«Якая розніца, хто будзе прэзідэнтам?» Вострая гутарка з Алесем Таболічам пра Плошчу, грошы і Ціханоўскіх


Музыка, тату-майстар Алесь Таболіч спачатку казаў, што балатуецца ў прэзідэнты «па прыколе», а калі ЦВК яго зарэгістраваў пад «шчаслівым нумарам» 13, ён распачаў сваю кампанію і цяпер праводзіць пікеты ў Менску і рэгіёнах. Таболіч пазіцыянуе сябе як нефармальнага прэтэндэнта ў кандыдаты, крытыкуе класічную апазіцыю і сваіх канкурэнтаў у сёлетняй гонцы.

У інтэрв’ю belsat.eu ён распавёў, што думае пра ўзмацненне рэпрэсіяў у краіне і чэргі да пікетаў, адкуль бярэ сродкі на кампанію і як ацэньвае ўласныя шанцы на выхад у фінал.

 

«Мяне ўспрымаюць як фрыка, але я кажу нармальныя рэчы»

– Адразу запытаю вашае меркаванне пра падзеі апошніх дзён: у розных гарадах вялізарныя чэргі стаяць, каб падпісацца за Святлану Ціханоўскую і адначасова патрабуюць сыходу Лукашэнкі. Што думаеце пра гэтыя працэсы?

– Гэта клёва, што грамадства ў палітычнае жыццё паступова ўцягваецца. Але я супраць сілавых рухаў, я за культурніцкую рэвалюцыю: праз душу, праз паэзію, музыку, жывапіс. Я праз гэта збіраюся грамадства абудзіць, а не праз нейкія варыянты 2010 году.

Усе кажуць пра Ціханоўскага, але ж балатуецца Ціханоўская, якая яшчэ ніводнага слова не сказала, куды яна вядзе нашае грамадства. Мы абіраем кандыдата ў прэзідэнты, не бачыўшы, хто гэта ёсць. Для мяне гэта дзіўна. Я лічу, што Ціханоўская павінна не па паперцы казаць, а сама размаўляць з народам.

– Што скажаце пра правакацыю, якая адбылася перад затрыманнем Ціханоўскага ў Горадні?

– Я наагул не вельмі разумею гэты рух пратэстны, куды ён будзе ісці далей? Калі ён проста дзеля змагання і палітычнай кан’юнктуры – я супраць. З іншага боку, мне таксама неабыякавыя гэтыя правакацыі… Але я супраць правакацый з розных пазіцый: каб іх не было ні ад мітынгоўцаў, ні ад сілавых структур. Можа быць, усё, што адбываецца – спектакль, зладжаны знешняй палітыкай?

На пікеце Сяргея Ціханоўскага ў Гомлі. Фота – belsat.eu

Ніхто не ведае, хто такі Ціханоўскі. Магчыма, рэальна Расея за ім. Той жа Бабарыка – ніхто таксама не ведае, адкуль у яго тыя грошы. А са мной усё зразумела, я ідэйны чалавек, іду ў палітыку проста за ідэю. Мяне ўспрымаюць як нейкага фрыка, але я кажу нармальныя рэчы.

– Намякаеце, што ідзяце без грошай, але ў вашых сацсетках ёсць фота з вялікім адмысловым банерам…

– Гэта мне зрабілі бясплатна мае сябры. Думаў, будзе метр на метр, а мне вось такое лупанулі! [Аляксандр] Памідораў прыехаў на пікет пайграць таксама бясплатна. Кіроўца для паездак па рэгіёнах, Валодзя Шаблінскі, сам па сабе паехаў. Таму не варта мяне зблытваць з вялікай палітыкай і бізнесам. Што зарабіў – тое і кідаю на кампанію. Паглядзіце дзяржаўны рахунак – там у Таболіча нуль.

 

І пры гэтай адсутнасці грошай мяне вельмі ўразіла, якая вялікая чарга да нас учора была ў Горадні! Мы планавалі на пікеце правесці дзве гадзіны, а з’ехалі праз чатыры, бо не паспявалі падпісаць усе гэтыя падпісныя лісты. Вось вам і любоў народная. Каля 200 подпісаў сабралі.

– А колькі вы ўжо агулам сабралі з пачатку кампаніі?

– Агулам я, як Аляксандр Рыгоравіч, ужо 200 тысяч сабраў! Усё нармальна.

– Скажыце сур’ёзна.

– А хто вам што сур’ёзна скажа пра гэтыя выбары?! Я вам скажу адно: мы падлічым подпісы тады, калі прыйдзе час. Я не аўтарытарнай сістэмай займаюся, каб нехта мне справаздачу рабіў. Я сваіх людзей не турбую пытаннем: «А колькі ты сабраў?»

Hавiны
Свята ў вёсцы, «час Чэ» і 37 тысяч подпісаў. Як праходзяць кампаніі малавядомых патэнцыйных кандыдатаў?
2020.05.27 16:52

«У мяне ёсць сумневы, што Ціханоўскі – ідэйны чалавек»

– Вяртаючыся да пікетаў: людзі часта кажуць, што прыйшлі падпісацца не за канкрэтную асобу, а супраць адной вядомай. А як вам падаецца, якая мэта ў людзей, якія гадзінамі стаяць у кіламетровых чэргах?

– Дамагчыся паслаблення ціску ад дзяржавы. Каб дзяржава была беларуская, народная. Напрыклад, падчас пандэміі хоць каму з іпэшнікаў і дробнага бізнесу паслабленні зрабілі для аплаты камуналак, арэнды? Нікому нічога не зрабілі. Людзі абураюцца, бо хочуць есці, расці сваіх дзяцей, жыць кайфова.

Падчас збору подпісаў. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

– Многія вашыя апаненты, у тым ліку Бабарыка і Цапкала ўжо пракаментавалі публічна падзеі ў Горадні. Гаворка пра затрыманне Ціханоўскага з паплечнікамі і распачатую крымінальную справу. А як вы гэта пракаментуеце?

– Дарэчы, я не ведаў пра крымінальную справу… Канешне, там не павінна быць крымінальнай справы апрыёры. Гэта была правакацыя стоадсоткавая. Але вы павінны зразумець, што я не за Ціханоўскага. Ён проста кіраўнік штабу, які зрабіў двіжуху.

У мяне ёсць пэўныя сумневы, што Ціханоўскі – ідэйны чалавек. Калі яму заставалася яшчэ 45 содняў арышту, яго раптам выпусцілі, пачалася незразумелая палітычная гульня. Я не ведаю, каму гэта ўсё патрэбна – уладам, Расеі ці камусьці яшчэ. Мне ў Слуцку пажылая жанчына казала, што яна за Ціханоўскага, бо той за Расею.

– Але ж Ціханоўскі выказваўся і пра ганебнае становішча беларускай мовы ў нашай дзяржаве.

– Калі ён выказваўся? Калі Таболіч з’явіўся ў анлайн-галасаванцы? Гэта палітычная гульня. Вунь у Горадні на ягоным пікеце шансон граў «А белый лебедь на пруду».

– Справа ж не ў песнях! Беларусацэнтрычныя людзі таксама яго падтрымліваюць.

– З дробязяў пачынаюцца нейкія моманты!

Hавiны
Сотні людзей па ўсёй краіне стаяць у чэргах, каб пакінуць подпіс за кандыдатаў у кандыдаты
2020.05.31 15:18

«Улада робіць дэмакратычныя штуршкі»

– Што скажаце пра іншых патэнцыйных кандыдатаў? Камусьці сімпатызуеце?

– Пакуль не буду казаць, хто мне падабаецца. Да канца выбарчай двіжухі нешта скажу, а цяпер назіраю звонку, размаўляю з людзьмі. Хтосьці кажа (на ўзроўні чутак), што падпісантам за Бабарыку і Цапкалу плоцяць грошы. У мяне няма такога рэсурсу.

Віктар Бабарыка.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

– Калі вы збярэце неабходныя 100 тысяч подпісаў, а вас не зарэгіструюць, што будзеце рабіць?

– Я пагляджу. Я адразу сказаў, што я не супраць дзяржавы, а наадварот – за аб’яднанне дзяржавы. І калі ёсць магчымасць лібералізацыі нашага грамадства – гэта найлепшы варыянт. Сілавых момантаў я не ўспрымаю. Як у 2010 годзе, калі кандыдаты выйшлі на плошчу. Я тады наагул расчараваўся ў апазіцыі. Дзесяць гадоў прайшло, за гэты час павінны людзі неяк змяняцца. І яны змяняюцца: шукаюць лідараў не сярод апазіцыі, а сярод бізнесоўцаў, новых асобаў.

 

– А ўлада змянілася нейкім чынам?

– Улада засталася тая ж самая, але яна робіць дэмакратычныя штуршкі. Напрыклад, зарэгістравалі незалежных кандыдатаў у кандыдаты.

– Як можна казаць пра «дэмакратычныя штуршкі», калі толькі ўчора пахапалі 30 чалавек? Вы не сочыце за навінамі?

– Я не ведаю, каго там хапалі. Вы – «Белсат» – кажаце мне тое, што вам цікава. Я ўчора сядзеў і займаўся сваёй кампаніяй. Вы сачылі за падзеямі, калі Таболіч прыехаў у Слуцк?

Аб’ектыў
«Калі гэтую ўладу не баяцца, яна губляе кантроль» – затрыманні актывістаў і збіральнікаў подпісаў
2020.05.31 22:15

– Калі вынікі выбараў зноў сфальсіфікуюць і скрадуць у людзей галасы – яны павінны сядзець дома?

– Мае меркаванне такое: трэба кансалідавацца ўсім. А тое Бабарыка спачатку казаў, што верыць у справядлівыя выбары, потым, што не. Гэта нейкі падман сваіх выбарнікаў! Чаму ён працягвае збіраць подпісы?

– Дык а вы верыце, што галасы палічаць правільна?

– Я ўвогуле ні ў ва што не веру цяпер. Бо гэта палітычная гульня.

– Вы ў ёй таксама ўдзельнічаеце.

– Ну, так. У мяне ёсць мэта: праз людзей, пікеты, інтэрв’ю я вяду сваю грамадскую палітыку і хачу данесці да як мага большай колькасці людзей сваю пазіцыю, што ёсць нейкая альтэрнатыўная двіжуха. Як будзе ў выніку – залежыць ад багоў і лёсу. Я не намінальна балатуюся. Я таплю за Беларусь, а не за Еўропу або ўсход.

– Складаецца ўражанне, што вы падтрымліваеце дзейную ўладу.

– Мне проста не падабаецца, калі ў людзей пазіцыя ідзе на гвалт. Лозунгі некаторыя ёсць…

– Якія лозунгі канкрэтна заклікаюць да гвалту?

– Пра Плошчу хто кажа зараз? Статкевіч, напрыклад.

– Ён заклікаў не да гвалту, а да мірнага пратэсту.

– У сэнсе, да сілавых метадаў, гвалт у падсвядомасці. Мірныя пратэсты – гэта калі мы з людзьмі размаўляем на пікетах. А ў чэргах людзі кажуць, што патрабуюць перамен, змены ўлады рэвалюцыйным рухам. Гэта не гвалт? А скарыстацца гэтым можа Масква, закіне сюды «зялёных чалавечкаў» або правакатараў.

Вы зразумейце, я чалавек хоць па хайпе, але я больш народны, чым хто іншы. Я таплю за Беларусь, а не за ўладу. Якая розніца, хто будзе прэзідэнтам: Лукашэнка, Ціханоўская, Бабарыка, Цапкала – мне без розніцы. Але яны павінны зразумець, што ёсць альтэрнатыва, якая павінна аб’ядноўваць грамадства дзеля нашай будучыні.

– Падаецца, вы насамрэч не разлічваеце прайсці ў наступны этап і проста выкарыстоўваеце час да 19 чэрвеня для камунікацыі з людзьмі.

– Калі па шчырасці, так яно і ёсць. Але яшчэ за 19 дзён усё можа змяніцца.

Гутарыла Кацярына Андрэева belsat.eu

Стужка навінаў