Ян Маліцкі: «Праграму Каліноўскага не зліквідавалі». Колькі прынялі студэнтаў летась?


Чаму Польшча не прызнала БНР 100 гадоў таму ды якія дзве лініі рэалізоўвае Варшава сёння ў дачыненнях з Менскам? Пра сітуацыю ў нашым рэгіёне, дзе перамагае Пуцін і дзе мы святкуем Парад незалежнасці – у інтэрв’ю Аліны Коўшык з польскім гісторыкам, дырэктарам «Студыюм Усходняй Еўропы» Варшаўскага ўніверсітэту Янам Маліцкім.

«Белсат»: Спадар дырэктар, хацелася б звярнуцца да апошніх падзеяў. Даля Грыбаўскайце і Анджэй Дуда не павіншавалі Уладзіміра Пуціна з перамогаю на прэзідэнцкіх выбарах. Што гэта азначае?

Ян Маліцкі: Гэта азначае дзве рэчы адначасова. Першая: гэтыя дзве асобы з усяго Еўрапейскага Звязу вырашылі вельмі моцным спосабам, рашучым чынам аднесціся да падзеяў, што адбыліся ў Вялікай Брытаніі. Бо гаворка ідзе не толькі пра выбары, але і пра справу атакі ў Англіі. Другая заўвага, што толькі два гэтыя прэзідэнты вырашылі парушыць дыпламатычны звычай. Бо гэта дыпламатычная традыцыя – ці любіш кагосьці, ці не, але трэба віншаваць з вынікамі выбараў. Хіба што ёсць вельмі яўныя доказы фальшавання. Тут такіх выпадкаў з боку міжнародных камісіяў няма. Такія мае заўвагі.

Ці мы можам казаць пра тое, што ў нашым рэгіёне можа стварыцца агульная палітыка адносна Расеі паміж Польшчаю, Літвою, і ці мы можам выступаць агульным фронтам супраць расейскай агрэсіі, у тым ліку інфармацыйнай?

На жаль, такога агульнага фронту няма.

Магчыма, у гэты момант мы назіраем аб’яднанне гэтых сілаў пасля візіту прэзідэнта Дуды ў Вільню, пасля візіту прэм’ера Польшчы Маравецкага ў Вільню і спатканняў з прэм’ерамі трох балцкіх дзяржаваў. Гэта можа азначаць сапраўды нейкую большую каардынацыю, але дасюль гэтага не было.

Нягледзячы на тое, што мы назіраем вельмі адназначную моцную пагрозу з боку Расеі – усе гэтыя тры дзяржавы Балтыі ў найбольшай небяспецы. Да гэтага моманту перамагалі польска-літоўскія спрэчкі. У маім перакананні Літва перабывае ў вялікай небяспецы і на захадзе мае толькі Польшчу, адзіную еўрапейскую дзяржаву.

Мы назіраем інтэнсіфікацыю польска-літоўскіх стасункаў. А што са стасункамі паміж Польшчаю ды Беларуссю? У Польшчы не так даўно была рэканструкцыя ўраду, змяніўся міністр замежных справаў, цяпер гэтую ролю выконвае Яцэк Чапутовіч. Пакуль вымоўных жэстаў адносна Беларусі ён не выканаў, але чаго мы можам чакаць на польска-беларускім «падворку»?

Пытанне ў тым, пра які дакладна «падворак» ідзе гаворка. Калі мы думаем пра Беларусь, то ведаем, што гаворка ідзе пра дзве лініі. Першая – лінія афіцыйнага ўраду Беларусі, то бок фармальных, дзяржаўных адносінаў паміж Польшчаю ды Беларуссю, якія папярэдні міністр замежных справаў вельмі ажывіў. Я б сказаў нават, што гэтыя адносіны былі супакоеныя: быў візіт міністра, быў візіт тагачаснага віцэ-прэм’ера – цяпер прэм’ер Маравецкі, візіт віцэ-маршалка Сенату – усё гэта вельмі моцна каментавалі ў Польшчы.

У Беларусі таксама.

Так, пачаліся афіцыйныя кантакты. Было кіраўніцтва беларускага парламенту ў Варшаве. Я быў сведкам гэтага візіту. То бок вярнуліся афіцыйныя адносіны, але гэта адзін бок. У гэтым пытанні, на гэтым «падворку» я думаю, што няма прычынаў да зменаў.

То бок будзе трымацца тая самая лінія?

Абвастрэння стасункаў не будзе. Я лічу, што надалей будзе трымацца лінія залагоджвання, адносіны з Лукашэнкам будуць падтрымлівацца. Адзіны бок, які можа гэта зліквідаваць, – сам Лукашэнка. Ён вельмі хутка можа прывесці да зрыву афіцыйных адносінаў.

Але, калі мы кажам пра Беларусь, заўсёды ёсць другі бок. Другі бок «падворку» – незалежны асяродак і беларуская апазіцыя. Польшча цягам 12 гадоў, з 2006 года, вельмі моцна грае на абодвух фартэпіянах. На афіцыйным фартэпіяна, бо адносіны ўвесь час утрымліваюцца, а цяпер і вельмі ажывіліся. І адначасова – хоць у розным маштабе, – але Польшча найбольш у Еўропе падтрымлівае апазіцыйныя і незалежныя цэнтры ў Беларусі.

Вы дырэктар «Студыюм Усходняй Еўропы», пры якім ёсць дзве вялізныя праграмы, што датычаць Беларусі. Гэта праграма Каліноўскага, што дзее ўжо цягам шматлікіх гадоў, што адукавала вельмі шмат беларускіх студэнтаў, якія не змаглі скончыць сваё навучанне ў Беларусі.

Больш за 200 выпускнікоў.

Як цяпер выглядае гэтая праграма? Бо хадзілі чуткі, што яна будзе скарачацца, кожны год яна ішла крыху на спад. Мы не ведаем, што адбудзецца ў нядзелю, як пройдзе зараз гэтае святкаванне, ці будуць затрыманні. Што з праграмаю Каліноўскага?

Сітуацыя наступная: нягледзячы на тое, што я вельмі дакладна акрэсліў і на нашай старонцы была вельмі дакладная інфармацыя, два гады таму разышліся чуткі, што праграму Каліноўскага скарацілі.

Насамрэч праграмы не зліквідавалі, а паўстрымалі набор, бо не было асобаў, якія б пасавалі паводле крытэраў. То бок людзей не выкідалі з вучобы, нікога не выкідалі праз палітычныя матывы з універсітэтаў. У сувязі з гэтым я паўстрымаў набор на праграму, але адначасова праграма дзеяла.

Было 140 студэнтаў з папярэдніх гадоў, потым – каля 80 – і годам пазней, у 2017 годзе, мы анансавалі, што затрымліваем набор, бо няма каго прымаць.

З другога боку, гэта добра, што няма.

Так, адначасова гэта добра, што няма прычынаў, каб набіраць студэнтаў. У 2017 годзе зноўку пачалі выключаць студэнтаў, мы зноўку прынялі 15 студэнтаў.

Не так даўно пры «Студыюм Усходняй Еўропы» вы адкрылі Цэнтр беларускіх студыяў. Гэта паказвае зусім адваротны бок у беларускай адукацыі: што ў нас ёсць гісторыкі, якім не даюць выкладаць у нас, у Беларусі. Гэта сапраўдныя патрыёты, людзі, якія вывучаюць сапраўдную гісторыю Беларусі.

Хачу сказаць яшчэ пару словаў на тэму праграмы Каліноўскага. Мяне ведаюць у Беларусі, бо шмат разоў мяне паказвалі на дзяржаўным тэлебачанні – як чорную постаць, якая кіруе праграмаю Каліноўскага. Упершыню мяне могуць паказаць з пазітыўнага боку, які кажа пра заслугі праграмы Каліноўскага.

Калі казаць пра Цэнтр беларускіх студыяў – гэта найбуйнейшая ў Польшчы ўстанова, якая аб’ядноўвае толькі грамадзянаў Беларусі. У нас 11 беларускіх навукоўцаў, якіх калісьці звольнілі з універсітэту ў Горадні.

Я ведаю, бо я навучалася ў Гарадзенскім універсітэце і дакладна ведаю ўсіх гэтых гісторыкаў. Гэта вялікае шчасце, што яны могуць працягваць свае даследаванні тут, дзе вельмі шмат архіваў.

Проста Рэч Паспалітая Польшча вырашыла працягнуць руку гэтым асобам. Мы перакананыя, што ім несправядліва не далі магчымасці займацца навуковаю дзейнасцю.

Вось гэтага хіба нам і не ставала 100 гадоў таму, калі нашыя продкі абвяшчалі Беларускую Народную Рэспубліку. Але тады Польшча не прызнала БНР. Як вы лічыце, ці гэта была памылка?

Я скажу вам так: тады гэта было немагчыма, бо была завялікая палітычная і нават тэрытарыяльная спрэчка паміж тагачасным польскім урадам і кіраўніцтвам Беларускай Народнай Рэспублікі. Але магчымасць гэтая існавала ў іншым сэнсе.

Калі б удалося зрэалізаваць канцэпцыю маршалка Юзэфа Пілсудскага, то бок вялікае аб’яднанне федэрацыяў, якое складалася б з Літвы, Віленшчыны і Беларусі, тады Беларусь бы прызналі – гэта з аднаго боку. З другога боку, мушу сказаць, што Польшча ў 1920 годзе, што праўда, прызнала ўрад Украінскай Народнай Рэспублікі. А ўкраінскі ўрад Грушэўскага прызналі ўжо нават у 1917 годзе. Цяжка сказаць…

Гэта была іншая рэчаіснасць. На шчасце, цяпер Беларусь і Польшча – гэта незалежныя краіны, мы суседзі, якія сябруюць, хоць палітычныя адносіны ў нас складаюцца па-рознаму.

Калі казаць пра стагоддзе – сапраўды, прайшло 100 гадоў, цяпер іншая сітуацыя, цяпер мы выхоўваем студэнтаў. У нас ёсць Цэнтр беларускіх студыяў, няма вялікіх спрэчак, у сэнсе чалавечым паміж беларусамі ды палякамі цудоўныя адносіны.

Інтэрв’ю паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык

Таксама ў праграме:

Калі пачалася Беларусь? Распавядаюць нашыя суседзі

«Літва глядзела на БНР як на саюзніка». Чаму сапсаваліся дачыненні?

Стужка навінаў