Якія варыянты нацыянальнай ідэі не падабаюцца Лукашэнку?


Паводле кіраўніка Беларусі, першы раз ідэолагі атрымалі ад яго заданне дзесяць гадоў таму. Але дагэтуль з ім не справіліся, пра што Лукашэнка цягам мінулага года ўзгадаў тройчы.

Каб высветліць, якія варыянты беларускай нацыянальнай ідэі маглі прапаноўваць Аляксандру Лукашэнку, belsat.eu прааналізаваў выказванні ідэолагаў пра нацыянальную ідэю ў праўладных медыях розных гадоў.

2001 год: Беларусь як частка еўразійскай цывілізацыі

Былы выкладчык Аляксандра Лукашэнкі ў Магілёўскім педагагічным інстытуце (цяпер універсітэт) Якаў Трашчанок стаў тым, хто ў другой палове 1990-х перапісаў гісторыю Беларусі паводле старых савецкіх лекалаў, але з выразным праваслаўным акцэнтам. Паводле гэтага ідэолага, існуюць дзве беларускія нацыянальныя ідэі: каталіцкая і праваслаўная, апошняя з іх “вядомая пад імем «заходнерусізму”». Першую высунулі выхадцы з апалячанай каталіцкай шляхты, якія «са спазненнем узгадалі свае этнічныя карані», але даўно адарваліся ад народа. Другая – блізкая ўсяму беларускаму народу, які заўсёды хацеў жыць разам з народамі «Вялікай і Малай Русі».

[vc_single_image image=”3″ img_size=”large”]

Трашчанок быў прыхільнікам канцэпцыі вялікіх і малых этнасаў. Першыя – здольныя аб’ядноўваць вакол сябе іншыя этнасы і нарадзіць «адну з сусветных культураў агульначалавечага ўплыву». «Калі ж мы бачым імкненне да культурнай ізаляцыі і мясцовай выключнасці, імкненне забяспечыць сябе адміністратыўнымі прывілегіямі, страх «растварыцца» сярод вялікіх па колькасці народаў […], дык перад намі тыповы “малы” народ», – тлумачыў Трашчанок. Палітычны сепаратызм малога народа, паводле яго, згубны для мовы і культуры, барацьбою за захаванне якіх ён толькі маскуецца. Прычына: дзеячы бавяцца ў вялікую палітыку замест таго, каб займацца культурай і духоўным развіццём. Шансаў жа на самастойнасць малому народу выкладчык Лукашэнкі не даваў ніякіх і раіў заспакойваць свае малыя палітычныя амбіцыі ў мясцовых ораганах самакіравання, а вялікія – у федэральных структурах. Малому этнасу дзяржаўны апарат непатрэбны, ды і не па кішэні, пераконваў ён.

«Будучыня Беларусі ў братэрскай садружнасці вялікай еўразійскай цывілізацыі – гэта і ёсць наш лёс, наша нацыянальная ідэя», – падсумаваў Трашчанок.

[vc_single_image image=”5″ img_size=”large”]

2006, 2010 гады: за Беларусь!

Мара прадстаўніка «малога этнаса» ўклініцца ў структуры кіравання вялікім не збылася. Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, акадэмік і прыдворны паэт Анатоль Рубінаў выймае Беларусь з-пад крыла Расеі. Паводле яго, нацыянальнаю ідэяй павінна стаць не адраджэнне «дарэвалюцыйных часоў» («беднасці, забітасці ды непісьменнасці»), не перамогі часоў ВКЛ, а стварэнне новай сучаснай цывілізаванай еўрапейскай дзяржавы. «”За моцную, квітнеючую Беларусь!” – добры, ёмісты лозунг, у ім усё сказана. З ім нам і ісці наперад».

[vc_single_image image=”7″ img_size=”large”]

«Мы выбіраем не Усход і Захад або Усход ці Захад – МЫ ВЫБІРАЕМ БЕЛАРУСЬ, якая ў сілу эканомікі, у сілу гісторыі, у сілу геаграфіі, у сілу культуры і менталітэту будзе і на Усходзе, і на Захадзе», – так гэта гучыць у інтэрпрэтацыі Іллі Лявяша, галоўнага навуковага супрацоўніка Інстытута эканомікі НАН Беларусі, доктара філасофскіх навук, прафесара. 

[vc_single_image image=”9″ img_size=”large”]

2011 год: Белая Русь – свабодная, незалежная, чыстая і гуманная

Доктар гістарычных навук, прафесар Інстытуту журналістыкі Алег Слука яшчэ ў 2005-м выдаў кнігу «Нацыянальная ідэя – шлях народа». Ягоная фармулёўка складаецца з трох словаў: «Свабода. Незалежнасць. Справядлівасць». Слука падкрэслівае, што каб рэалізаваць нацыянальную ідэю, беларусам патрэбная грамадзянская супольнасць і магутны сярэдні клас. 

[vc_single_image image=”11″ img_size=”large”]

А вось Леў Крыштаповіч, (цяпер былы) намеснік дырэктара Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, доктар філасофскіх навук, прафесар перакананы, што «беларуская ідэя першапачаткова фармавалася як саюзная ідэя». «Агульнавядома, што спробы польскай шляхты прыцягнуць нашае сялянства да сваёй барацьбы супраць Расеі заўсёды цярпелі крах. Бо беларусы цудоўна разумелі і разумеюць, што наш вораг – не Расея».

Канчатковая фармулёўка выйшла досыць цьмяная: «Калі мы спрабуем коратка выказаць нацыянальны характар ангельцаў, то кажам: «старая добрая Англія». Аб Расеі – «святая Русь». А мы – «Белая Русь». Чыстая і гуманная, добрая і святая. Гэта і ёсць у пэўным сэнсе той «духоўны крышталь», дзякуючы якому нашы людзі «цэментуюцца» ў адзінае цэлае».

[vc_single_image image=”13″ img_size=”large”]

2012 год: нацыянальная ідэя гэта… інтэграцыя!

Лозунг у Крыштаповіча выкрышталізаваўся ў суаўтарстве з (таксама былым) дырэктарам Інфармацыйна-аналітычнага цэнтру пры Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандрам Базанавым: «Інтэграцыя – гэта і ёсць нацыянальная ідэя Расеі і Беларусі». Аўтары пераконваюць, што існаванне Саюзнай дзяржавы адпавядае рэаліям эпохі ды здымае напружанасць на постсавецкай прасторы.

[vc_single_image image=”15″ img_size=”large”]

2014 год: кансерватыўная Беларусь – цэнтр зборкі Еўразіі

Доктар гістарычных навук, прафесар Ігар Марзалюк дэклараваў, што калі стане дэпутатам Савету Рэспублікі, будзе змагацца за захаванне гісторыка-культурнай спадчыны і пашырэнне беларускай мовы. Паводле яго, беларускую нацыянальную ідэю трэба будаваць на «беларускім кансерватызме» з апораю на традыцыйныя хрысціянскія каштоўнасці, перш за ўсё сям’ю. Пры гэтым Марзалюк падкрэслівае, што кансерватыўны тып культуры «катэгарычна адрынае рэвалюцыю» […] ён «за» эвалюцыйныя, паступовыя і паслядоўныя змены сацыяльнай рэальнасці». Яшчэ адным складнікам нацыянальнай ідэі, паводле яго, павінна стаць культывацыя вобраза беларуса, які гаспадарыць на сваёй зямлі, што азначае падтрымку бізнесу.

Ігар Марзалюк сфармуляваў для беларусаў смелую нацыянальную зверхзадачу: стварыць у краіне «здаровы сінтэз» еўрапейскага ўсходу і захаду. «Менавіта таму Беларусь можа і павінна стаць цэнтрам сацыякультурнай і эканамічнай «зборкі» Еўразіі. Нам неабходная беларуская экспансія ў самым пазітыўным […] сэнсе гэтага слова – экспансія слова і справы, эканомікі, навукі і культуры!»

[vc_single_image image=”17″ img_size=”large”]

Прафесар кафедры філасофскіх навук і ідэалагічнай працы Акадэміі кіравання пры прэзідэнце РБ, доктар палітычных навук, прафесар Уладзімір Мельнік не асмельваецца адвесці Беларусі цэнтральную ролю ў Еўразійскім Саюзе. Паводле яго, беларуская нацыянальная ідэя – «ідэя аднаўлення і ўсебаковага развіцця поліэтнічнай беларускай нацыі як суверэннай супольнасці ўсіх грамадзянаў Рэспублікі Беларусь». Пабудаваць моцную і квітнеючую краіну можна «шляхам бесперапыннага ды іннавацыйнага абнаўлення», адначасова ўключыўшы яе ва «ўнутрыцывілізацыйныя інтэграцыйныя працэсы». Перш за ўсё, у Саюзную дзяржаву ды Еўразійскі Саюз, а праз іх – у «фарміраванне светасістэмы ХХІ стагоддзя».

Чаму нацыянальную ідэю не могуць зацвердзіць?

[vc_single_image image=”21″ img_size=”large”]

Палітолаг Валер Карбалевіч мяркуе, што прычына няўдалых пошукаў нацыянальнай ідэі на афіцыйным узроўні – у адсутнасці дыялогу паміж уладаю і грамадствам: «Нацыянальная ідэя – гэта вынік інтэлектуальных намаганняў, хутчэй, грамадзянскай супольнасці, чым дзяржавы. Яна павінна добраахвотна прызнавацца грамадствам як спосаб кансалідацыі соцыуму і ні ў якім выпадку не навязвацца грамадзянам». 

[vc_single_image image=”23″ img_size=”large”]

Эксперт Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў Сяргей Нікалюк звяртае ўвагу на тое, што калі ўлада эксплуатуе тэму гераічнага мінулага, гэта сведчыць пра тое, што ў яе «няма карціны будучыні, мадэлі развіцця, якая павінна прывесці да лепшай будучыні».

Пры гэтым працаўнікі інстытуту фіксуюць раскол беларускага грамадства ў адносінах да палітыкі ўладаў, геапалітычнага выбару, гістарычнай самасвядомасці. Паводле Сяргея Нікалюка, улады бачаць гэты раскол і ўсведамляюць ягоную небяспеку, але працягваюць яго падтрымліваць, бо не могуць прыняць сістэмы каштоўнасцяў сваіх апанентаў. І ў такой сітуацыі высокія словы пра нацыянальную ідэю, якая аб’яднае грамадства, непазбежна павісаюць у паветры.

ІА, belsat.eu

Стужка навінаў