Яна сустракалася з дзецьмі, маці і прадстаўнікамі народу рома

Звычайна пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка ажыццяўляе свае кадравыя ратацыі, з’яўляюцца тэксты двух жанраў – палітычнага прывітання і палітычнага некралога. У першым выпадку звяртаецца ўвага на біяграфію таго, хто прыйшоў. У другім жа распавядаецца, якім ён хлопцам быў.

У нашым выпадку гаворка ідзе не пра хлопца, а пра даму, але гэта не адзінае адрозненне.

Hавiны
З контрвыведкі ў Адміністрацыю. Галоўнае пра генерал-маёра Ігара Сергяенку
2019.12.05 16:43

Уплыў той ці іншай асобы ў беларускім палітычным істэблішменце вызначаецца зусім не пасадай, якую яна займае. Напрыклад, ні для каго не сакрэт, што Міхаіл Мясніковіч усе гэтыя гады працаваў Міхаілам Мясніковічам. Гэта значыць, у апошні раз яго прыбралі з пасады кіраўніка Адміністрацыі пасля выбараў 2001 года, калі проста выкінулі з сістэмы, прызначыўшы памочнікам прэзідэнта, што было проста дзікім паніжэннем статусу. Але ўжо хутка апамяталіся, прызначылі ў галоўныя акадэмікі – і вось мы маем ужо і беларускі спадарожнік, і беларускую АЭС, і некаторыя іншыя гэтак жа дарагія праекты. Далейшы ж лёс Міхаіла Уладзіміравіча можна прасачыць па афіцыйнай біяграфіі, якая, мяркуючы па ўсім, усё яшчэ не дапісаная. Такія людзі ў адстаўку не сыходзяць.

Экс-кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава

Лёс Наталлі Качанавай складзецца надалей не так светла. «Лямпачку Міхаіла Уладзіміравіча» ёй не запальваць, паколькі другую АЭС беларускі бюджэт не пацягне, ды і з першай, мяркуючы па ўсім, мы да гэтага часу не ведаем, што рабіць. Аднак вось пра тое, якое месца спадарыня Качанава заняла ў найноўшай беларускай гісторыі, паразмаўляць варта.

У той «адлігі», якая завяршаецца на нашых вачах у снежні 2019 (ледзь было не напісаў – 2010 года, але своечасова апамятаўся і выправіў дату), ёсць бацька – Уладзімір Макей – і маці – Наталля Качанава. Першы зрабіў усё, каб адагрэць ўяўленне аб беларускім рэжыме на міжнароднай арэне, другой прыйшлося ствараць максімальна людскае аблічча ўлады на сцэне ўнутранай.

Яна сустракалася з дзецьмі, маці і прадстаўнікамі народа рома, – прычым у той момант, калі напружанасць, здавалася б, пачынала зашкальваць. Але вось з’яўлялася кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта – і ўсё разрульвалася, змякчалася, забывалася.

Яна не кіравала ў «вялікую палітыку», але некаторыя з «ейных» кадраў выглядалі зусім не гэтак адыёзна, як быццам «не ейныя». Яны ўмелі гаварыць на беларускай мове, былі дастаткова маладымі – і пры гэтым не выклікалі рэзкага адмаўлення, нават калі прыязджалі ў сталіцу на павышэнне з Магілёва.

Hавiны
Магілёўскія чыноўнікі папрасілі прабачэння ў цыганоў
2019.05.23 17:09

Магчыма, Наталлі Іванаўне проста пашанцавала. У рэшце рэшт, той склад «палітбюро» (у вузкім коле, да чыйго меркавання сапраўды прыслухоўваецца Лукашэнкі), з якім прэзідэнт зараз – напярэдадні новай перадвыбарчай кампаніі – пачаў расставацца, апынуўся найбольш фемінізаваным; у яго трапілі адразу тры жанчыны, і спадарыня Качанава займала найбольш статутнае месца.

Але цяпер, напярэдадні выбараў, думаюць не столькі пра выраз аблічча улады, колькі пра захаванне ўлады як такой. А таму, як ужо адзначылі калегі, дастаткова мяккую і зручную ў палітычным побыце жанчыну замянілі генералам КДБ. Яе перасунулі ў Савет Рэспублікі. Які пост яна там зойме – залежыць ад волі асобы, якая прызначыла яе туды.

Адміністрацыя прэзідэнта Беларусі. Фота Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Аднак, паўтаруся, Мясніковіч працягвае працаваць Мясніковічам. У гэтым яго ўплыў. Рэальнае ўнутрыпартыйнае значэнне Качанавай, напэўна, стане меншым ужо таму, што яна значна радзей будзе кантактаваць з прэзідэнтам. Аднак калі яна захаваецца ў складзе «палітбюро» і на новай пасадзе, значыць, нейкія змены ў сістэме ўжо адбыліся. Бо да гэтага часу «лібералаў ад улады» проста выкідвалі ў палітычны нябыт. Ну, ці адпраўлялі амбасадарамі – куды-небудзь.

Зрэшты, паслаць у нас ніколі не позна.

Аляксандр Фядута/АА belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў