Янчэўскі: Лукашэнка «перагарнуў» крымінальную справу Цапкалы


Дырэктар Парка высокіх тэхналогіяў Усевалад Янчэўскі ў інтэрв’ю тэлеканалу ОНТ распавёў пра крымінальную справу, фігурантам якой быў заснавальнік ПВТ, былы прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі Валер Цапкала.

Янчэўскі пацвердзіў словы вядоўцы пра тое, што Цапкала ў свой час «стаяў на парозе турэмнай камеры». Але, паводле яго, гаворка ішла не толькі пра Цапкалу, а пра буйную справу адной з фірмаў.

«Там былі вельмі сурʼёзныя падатковыя парушэнні, якія, дарэчы, яны потым самі прызналі і кампенсавалі. Былі тады матэрыялы і па Цапкале. Я тады непасрэдна прасіў кіраўніка дзяржавы ад імя IT-супольнасці, вобразна кажучы, «перагарнуць старонку». Я сам прасіў проста для таго, каб нейкае другое дыханне атрымала гэтая галіна. Для таго, каб інвестары глядзелі і бачылі, што тут усё спакойна, стабільна, што тут вельмі добрае стаўленне, каб хлопцы новыя нічога не баяліся і не апасаліся. І прэзідэнт гэта падтрымаў», – адзначыў Усевалад Янчэўскі.

Агулам, паводле яго, ПВТ стаў прывабным таму, што «былі прынятыя рашэнні прэзідэнтам».

Янчэўскі падкрэсліў, што гаворка не толькі пра дэкрэт пра стварэнні парку, але «і пра іншыя рашэнні і даручэнні, якія ім прымаліся для таго, каб стварыць вакол Парка выдатную, спакойную атмасферу»

«Натуральна, гэта яго воля. Хто падпісаў гэтыя дэкрэты, і першы, і другі? Кіраўнік дзяржавы! Любы нармальны чалавек паглядзіць на тое, чые гэта рашэнні былі, чый подпіс і воля. Я вось дырэктар, што я б зрабіў, калі б не было рашэнняў прэзідэнта?» – падкрэсліў дзейны кіраўнік ПВТ.

Hавiны
Валерый Цапкала пакінуў Беларусь і вывез дзяцей
2020.07.24 13:59

Першым дырэктарам Парку высокіх тэхналогіяў і адным з ініцыятараў яго ўтварэння быў Валер Цапкала, які кіраваў ПВТ да 2017 года. У 2020 годзе ён абвясціў пра свае прэзідэнцкія амбіцыі, але не быў зарэгістраваны ЦВК. Баючыся магчымага арышту, ён з’ехаў у Расею, а ягоныя жонка стала адной з лідарак штабоў, якія аб’ядналіся вакол Святланы Ціханоўскай.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў