Якія камунальныя тарыфы выраслі ў 130 разоў і чаму?


Жыхарка Бабруйску Любоў Санкевіч падлічыла свае выдаткі на аплату жыллёва-камунальных паслуг і зразумела, што растуць яны значна хутчэй за ейную пенсію. Пенсіянерка паспрабавала атрымаць тлумачэнні ад кіраўніка дзяржавы, але адказ яе не задаволіў. Падрабязнасці справы яна распавяла Belsat.eu. А звярнулася Любоў Санкевіч у рэдакцыю праз форму зваротнай сувязі на нашым сайце. Даслаць навіну ў рэдакцыю Belsat.eu можна 24 гадзіны за содні, і нашыя карэспандэнты абавязкова звяжуцца з вамі.

Пачалося ўсё з таго, што суразмоўца параўнала тарыфы ЖКГ, якія яна плаціла для сваёй двухпакаёвай кватэры за снежань 2010 года і за кастрычнік 2018-га. І тут высветлілася, што некаторыя тарыфы выраслі ў дзясяткі і сотні разоў.

Гэтак, тарыф на тэхнічнае абслугоўванне вырас на 301 %, на ацяпленне – на 289 %, на капітальны рамонт – на 222 %, на ваду – на 1988 %, на каналізацыю – на 2458 %. Больш за ўсё ж яны павялічыліся на вываз цвёрдых камунальных адкідаў (на 12 922 %) і на падагрэў вады (на 10 689 %).

Квітанцыі ў пенсіянеркі за газ і электрычнасць за 2010 год не захаваліся, толькі за 2012-ты. Але і там лічбы ўражваюць: газ стаў даражэйшы на 351 %, электрычнасць – на 501 %. Апроч росту тарыфаў, у квітанцыю з нядаўняга часу ўвайшлі новыя паслугі на санітарнае ўтрыманне і асвятленне пад’езду, а таксама на абслугоўванне дамафона.

Агулам за камунальныя паслугі (без уліку платы за газ і электрычнасць) Любоў Санкевіч за снежань 2010 года заплаціла Br 8,98 з улікам дэнамінацыі 2016 года, а за кастрычнік 2018-га – Br 34,16, або на 280 % больш. Разам з тым варта ўлічваць, што на ацяпленне кватэры ў кастрычніку 2018 года было затрачана ўдвая менш гігакалорыяў, чымся ў снежні 2010-га. Калі б колькасць гігакалорыяў была аднолькавая, то пенсіянерцы б давялося заплаціць за камунальныя паслугі амаль Br 45,5, або на 419 % больш.

«Як атрымліваецца, што ўсе тарыфы павялічаныя ад 200 % да 12 400 %, а ў жыроўках стаіць толькі 76 %? І яшчэ пагражаеце, што будзеце павышаць на 100 %? Ці не час вам спыніцца? Мы, простыя грамадзяне, выходзіць, аплочваем за сябе і за вас? Але ж зарплаты і пенсіі ў нас розныя! Ці не пара б вам даць справаздачу перад народам за вось гэтае бязмежжа?» – пытаецца пенсіянерка ў звароце да кіраўніка дзяржавы.

У Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю, адкуль прыйшоў адказ на зварот, параілі пры параўнанні тарыфаў улічваць таксама курс рубля да замежных валютаў, бо сярод затратаў на камунальныя паслугі значную вагу займае паліва – прыродны газ, які пастаўляюць з Расеі ды аплачваюць у доларах, электраэнергія, 80 % выдаткаў на вытворчасць якой складае плата за газ, гаруча-змазвальныя матэрыялы. А сярэдні курс рубля да долара за студзень–лістапад 2018 года ў параўнанні з 2010-ым вырас на 581 %.

Таксама намеснік міністра Іван Вежнавец параіў звяртаць увагу на цэны на нафту і газ, што імпартуюцца ў Беларусь. Апроч таго, ён адзначыў павелічэнне ў Беларусі ўзроўню кампенсацыі ды пераход на поўнае пакрыццё насельніцтвам затратаў на камунальныя паслугі. Гэтак, у 2010 годзе ўзровень кампенсацыі насельніцтвам такіх затратаў складаў 39,6 %, а ў 2018-ым мусіць быць 76,3 %.

Такая прывязка тарыфаў на камунальныя паслугі да курсу валютаў абурыла жыхарку Бабруйску. Яна прыгадала, што ейная пенсія з 2010 года ў доларавым эквіваленце ўвогуле скарацілася амаль на 17 долараў.

«Калі вы тарыфы прывязваеце да долара, дык вы і зарплаты з пенсіямі прывязвайце да яго. Долар вырас на 580 %, а мая пенсія – толькі на 525 %. Дзе яшчэ мае 55 %? Хай павялічваюць!» – заявіла суразмоўца ў гутарцы з Belsat.eu.

Праўда, варта адзначыць, што калі ў 2010 годзе ейнай пенсіі хапала толькі на 7 месячных платаў за камунальныя паслугі без уліку газу і электрычнасці (калі браць за адзінку ўзгаданыя Br 8,98), то цяпер – амаль на 12 (пры ўліку ўзгаданых Br 34,16) ці менш за 9 (пры ўліку аднолькавых выдаткаў на ацяпленне).

Даслаць сваю навіну можаце і вы, скарыстаўшыся формаю зваротнай сувязі на нашым сайце.

МГ, belsat.eu

Стужка навінаў