Якую зброю прадае Лукашэнка?


Дзвесце мільёнаў долараў. На такую суму заключылі кантрактаў падчас міжнароднай вайсковай выставы «Milex-2019» у Менску. Зміцер Міцкевіч наведаў кірмаш і распавядзе, якія прэм’еры ды цікавінкі паказалі публіцы, якія перспектывы ў айчынных распрацовак, а таксама – навошта Беларусь набыла ў Расеі старыя супрацьтанкавыя комплексы «Конкурс».

Галоўны вынік выставы «Milex-2019» з гледзішча прэзентацыі ўзбраення – дэманстрацыя зенітна-ракетнага комплексу «Бук-МБЗК» з ракетаю беларускай вытворчасці 9М318. Яна можа дасягаць цэлі на дальнасці да 70 км і на вышыні да 25 км.

Раман Галоўчанка, старшыня Дзяржкамваенпраму:

«Сёння мы прэзентуем новую зенітную кіраваную ракету. Адсутнасць нацыянальнай беларускай ракеты была галоўным фактарам стрымлівання для нас… У існасці, гэта абсалютна новая ракета, зробленая ў сістэме Дзяржкамваенпраму, у кааперацыі. Там выкарыстаныя новыя тэхналогіі, кампазітныя матэрыялы».

Яшчэ адна важная навіна ад Дзяржкамваенпраму – арганізацыя прадукцыі ў Беларусі ракеты для ракетнай сістэма залпавага агню «Паланэз» з дальнасцю да 300 км. Вядзецца размова і пра стварэнне ракеты, здольнай паразіць цэль і на 500-кіламетровай адлегласці. Гэта адкрывае дарогу для стварэння ўласнага аператыўна-тактычнага ракетнага комплексу.

«Для Беларусі гэта штучная вытворчасць. Тут пакуль няма магчымасцяў вырабляць вялікія серыйныя партыі гэтага тавару, бо Беларусі такая колькасць зенітна-ракетных комплексаў у прынцыпе не патрэбная, а пастаўляць іх на экспарт – таксама трэба прабіцца на гэты рынак», – мяркуе Віктар Літоўкін, вайсковы эксперт з Расеі, палкоўнік у адстаўцы.

Паводле найбольш папулярнай у экспертных колах версіі, у стварэнні ўласнай ракетабудаўнічай школы нам спрыяў Кітай, чыё паліва і выкарыстоўваецца ў нашых ракетах. У той жа момант, сярод верагодных партнёраў называліся Сербія ды Украіна, якія таксама валодаюць ракетнымі тэхналогіямі.

Каментуе Антон Міхненка, рэдактар «Ukrainian Defense Review»:

«На сёння вайскова-тэхнічная супраца паміж Беларуссю і Украінаю не адбываецца на афіцыйным узроўні. Мы не ведаем канкрэтных прыкладаў, калі з 2016 года здзяйсняліся пастаўкі ўзбраення з Украіны ў Беларусь і наадварот. Не выключаюць, што вайскова-тэхнічная супраца вядзецца праз трэція краіны, то бок нейкія пасярэднікі прымаюць у гэтым удзел».

Пасярэднікі – таксама важная дэфініцыя ў абароннай сферы. Гэтак, расейскія медыі паведамілі, што падчас «Milex’у» Беларусь закупіла ў Расеі супрацьтанкавыя ракетныя комплексы «Конкурс-М». Партал «Janes» апублікаваў звесткі пра экспарт Беларуссю гэтых самых «Конкурсаў», толькі мадэрнізаваных у нашай краіне. Куды – не ўдакладняюць, аднак расследаванне «Белсату» яшчэ раней выявіла наяўнасць гэтых СТРК у Сірыйскай свабоднай арміі, што супрацьстаіць рэжыму Башара аль-Асада.

«Я думаю, тут можна казаць не толькі пра тое, што Беларусь збіраецца выступіць транзіцёрам, пасярэднікам. У нас ёсць шэраг мабільных сістэмаў, якія вырабляюцца для сілаў спецыяльных аперацыяў, гэта браняваныя аўтамабілі, на якія ўсталёўваюцца супрацьтанкавыя ракетныя комплексы. Яны закліканыя забяспечыць супрацьтанкавымі сродкамі сілы спецыяльных аперацыяў», – мяркуе Аляксандр Алесін, незалежны вайсковы аглядальнік.

Меркаванне
Прадаць зброі на мільярд долараў. Беларускія ракеты і беспілотнікі ідуць на ўра
2018.11.14 10:44

І падобны расклад выкарыстоўваецца ўладамі Беларусі для атрымання як эканамічнай, гэтак і палітычнай выгады.

«Беларусь, мадэрнізуючы старую савецкую тэхніку, можа прапанаваць больш нізкі кошт, чымся Расея… Часта Расея праз Беларусь пастаўляе сваю тэхніку, толькі дае магчымасць Беларусі зарабіць. У Беларусі мадэрнізуюць, рамантуюць тыя самыя самалёты і пастаўляюць у краіны трэцяга свету. Гэта выгадна і Расеі, і Беларусі», – кажа Віктар Літоўкін.

Аднак не адмаўляецца Беларусь і ад супрацы з краінаю, з якою Расея ўжо пяць гадоў вядзе вайну. І хоць афіцыйна ўкраінскія прадпрыемствы сваю прадукцыю на «Milexʼе» не выстаўлялі, дэлегацыя ад нашых паўднёвых суседзяў усё ж прысутнічала на кірмашы сярод прыблізна 60 дэлегацыяў з 35 краінаў свету.

«Сёння адбываецца супраца ў мірнай сферы: гэта агрэгаты, камплектавальныя, і мы бачым вельмі шмат машынаў беларускай вытворчасці таго самага МЗКЦ, машыны МАЗу, якія ў тым ліку ўжо маюць лэйбл «Bogdan Motors», якія пастаўляюцца ў інтарэсах розных структураў, у тым ліку і сілавых», – мяркуе Антон Міхненка.

Падчас выставы заключылі кантрактаў на суму прыблізна $ 200 млн. Гэта ўдвая больш, чымся аналагічны паказнік папярэдняй выставы «Milex» двухгадовай даўніны. З улікам таго, што летась Дзяржкамваенпрам экспартаваў прадукцыі больш як на $ 1 млрд, гэты паказнік уражвае. Аднак ён – усё ж не галоўнае.

Раман Галоўчанка, старшыня Дзяржкамваенпраму:

«КБ Радар» прэзентуе дзве новыя станцыі выкрывання малавысотных аб’ектаў: гэта «Раса-РБ» і «Крыніца». Такім чынам, з увядзеннем у дзеянне ды пастаноўкаю на ўзбраенне гэтых станцыяў і беларускай зенітнай кіраванай ракеты мы фактычна атрымліваем нацыянальную групоўку супрацьпаветранай абароны, эшаланаваную паводле дальнасцяў і высотаў».

І гэта менавіта тое, чаго патрабаваў Лукашэнка ад кіраўніцтва Дзяржкамваенпраму. За невыкананне задання вылецеў са свайго фатэля папярэдні кіраўнік ведамства Алег Двігалёў, не прабыўшы на пасадзе і года. Таму для цяперашняга старшыні, Рамана Галоўчанкі, «Milex», магчыма, быў момантам ісціны. Выглядае, што ён прайшоў пазітыўна.

Сюжэт паказалі ў праграме «ПраСвет» 24.05.19

Стужка навінаў