Якія акцыі на 1 траўня забаранілі ў Беларусі


Калі ў вашым горадзе нічога не адбываецца – заўсёды можна падаць заяўку на акцыю. Але, хутчэй за ўсё, мясцовы выканкам зладзіць у гэты дзень шэраг сваіх акцыяў, і на гэтай падставе ў чыноўнікаў з’явіцца афіцыйная нагода адмовіць: маўляў, і так запланаваная імпрэза, для вашай ужо няма месца.

Да 1-га траўня грамадскія актывісты і палітычныя дзеячы па ўсёй Беларусі падавалі заявы на правядзенне масавых акцый – але ўсе атрымалі адмовы. Прычыны – з-за таго, што мясцовыя ўлады запланавалі на тых жа месцах і ў той жа час свае імпрэзы.

Магілёў: Футбол замест манстрацыі і пікету супраць «Омск-Карбону»

Альтэрнатыўнае 1 траўня мелася адбыцца ў Магілёве, дзе заяўку на правядзенне масавых акцыяў падалі адразу дзве арганізацыі. Старшыня магілёўскай філіі Абʼяднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Шанцаў і лідар Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Алег Аксёнаў падавалі заяўку на пікет за перанос заводу «Омск Карбон Магілёў» з-пад гораду ў Александрыю. А праваабаронцы «Магілёўскай вясны» падавалі заяўку на правядзенне манстрацыі – абсурднага пікету з іранічнымі лозунгамі кшталту «Мір! Труд! Омскі зуд!».

Уладзімір Шанцаў гатовы плаціць свае грошы, каб правесці пікет за змену намесніка старшыні гарвыканкаму

Абодва заяўнікі падалі заяву на 1 траўня ў адно і тое ж месца – на стадыён па вуліцы Чалюскінцаў, 64В. Толькі тут у Магілёве палітычным партыям і грамадскім арганізацыям дазволена ладзіць масавыя акцыі. Але нават гэта не дапамагло: і палітыкі і праваабаронцы атрымалі адмову ад магілёўскага гарвыканкаму. У афіцыйным адказе заяўнікам даводзілася, што 1 траўня ў мяркуемы час пікетаў на стадыёне па вул. Чалюскінцаў адбудзецца футбольны турнір.

Месца для пікетаў у Магілёве – спартовы стадыён.

Старшыня АГП у Магілёве Уладзімір Шанцаў застаўся абураны адмовай у пікеце і ў адказ падаў новую заяву – на пікет з патрабаваннем зняць з пасады адказнага чыноўніка:

«Намесніца старшыні Магілёўскага гарвыканкаму Ала Галушка заўсёды знаходзіць нейкія нагоды для адмоваў. Мы лічым, што чыноўніца парушае нашыя правы, а таксама «Закон аб масавых мерапрыемствах» Беларусі. Гэта нейкі ідэалагічны пераслед».

Магілёўскі праваабаронца Аляксандр Буракоў, наадварот, успрыняў адмову на правядзенне манстрацыі з пазітывам:

«Калі на футбол не будуць сілай заганяць дзяцей і туды проста прыйдуць людзі пакатаць мячы, то я добра да гэтага стаўлюся. Гэта той выпадак, калі праваабаронцы матывуюць уладаў прыдумваць нейкія актыўнасці, абы толькі не дапусціць масавае мерапрыемства. Але я думаю, што з часам нам дадуць правесці манстрацыю, бо зразумеюць, што ў ёй нічога небяспечнага няма і гэта крута для Магілёва. Сваю заяўку на пікет мы будзем падаваць да таго часу, пакуль нам не дадуць тое, што мы хочам».

Берасце: Мітынг супраць акумулятарнага заводу і добраахвотная дэманстрацыя

Праціўнікі запуску акумулятарнага заводу хацелі 1 траўня ў Парку воінаў-інтэрнацыяналістаў правесці мітынг «Жыхары Берасця супраць свінцу 43.0». Але Берасцейскі гарвыканкам не даў дазволу, бо на гэтыя час і месца ўжо было запланавана іхнае мерапрыемства: афіцыёз да Свята працы і 115-годдзя прафсаюзнага руху ў Беларусі.

Улады Берасця забаранілі першамайскую дэманстрацыю і два мітынгі

Другі заяўнік – старшыня берасцейскай філіі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Ігар Маслоўскі – таксама атрымаў адмову ад Берасцейскага гарвыканкаму. Ён падаваў заяву на правядзенне 1 траўня кансалідуючай дэманстрацыі пад лозунгам «Мы розныя, але мы разам». Планавалася, што ў дэманстрацыі змогуць прыняць прадстаўнікі розных поглядаў.

– Мы прапанавалі ўладам 1 траўня правесці агульнагарадскія дэманстрацыю і мітынг, куды хацелі запрасіць палітычныя партыі, прафсаюзы, працоўныя калектывы і арганізацыі гораду, проста жыхароў Берасця са сваймі сцягамі, транспарантамі. Але пры ўмове, што гэта будзе цалкам добраахвотна. Хацелася паглядзець на рэальную падтрымку, як уладаў, так і яе апанентаў. Адмова ад гарвыканкаму – праява страху і нежаданне рашаць праблему, – кажа Ігар Маслоўскі.

Горадня: Пікет апазіцыі на афіцыйным свяце

Гарадзенскія сябры партыі АГП Мікола Салянік і Павел Драчоў 16 красавіка падалі ў гарвыканкам заяўку на правядзенне пікету да Міжнароднага Дня працы. Актывісты лічаць, што афіцыйныя святочныя імпрэзы не адлюстроўваюць сапраўдны сэнс гэтай даты. Сваё мерапрыемства сябры АГП планавалі правесці ў цэнтральным Парку Жылібера побач з дзяржаўнымі імпрэзамі.

Парк Жылібера ў Горадне

«Мы хацелі паставіць сваю кропку са сцягам сваім і літаратурай, каб павіншаваць людзей. Хацелі разам з гарадскімі ўладамі адсвяткаваць 1 траўня. Нас абвінавачваюць, кажуць: вы заўсёды ідзяце супраць дзяржавы ды закону. Я асабіста некалькі разоў казаў – вы нас запрашайце ды абмяркуем на паседжанні, што вы хочаце зрабіць. Мы – не супраць! Як вы кажаце, што працуеце дзеля народа і дзеля жыхароў, то давайце разам працаваць дзеля народа і дзеля жыхароў Горадні», – тлумачыць сябра АГП Мікола Салянік.

Сябра партыі АГП Мікола Салянік

29 красавіка актывісты атрымалі адмоўны адказ за подпісам намесніцы старшыні гарадзенскага гарвыканкаму Зоі Кулешы. Улады рэзюмуюць, што згодна ранейшаму рашэнню, у гэты дзень у Парку Жылібера і так адбудзецца вялікая колькасць імпрэзаў, прысвечаных Дню працы.

Парк Жылібера на 1 траўня стане пляцоўкай выключна для дзяржаўных святаў

Вольга Васільева, Мікола Дзямідаў belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары