«Яна ж уся абасраная!» Лукашэнка абараніў кароў ад чыноўнікаў


Тэлеканал ОНТ паказаў, як 26 сакавіка Лукашэнка наведаў ферму аграхолдынгу «Купалаўскае», што ў Шклоўскім раёне. Вынікам паездкі стала звальненне кіраўніцтва Магілёўскай вобласці.

«Навошта вы мяне сюды прывезлі? Каб я зараз службе бяспекі даручыў надзець вам кайданкі, і Качанаву [кіраўніцу Адміністрацыі прэзідэнта Наталлю Качанаву. – Заўв. belsat.eu] следам туды? Анфімава [старшыню Камітэту дзяржкантролю Леаніда Анфімава. – Заўв. belsat.eu] як мінімум выганю з працы. Калі чалавек не разумее, што гэта Асвенцім, а вы яго ставіце кіраўніком холдынгу – я вас зусім не разумею», – заявіў кіраўнік дзяржавы у размове з міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання Леанідам Зайцам, паказваючы на «ледзь жывую» карову.

«Тут павінна быць чыста і суха. Яны [каровы. – Заўв. belsat.eu] ж гадзяць адна на адну, стаяць адна на адной. Тут павінен стаяць чалавек і ўвесь час чысціць. Ты паглядзі на гэтую скаціну! Яна ж уся абасраная, ў поўсці закарэла ўсё», – сказаў Лукашэнка.

Пасля гэтага ён даручыў падрыхтаваць указы адносна звальнення міністра сельскай гаспадаркі і харчавання, старшыні Магілёўскага аблвыканкаму і памочніка прэзідэнта па Магілёўскай вобласці. Ён таксама запатрабаваў падрыхтаваць спіс чыноўнікаў, якія кантралюць сітуацыю ў холдынгу. «Усіх пад нож, усіх да аднаго», – даручыў кіраўнік дзяржавы.

Абноўлена
Даманеўскі звольнены. Лукашэнка зладзіў кадравы разнос на Магілёўшчыне
2019.03.26 14:25

Нагадаем, што па выніках наведвання холдынгу старшыня Магілёўскага аблвыканкаму Уладзімір Даманеўскі быў адхілены ад пасады, прадстаўнік прэзідэнта на Магілёўшчыне Генадзь Лаўранкоў паніжаны ў пасадзе і зойме месца старшыні Шклоўскага райвыканкаму. Часовым выканальнікам абавязкаў старшыні Магілёўскага аблвыканкаму прызначаны Мікалай Кароцін, які быў першым намеснікам Даманеўскага. Экс-старшыня Шклоўскага райвыканкаму Васіль Віцюнаў зойме пасаду кіраўніка аграхолдынгу «Купалаўскае».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў