзілася, калі была гісторыя з чалавекам, якога пабілі ў метро», – узгадвае хлопец.

Апошняя рэзанансная гісторыя міліцэйскай жорсткасці адбылася ў панядзелак. Проста ў будынку сталічнага Фрунзенскага суда байцы АМАПу моцна збілі двух актывістаў і журналіста, які здымаў напад на відэа.

«Пачалі збіваць нас на працягу хвілін 20, паклалі нас тварамі ў падлогу, сталі па нас хадзіць, таптацца», – распавядае Павел Сяргей, збіты міліцыянтамі актывіст.

Далі не толькі нагамі па галовах, а яшчэ і шматмільённыя штрафы. Амапаўцаў ніяк не пакаралі.

«Гэта садысты, гэта антысацыяльныя элементы, гэта маргіналы і гэтак далей. Прыблізна такіх жа людзей набіраюць у АМАП», – мяркуе экс-палітвязень Зміцер Бандарэнка.

Паводле пацярпелых, міліцыянты білі іх з задавальненнем і ўсмешкамі.

«Гэта былі бясконца абразы, нейкія пагрозы незразумелага характару, звязаныя з гомасексуальнай тэмай. Пагрозы запіхнуць штосьці ў задні праход, яны былі вельмі ў гэтым зацікаўленыя, бясконца жартавалі на гэтую тэму», – дадае Павел Сяргей.

Кепскім жартам выглядае таксама інтэрв’ю камандзіра гэтых самых амапаўцаў, што выйшла на наступны дзень у часопісе «Спецназ». Байцоў дубіны і пісталета ён акрэсліў, як выключна інтэлігентаў.

«У нас каля 70% байцоў з вышэйшай адукацыяй. Ёсць заўзятыя тэатралы, гісторыкі, знаўцы выяўленчага мастацтва – напрыклад, акадэмічнага жывапісу XIX стагоддзя», – дзеліцца Дзмітрый Балаба, камандзір менскага АМАПу.

Іронія ў тым, што менавіта «тэатрал» Балаба некалькі гадоў таму камандаваў разгонам спектаклю «Свабоднага тэатру», калі і актораў, і гледачоў адправілі ў ізалятар. Такую працу амапаўцы называюць адданым выкананнем свайго баявога абавязку.

«А матэрыяльныя перавагі… яны, канешне, мусяць падмацоўвацца матэрыяльным забеспячэннем і сацыяльнай абароненасцю, але для працаўніка спецпадраздзялення гэта ўсё ж другасна», – пераконвае Мікалай Максімовіч, першы камандзір АМАП па Менскай вобласці.

Амапаўцы, як і іншыя сілавікі, за гады кіравання Лукашэнкі купілі цэлыя кварталы кватэраў у сталіцы праз ільготныя крэдыты. Некаторыя цынічна прызнаюцца, калі думаюць, што камера выключана.

«Чаму ты выбраў службу ў міліцыі?», – пытае журналістка.

«Таму што нічога рабіць не трэба, а грошы плацяць», – цешыцца міліцыянт.

Паводле статыстыкі, па колькасці міліцыянтаў і байцоў Унутраных войскаў на душу насельніцтва Беларусь адна з лідараў у свеце. І колькасць гэту Лукашэнка абяцаў не скарачаць.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Стужка навінаў