«Яна была вельмі далёкая ад палітыкі». Што вядома пра палітзняволеную Алену Карагачаву


Алена Карагачава, фігурантка «справы Белгазпрамбанку», была затрыманая 1 ліпеня. Цяпер яна знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Праваабаронцы прызналі жанчыну палітычнай зняволенай. Belsat.eu распавядае, як Алена Карагачава трапіла ў каманду Віктара Бабарыкі і што вядома пра яе справу на дадзены момант.

Як распавёў belsat.eu муж палітычнай зняволенай Ігар, Алена Карагачава працавала разам з Віктарам Бабарыкам у «Белгазпрамбанку» амаль 20 гадоў.

«Была спачатку сакратаром, потым сакратаром-рэферэнтам, асабістай памочніцай. Як вядома, калі Віктар Дзмітрыевіч вырашыў балатавацца ў прэзідэнты, ён напісаў заяву на звальнення. Усё адбылося вельмі раптоўна, за два дні: сёння Віктар Дзмітрыевіч абвесціў, што будзе балатавацца, а на наступны дзень ён звольніўся з банку. Разам з ім звольнілася і Алена», – успамінае Ігар.

Алена Карагачава. Фота з сямейнага архіву

Ігар прызнаецца: Алена ніколі не ўдзельнічала ў палітычным жыцці краіны. Нават на выбарах не галасавала, імаверна, гадоў дзесяць.

«Яна была вельмі далёкая ад палітыкі, палітыкай зусім не цікавілася», – кажа ён.

Калі Алена Карагачава працавала асабістай памочніцай Бабарыкі, у яе функцыі ўваходзіла арганізацыя сустрэчаў, перамоваў, камандзіровак, падрыхтоўка графіку на дзень.

«З фінансавай дзейнасцю яна звязаная ніколі не была, не мела да гэтых справаў доступу», – падкрэслівае муж Алены.

Фактычна тыя ж функцыі сакратара-рэферэнта яна выконвала ў перадвыбарчым штабе Бабарыкі. Алена Карагачава была сябрам ініцыятыўнай групы, але, напрыклад, у зборы подпісаў за вылучэння ў прэзідэнты амаль не ўдзельнічала. Ігар кажа, што яны з Аленай нават не маглі ўявіць сабе, што ўдзел у працы перадвыбарчага штабу Бабарыкі можа прывесці да крымінальнага пераследу.

Алена Карагачава. Фота са старонкі VK

Прыкладна за два тыдні да арышту Алену Карагачаву выклікалі на допыт у Дэпартамент фінансавых расследаванняў. Пра што ішла гаворка падчас допыту Ігар не ведае – жонка давала падпіску аб неразгалошванні. Але тады яе адпусцілі.

«1 ліпеня Алена мне пазваніла ў 16:55, – успамінае муж пра дзень затрымання, – Яна сказала, што знаходзіцца ў горадзе і ўжо збіраецца ехаць дадому. Я адказаў, што ператэлефаную ёй каля 19:00. Я пазваніў у 19:20 прыкладна, але слухаўку ўжо ніхто не браў. Набіраў раза 3-4. А потым мне ператэлефанаваў следчы і сказаў, што яна затрыманая паводле падазрэння ў нявыплаце падаткаў. Якія былі першыя думкі, эмоцыі? Я быў проста ў шоку! Ды пра якія наагул падаткі ідзе гаворка? Я проста не разумеў, у чым пытанне!»

8 ліпеня ў кватэры Карагачавай адбыўся ператрус.

Алена Карагачава. Фота са старонкі VK

«Нічога не знайшлі і не забралі, – кажа Ігар, – Шукалі камп’ютэры, ноўтбукі, планшэты – карацей, інфармацыйныя носьбіты. У нас нічога гэтага не было. Яна ж працавала сакратаркай, яе камп’ютар знаходзіўся ў банку. А дома яна ніколі камп’ютарам не карысталася. Хіба што з планшэту чытала мастацкую літаратура, пераважна па-ангельску (Алена скончыла МДЛУ і добра ведае ангельскую мову – заўв. belsat.eu)».

Першую перадачу сваякі перадалі ў СІЗА КДБ 6 ліпеня, а 8 ліпеня атрымалі ад Алены першы ліст.

«У гэтым лісце яна просіць не турбавацца, кажа, што ўмовы ўтрымання дапушчальныя. Скаргаў на стан здароўя няма. Супакойвае ўсіх сваякоў: маўляў, усё будзе добра, усё наладзіцца», – распавядае муж.

Учора, 9 ліпеня, адвакат Алены Карагачавай паведаміў СМІ, што ягонай падабароннай выстаўлена абвінавачванне. Алена сваю віну не прызнае. Паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса («Ухіленне ад выплаты сумаў падаткаў і збораў, што пацягнула шкоду ў асабліва буйным памеры») жанчыне пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі.

Белгазпромбанк.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Ігар кажа, што яго цяпер падтрымліваюць прадстаўнікі перадвыбарчага штабу Бабарыкі, званіла са словамі падтрымкі таксама дачка патэнцыйнага кандыдата Марыя. Падтрымліваюць яго і калегі – дарэчы Ігар працуе ў адміністратыўна-кантрольным аддзеле «Белгазпрамбанку».

«На працы ўсе ў шоку, ніхто не разумее, пра якія падаткі ідзе гаворка», – дадае ён.

Hавiны
ОНТ: экс-кіраўнік «Белгазпрамбанку» Кірыл Бадзей дае паказанні супраць Віктара Бабарыкі
2020.07.09 23:04
  • Патэнцыйны кандыдата ў прэзідэнты Віктар Бабарыка і ягоны сын Эдуард былі затрыманыя 18 чэрвеня ў межах «справы Белгазпрамбанку». Яны цяпер знаходзяцца ў СІЗА КДБ. Віктару Бабарыку выстаўлена абвінавачванне паводле ч. 2 арт. 235 («адмыванне» сродкаў, атрыманых злачынным шляхам), ч. 2. арт. 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў, якое пацягнула шкоду ў асабліва буйным памеры) і ч. 2 арт. 431 (дача хабару паўторна ў асабліва буйным памеры) КК Беларусі. Эдуарда Бабарыку вінавацяць паводле ч. 2 арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры). Агулам у межах справы затрыманыя больш за 20 чалавек.
  • За шэсць дзён да затрымання Бабарыкі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ягоны апанент на выбарах датычны да злачыннай дзейнасці топ-менеджараў «Белгазпрамбанку». Адначасова старшыня КДК Іван Тэртэль заявіў, што мае «пераканаўчыя доказы» датычнасці Бабарыкі да супрацьпраўнай дзейнасці кіраўніцтва «Белгазпрамбанку». Паводле старышні КДК, «фактычна на базе банку імі была створана арганізаваная злачынная група, якая ажыццяўляла вывад грашовых сродкаў на тэрыторыі замежных дзяржаваў». На той момант ніякага працэсуальнага статуса ў гэтай справе Бабарыка яшчэ не меў. Ужо пасля арышту Тэртэль заявіў, што за дзейнасцю Бабарыкі стаялі «лялькаводы ў «Газпроме», а, можа быць, і вышэй».
  • Дэталі абвінавачванняў супраць Віктара Бабарыкі і ягоных паплечнікаў невядомыя. Адвакаты звязаныя падпіскай аб неразгалошванні і не могуць называць журналістам нават канкрэтныя артыкулы КК. Аднак у сюжэтах дзяржаўных СМІ сцвярджалася, што гаворка ідзе пра бізнес-схемы з удзелам кампаніі «ПрыватЛізінг». Фірма прадавала насельніцтву тавары ў растэрміноўку або лізінг і разлічвалася з прадаўцом за гэтыя тавары за кошт крэдытных рэсурсаў банка. Паводле КДБ, за гэта кіраўніцтва банку нібыта атрымлівала «адкаты», якія выводзіліся ў афшоры. Сам Бабарыка незадоўга да свайго арышту ахарактарызаваў стасункі «ПрыватЛізінгу» з банкам як «партнёрскую экасістэму» і сцвярджаў, што ў іх сумесных праектах не было нічога незаконнага.
  • Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала Віктара Бабарыку і ягонага сына Эдуарда вязнямі сумлення. Беларуская праваабарончая супольнасць таксама прызнала палітвязнямі фігурантаў «справы Белгазпрамбанку» Святлану Купрэеву, Дзмітрыя Караку, Алену Карагачаву і Уладзіміра Дударава.
Артыкулы
Падпалкоўнік, былы памежнік, вучыўся ў Акадэміі ФСБ. Што вядома пра палітвязня Дзмітрыя Караку
2020.07.09 18:49

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў