Як зрабіць саламянага павука ў гарадскіх умовах. Мануал


Традыцыйным беларускім перадкалядным атрыбутам здаўна быў саламяны павук. Штогод беларусы збіраліся ўсёй сям’ёй і рабілі са свежай саломы новага павука, а стары напярэдадні Калядаў спальвалі ў печы.

Што можна рабіць гарадскім жыхарам, каб працягнуць гэтую традыцыю?

Насамрэч, усё вельмі проста. Жывучы ў горадзе, мы таксама можам зрабіць павука і павесіць яго ў сваёй кватэры. Але дзе, напрыклад, знайсці салому ў Менску? Можна паспрабаваць зрабіць павука з трубачак для напояў.

Мы ў Гомлі салому ўсё ж знайшлі. У гэтым нам дапамог філіял Веткаўскага музею, у якім вучаць беларускім рамёствам, у тым ліку, пляценню павукоў.

Пяройдзем непасрэдна да тэхналогіі вырабу саламянага павука:

• Нам спатрэбіцца салома, якую трэба распарыць, каб яна не ламалася. (Тым, хто робіць павука з трубачак для напояў, гэты крок можна прапусціць).

Наразаем салому на трубачкі аднолькавай даўжыні.

Майстар-клас па вырабе саламянага павука

Бярэм нітку і вялікую іголку (іголку можа замяніць на дрот, крыху даўжэйшы за нашыя трубачкі па памеры, на канцы якога скручваем «вушка» для ніткі).

• Робім аснову: для гэтага нам спатрэбіцца чатыры саламяныя трубачкі, якія нанізваем на нітку.

Калі ўсё гатова – завязваем канцы ніткі на вузялок і ў нас атрымліваецца квадрат.

• Далей да кожнага з чатырох бакоў дадаем па дзве трубачкі саломы.

(Калі вы ўсё правільна робіце, то у вас павінен атрымацца домік)



Па выніку мы маем квадрат, бакі якога з’яўляюцца аснаваннямі чатырох раўнабаковых трохкутнікаў.

• Далей трэба звязаць трохкутнікі (зверху і знізу), каб атрымалася аб’ёмная фігура. Калі вы спалучыце першыя два трохкутнікі – атрымаеце піраміду.

А калі спалучыце два астатнія трохкутнікі – атрымаеце актаэдр.

• Калі на дасягнутым спыняцца вы не жадаеце – можаце паспрабаваць зрабіць крыху меншую мадэль і змясціць яе ўнутры актаэдра. Або можаце прыдумаць свой унікальны дызайн павука. Мы ж вырашылі ўпрыгожыць нашага павучка зорачкамі ды выцінанкамі.

• Каб зрабіць зорачку неабходна ўзяць 5-6 кавалкаў саломы, скласці іх разам і звязаць.

Затым кончыкі саломы з двух бакоў разрэзаць на дробныя палоскі і адпрасаваць.

Такія зоркі можна змясціць унутры павука, знізу, або па баках.

Памятайце, што павука трэба рабіць з пазітыўнымі думкамі, тады ён будзе аберагаць вас ад усяго злога і кепскага цэлы год. А можа нават і болей.

Ганна Вашчанка, belsat.eu

Стужка навінаў