Якуцкага шамана, які ішоў «выганяць Пуціна», вызвалілі з-пад варты


Суд абраў меру стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе якуцкаму шаману Аляксандру Габышаву, які ішоў у Маскву, каб «выгнаць Пуціна». Пра гэта паведамляе «Інтэрфакс».

У ноч на 19 верасня Габышава затрымалі на трасе «Байкал» у Бураціі. Супраць яго распачалі крымінальную справу аб публічных закліках да экстрэмісцкай дзейнасці (частка 1 артыкула 280 КК РФ).

«Аляксандр Габышаў з 6 сакавіка па 22 траўня, знаходзячыся ў неўсталяваным месцы, звярнуўся асабіста да групы людзей з заклікамі да ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці. Па выніках псіхолага-лінгвістычнага даследавання, у выказваннях Габышева змяшчаецца публічны заклік да гвалтоўных дзеянняў у дачыненні прэзідэнта РФ», – гаворыцца ў пастанове суду.

Аляксандр Габышаў, які называе сябе шаманам, ішоў з Якуціі ў Маскву чатыры месяцы. Паводле шамана, «Пуцін не чалавек, а дэман, і ён павінен яго выгнаць». Ён заклікаў усіх далучыцца да ягонага мірнага пешага пратэсту «за свабоду і народаўладдзе». «Я іду праз усю Расею і абуджаю народ», – казаў Габышаў.

Габышава ўночы 19 верасня выкралі ўзброеныя людзі ў масках. 20 верасня Міністэрства аховы здароўя Якуціі паведаміў, што шамана накіравалі ў якуцкі псіханеўралагічны дыспансер для правядзення «экспертных мерапрыемстваў», аднак праваабаронцы заявілі, што не могуць яго знайсці.

ІІ belsat.eu

 

Стужка навінаў