«Яндэкс»: Перадачы звестак украінскіх вайскоўцаў Расеі не было


Кампанія заяўляе, што зоймецца юрыдычнай абаронай сваёй каманды.

Кампанія «Яндэкс» зняпраўдзіла інфармацыю пра перадачу персанальных звестак пра ўкраінскіх вайскоўцаў у Расею, у чым яе падазрае Служба бяспекі Украіны.

Пра гэта кампанія заяўляе ў дакуменце, які дасылае медыям. Адзін з такіх лістоў атрымала па электроннай пошце рэдакцыя ТСН.

«Яндэкс» запэўнівае, што ані ў супрацоўнікаў, ані ў кіраўніцтва ўкраінскага падраздзялення кампаніі не было доступу да персанальных звестак карыстальнікаў.

Абарона персанальных звестак нашых карыстальнікаў у краінах, дзе мы прадстаўляем сэрвісы – найвышэйшы прыярытэт. У прыватнасці, для забеспячэння гэтага, звесткі пра карыстальнікаў абязлічаныя і ананімныя. Існуюць строгія законныя працэдуры, паводле якіх праваахоўныя органы могуць звярнуцца ў кампанію з патрабаваннем раскрыць тыя ці іншыя дадзеныя – але на гэта павіннае быць адпаведнае рашэнне суда, і сама кампанія павінная палічыць яго абгрунтаваным. Ніякай перадачы звестак, у якой абвінавачваюць «Яндэкс», не было, – піша кампанія.

Кампанія кажа, што ўчыніць «неабходныя юрыдычныя дзеянні» для абароны сваёй каманды.

ДД

Стужка навінаў