«Яна такая малайчына!» Вынеслі прысуд маладзёнам, якія размалявалі шчыты АМАПу на маршы ў Менску


Каля Кастрычніцкага суда.
Фота: «Белсат»

Суд Кастрычніцкага раёну Менску 22 студзеня вынес прысуд маладым пратэстоўцам Сафіі Малашэвіч і Ціхану Клюкачу. Пра гэта паведамляе карэспандэнт «Белсату».

Сафія атрымала два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, Ціхан – год і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Менавіта такое пакаранне прасіла пракурор Ульяна Рудніцкая. З ім цалкам пагадзілася суддзя Вольга Няборская.

Малашэвіч і Клюкача вінавацілі ў тым, што яны распісалі балончыкамі шчыты сродкаў загароды на акцыі пратэсту 6 верасня (ч. 2 арт. 339 КК), а таксама бралі ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК). Акрамя таго, Сафіі выставілі абвінавачанне ў публічнай абразе прэзідэнта (арт. 368 КК).

Hавiны
Паўтара і два гады зняволення пагражае 18-гадовым маладзёнам, якія распісалі «Рубяжы». Абодва прызналі сваю віну
2021.01.21 19:49

«Я лічу, што пакаранне не адпавядае цяжкасці здзейсненага правапарушэння. Я буду абскарджваць гэтае рашэнне», – паведаміў Максім Агееў, адвакат Сафіі Малашэвіч.

Разгляд справы 18-гадовых Сафіі Малашэвіч і Ціхана Клюкача. 21 студзеня 2021 года.
Фота: «Белсат»

Паштальёнка Ларыса Танкашкур, якую нядаўна асудзілі на 3 месяцы за распаўсюд асабістых звестак міліцыянтаў, кажа пра Сафію:

«Яна такая малайчына! Мы разам сядзелі некалькі содняў, спявалі песні, вершы чыталі. Яна вучыла нас Крымінальнаму кодэксу і казала, што нікуды не з’едзе».

Hавiны
Паштальёнцы, якая «зліла» звесткі міліцыянтаў, далі 3 месяцы арышту
2021.01.22 11:57

Знаёмыя казалі пра Сафію як пра цудоўную дзяўчыну, якая прачытала велізарную колькасць літаратуры ды ведае замежныя мовы. На першы погляд яна можа здацца дзёрзкай, але гэта памылковае ўражанне, кажуць людзі, якія прыйшлі падтрымаць дзяўчыну ў судзе.

6 верасня асуджаныя размалявалі фарбаю шчыты сістэмы «Рубеж» на маршы да Палацу незалежнасці. Апошнія некалькі месяцаў Сафія Малашэвіч правяла ў СІЗА ў Жодзіне.

Разгляд справы 18-гадовых Сафіі Малашэвіч і Ціхана Клюкача. 21 студзеня 2021 года.
Фота: «Белсат»

МГ, belsat.eu

Стужка навінаў