Янукевіч выйшаў з праймерыз услед за Севярынцам

Партыя БНФ заявіла пра выхад з праймерыз аб’яднанай апазіцыі, падчас якіх вылучалі адзінага кандыдата на прэзідэнта. Такую заяву 17 сакавіка апублікаваў намеснік старшыні ПБНФ і ўдзельнік кампаніі народнага галасавання Аляксей Янукевіч.

https://www.facebook.com/alaksej.janukevich/posts/10215870556212878

У заяве адзначаецца, што «першыя сустрэчы ў рэгіёнах засведчылі карыснасць і важнасць Народнага галасавання, прадэманстравалі мабілізацыю дэмакратычнага актыву ды ўвагу грамадства, выклікалі надзею ды надалі аптымізму». Але ў апошнія дні канфлікт паміж прадстаўнікамі правацэнтрысцкай кааліцыі «абвастрыўся да такой ступені, што перакрэсліў усе дасягненні сумеснай працы папярэдніх тыдняў ды фактычна разбурыў адзінства сярод арганізатараў ды ўдзельнікаў Народнага галасавання».

Праймерыз: сцэнар зламаны, прыйшлі няправільныя выбарцы

ПБНФ заклікае сустаршыню БХД Паўла Севярынца перагледзець ды скасаваць сваё рашэнне аб выхадзе з працэдуры праймерыз, а сустаршыню «Руху за свабоду» Юрася Губарэвіча – «даць усім удзельнікам працэсу ды грамадскасці вычарпальныя тлумачэнні адносна таго, якім чынам і праз якія каналы быў арганізаваны ўдзел і галасаванне за Юрыя Губарэвіча падазроных удзельнікаў на сходах Народнага галасавання ў Драгічыне, Пінску і Століне».

Пакуль жа Партыя БНФ заяўляе аб сваім выхадзе з дамовы аб праймерыз, а таксама аб выхадзе свайго кандыдата Аляксея Янукевіча з працэдуры Народнага галасавання з 10:00 17 сакавіка.

Пры гэтым ПБНФ заяўляе аб сваёй гатовасці неадкладна і без дадатковых умоваў вярнуцца ў працэс праймерыз, калі канфліктуючыя бакі здолеюць знайсці паразуменне і прозвішча Паўла Севярынца вернецца ў спіс для галасавання па кандыдатурах на адзінага кандыдата. Таксама партыя заклікае запрасіць да ўдзелу ў народным галасаванні Ганну Канапацкую.

Праймерыз прыпыняецца. Севярынец адмаўляецца ад далейшага ўдзелу

17 сакавіка з праймерыз выйшаў лідар гонкі Павел Севярынец. Свае рашэнне ён патлумачыў нежаданнем астатніх удзельнікаў адмяніць праз каронавірус сустрэчу ў Баранавічах, а таксама ўдзелам чыноўнікаў у галасаванні ў Пінску, Століне ды Драгічыне. Нягледзячы на гэта, БХД у праймерыз засталася, хоць і без свайго кандыдата.

МГ belsat.eu

Hавiны