«Яны адчуваюць сваю беспакаранасць». Здзекі з затрыманых не спыняюцца


Падзеі гэтай гісторыі разгортваліся падчас разгону нядзельнага маршу ў Менску 11 кастрычніка. Людзі зноў выйшлі на мірны пратэст, а ў адказ атрымалі газ у вочы ды збіццё.

Спадарыні Ніне 61 год, яна ходзіць на мітынгі і пратэсты, бо лічыць гэта сваім грамадзянскім абавязкам. Жанчыне сорамна і крыўдна, што 26 гадоў ейнае пакаленне пражыло ў абыякавым стаўленні да падзеяў у краіне.

Спадарыні Ніне 61 год, яна ходзіць на мітынгі і пратэсты, бо лічыць гэта сваім грамадзянскім абавязкам.
Фота: архіў гераіні.

Вяртаючыся з нядзельнага маршу 11 кастрычніка, спадарыня Ніна ды іншыя асобы намагаліся дапамагаць маладзёнам, адбівалі іх ад амапаўцаў. Але ў выніку жанчына сама трапіла ў аўтазак.

«Ты нічога не можаш зрабіць, нікому не можаш дапамагчы»

«Лужына крыві была, разумееце? Лужына крыві на асфальце. Мы папросту не паспелі. Жанчыны беглі і крычалі: «Што вы робіце, спыніцеся!» Ён (маладзён. – Заўв. аўтара) ужо беспрытомны быў, а яны працягвалі збіваць. Пасля закідваюць яго ў бус, дзвярыма бразь – і з’ехалі», – прыгадвае здарэнне спадарыня Ніна.

І гэта быў не адзіны выпадак жорсткага затрымання, які бачыла жанчына ў той дзень. Сілавікі збівалі дручкамі і распылялі газ, каб адагнаць тых, хто намагаўся бараніць людзей.

Hавiны
«Я магла там лёгка памерці». Затрыманая доктарка – пра катаванні сілавікоў, якія ведаюць, «што ім нічога не будзе»
2020.11.10 17:10

У нейкую са спробаў адбіць у сілавікоў чалавека дасталася і спадарыні Ніне: ёй у твар трапіў газ. Але на гэтым жанчына моцна не канцэнтруе ўвагі, толькі з жалем кажа, што нікому так і не здолела дапамагчы: «Я вучыла сваіх дзяцей, што безвыходных сітуацыяў не бывае, трэба шукаць выйсце. А тут я сама апынулася ў становішчы, калі побач бачыш гэтае свавольства, гэты генацыд… І ты нічога не можаш зрабіць».

Спадарыню Ніну затрымалі ля Кальварыйскіх могілак пры зачыстцы людзей, якія ішлі невялікімі групамі. Кажа, тады нахлынулі эмоцыі: расплакалася, узняла рукі да неба і пачала сыпаць праклёнамі. У гэты момант яе схапілі пад рукі і павялі ў мікрааўтобус, дзе ўжо былі тры мужчыны пад аховаю пяці амапаўцаў.

«Праз хвілінаў пяць адчыняюцца дзверы, і ў бус цягнуць дзяўчыну – за ногі, за рукі… Яна ўся раскалмачаная была. Кінулі яе побач са мною», – згадвае жанчына.

«Смяюцца і адчуваюць беспакаранасць»

Аўтобус адразу ж крануўся з месца і паехаў у невядомым кірунку. Як кажа спадарыня Ніна, насупраць кожнага затрыманага сядзеў сілавік у балаклаве: «Бачныя ж толькі вочы. Дык вось у іх – звер!»

Было адчуванне, што за любую правіннасць, за што заўгодна гатовыя накінуцца. Тады спадарыня Ніна вырашыла злагодзіць атмасферу, перацягнуць увагу на сябе, мяркуючы, што на яе, кабету сталага веку, можа, рука не падымецца, а калі і падымецца, то ўжо ж пажыла на свеце.

«Звяртаюся: «Маладыя людзі, што вы будзеце рабіць у выпадку змены ўлады?» Пачула рогат: маўляў, улада не зменіцца. Вырашаю перайначыць пытанне: «Маладыя людзі, што вы будзеце рабіць, калі зменіцца ўлада? Бо рана ці позна яна зменіцца». На што яны зноў засмяяліся і адказалі: «Як працавалі, так і будзем працаваць», – апавядае спадарыня Ніна.

Намагалася жанчына паразмаўляць з імі і пра гвалт, учынены сілавікамі ў пачатку жніўня. «Яны пасмейваліся і казалі: «Вы бачылі, як гвалцілі і збівалі? Бачылі? Значыць, гэтага не было!» І працягнулі смяяцца. Уяўляеце, якую беспакаранасць яны адчуваюць?»

А вось на пытанне пра нянавісць да беларускай сімволікі, на якую сілавікі, як кажа нашая суразмоўца, кідаюцца, нібыта быкі, ім не было што адказаць. Як і на тое, чаму ж іх раздражняюць словы «Жыве Беларусь». Ці болей да спадобы было б, калі б людзі віталі адно аднаго выразам «Памрэ Беларусь»?

«Маўчалі як вады ў рот набраўшы. Відавочна, ідэолагі не дапрацоўваюць гэтага моманту», – адзначае спадарыня Ніна.

Тым часам аўтобус, якім везлі затрыманых, спыніўся ля аўтазака, і людзей пачалі перасаджваць у асобныя камеры. Пры гэтым, верагодна, старэйшы з аўтазака мэтанакіравана пацікавіўся пра жанчын, абразіўшы іх нецэнзурнымі словамі.

Гісторыі
«Падзякуйце, што сына вярнулі цэлым і жывым». Сям’ю затрыманага падлетка прызналі сацыяльна небяспечнаю
2020.11.21 08:58

«Адна сука філасофствавала, другая… І нешта сказаў цішэй, я не пачула, на жаль», – працягвае жанчына.

У аўтазаку спадарыня Ніна апынулася ў адным «стакане» з затрыманаю дзяўчынаю. Менавіта там яны бліжэй і пазнаёміліся.

«Яна мне запрапанавала ўзяцца за рукі», – прыгадвае чуллівы момант жанчына.

Праз нейкі час у дарозе ў камеры адчуўся недахоп кіслароду. Жанчыны закрычалі, каб далі паветра. На дзіва, ім улучылі вентыляцыю. Хаця, прызнаецца спадарыня Ніна, пасля таго, як цікавіліся выключна імі, не спадзявалася на такое.

«Я тут улада»

Аўтазак даставіў затрыманых у Заводскі РУУС сталіцы, дзе іх перадалі ў рукі міліцыянтам. Увесь працэс суправаджаўся абразамі і прыніжэннямі.

У нейкі момант жанчына пачала прасіць вывесці яе ў прыбіральню, але на ейную просьбу не звярталі ўвагі:

«Там былі дзве маладыя працаўніцы. Мне падавалася, што я мушу папрасіць жанчыну, і яна хутчэй мяне зразумее. Але я памылілася. «Абыдзешся» адказала мне адна, другая ж сказала «пачакаеш». Калі я ўжо не змагла трываць, проста ўстала і на ўсю залу, перад усімі затрыманымі ды міліцыянтамі, закрычала, што калі яны мяне не завядуць у прыбіральню, я зраблю ўсё, што трэба, і далей будзе ўсё роўна, як са мною паступяць».

Толькі так спадарыня Ніна дамаглася, каб праз нейкі час яе і яшчэ некалькі затрыманых вывелі ў прыбіральню.

Аб’ектыў
Як сілавікі спрабуюць запужаць народ
2020.11.24 22:22

Пасля афармлення перавялі ў актавую залу. Тут жа ў тэлевізары на сцяне круцілі адмысловыя ролікі, у якіх узвышалася асоба Лукашэнкі і гераізм сілавікоў. Пратэсту, кажа спадарыня Ніна, таксама была ўдзеленая ўвага, але выключна негатыўная.

Пасля затрымання – шпіталізацыя і суд

Позна ўвечары жанчыну адпусцілі з аддзялення міліцыі. Неўзабаве яна трапіла ў больніцу з апёкамі рагавіцы і дыхальных шляхоў: наступствы газавай атакі з боку сілавікоў.

Пасля выпіскі жанчыну выклікалі ў суд на разгляд справы паводле пратаколу за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Аднак пратакол адправілі на дапрацоўванне праз хібы і недакладнасці. Неўзабаве адбудзецца паўторны разгляд.

Hавiны
Мікалая Дзядка душылі падушкай, труцілі газам, збівалі і пагражалі гвалтам
2020.11.25 17:00

Што рабіць пацярпелым ад сілавікоў?

Каментуе грамадская актывістка Ксенія Фёдарава.

– Я б усё засведчыла і звярталася ў ААН. Ва Управе Вярхоўнага камісара ААН у пытаннях правоў чалавека сапраўды дапамагаюць, збіраюць інфармацыю і перадаюць у Камісію правоў чалавека. Безумоўна, павінен быць медычны агляд і фіксацыя. Трэба працаваць з праваабаронцамі і юрыстамі. Дакладна не пакідаць пытання.

Таксама раяць заяўляць у Следчы камітэт. Навошта?

– Каб злачынствы фіксаваліся. Нават калі справе не далі хады. Мабыць, прыйдзе час – і ўсё будзе зафіксавана. Гэта дапаможа знайсці адказных.

Але некаторыя баяцца ціску праз заявы ў Следчым камітэце…

– Я камунікавала з ахвярамі, якія пацярпелі: яны вельмі запужаныя. Тут пытанне псіхалагічнай і юрыдычнай дапамогі. Гэта калі дзяўчыну гвалцяць і кажуць: «Толькі паспрабуй каму распавядзі – табе будзе дрэнна». Ахвяра зазвычай баіцца, каб не было яшчэ горш. Гэта трэба максімальна асвятляць, каб вінаватыя людзі зазналі адказнасць. Чым больш замоўчваюць, тым больш сілавікі звярэюць. Такая прымітыўная псіхалогія.

Людзі не пакідаюць гэтага, шукаюць праўды. Няхай злачынцы адказваюць.

Hавiны
Дэпутат гарсавету патрабуе расследаваць гвалт
2020.11.25 22:36

Ці ўдасца распачаць справу пазней, калі пацярпелы сабраў усе дакументы, але не занёс іх у Следчы камітэт?

– На 100 % упэўненая, што гэтага хопіць, каб распачаць справу ў будучым.

Дакументы, неабходныя для распачынання справы аб гвалце:

  1. даведка з больніцы (паліклінікі, прыватнай клінікі) з пацвярджэннем траўмаў;
  2. любы дакумент, які пацвярджае затрыманне ці зняволенне.

Форму заявы дасць орган, куды вы звяртаецеся (Следчы камітэт ці пракуратура).

Хрысціна Чарняўская, Дзіяна Раткевіч, Belsat.eu

Стужка навінаў