Як змяняліся перадвыбарчыя абяцанні Лукашэнкі за 26 гадоў?


Сёлетняя перадвыбарчая праграма Аляксандра Лукашэнкі была апублікаваная 4 жніўня ў газеце «Звязда». Belsat.eu узгадвае, пра што ішла гаворка ў перадвыбарчых праграмах Лукашэнкі падчас пяці мінулых прэзідэнцкіх кампаніяў.

1994 год

Аляксандр Лукашэнка прымае прысягу ў 1994 годзе. Архіў

Самая першая праграма Лукашэнкі мела назву «Адвесці народ ад бездані». У гэтым дакуменце ён вызначыў тры асноўных прыярытэту сваёй палітыкі: вырашэнне эканамічных і сацыяльных праблемаў (перш за ўсё спыненне росту коштаў і збяднення насельніцтва), барацьба з карупцыяй і развіццё працэсаў аб’яднання дзяржаваў, якія раней уваходзілі ў склад СССР.

Лукашэнка абяцаў дзяржаўны кантроль за цэнамі і карныя меры (аж да крымінальнай адказнасці і канфіскацыяў) супраць тых, хто будзе гэтыя цэны павышаць. Абяцаў наўпроставае кіраванне дзяржпрадпрыемствамі і дзяржпадтрымку вытворчасці, а таксама скарачэнне дзяржапарату.

Лёс усіх гэтых абяцанняў быў розны. Інтэграцыйныя працэсы з Расеяй сапраўды будуць распачатыя – у снежні 1999 года Лукашэнка і Ельцын нават падпісалі Дамову аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Інфляцыя ў 1994-1996 гг. запаволілася, у канцы 90-х паскорылася, а ў пачатку 2000-х зноў пачала зніжацца (хаця тэмпы інфляцыі пры гэтым заставаліся найвышэйшымі сярод краінаў СНД). А вось тэма барацьбы з карупцыяй будзе нязменна паўтарацца ва ўсіх наступных праграмах.

2001 год

Аляксандр Лукашэнка, 2002 год. Фота – president.gov.by

У 2001 годзе Лукашэнка зноў абяцаў кантраляваць цэнаўтварэнне, але цяпер адназначная рыторыка жорсткага дзяржрэгулявання змянілася словамі пра намер лібералізаваць эканоміку (пытанне лібералізацыі будзе заставацца актуальным наступныя 20 гадоў).

Акрамя таго, Лукашэнка абяцаў рэальную роўнасць беларускай і расейскай мовы, увядзенне інстытуту ўпаўнаважанага па правах чалавека і ліквідацыю залежнасць да іншых краінаў у сферы энерганосьбітаў. Гэтыя пункты рэалізаваныя не былі. Пра ўпаўнаважанага па правах чалавека і роўнасць моваў Лукашэнка больш проста не ўспамінаў, а вось абяцанне пазбавіцца энергетычнай залежнасці засталося актуальным і сёння – гэта адзін з пунктаў ягонай праграмы 2020 года.

Былі і больш абстрактныя абяцанні: годны заробак, добрая медыцына, барацьба з карупцыяй і павага да правоў чалавека. Усе гэтыя фармулёўкі будуць потым узнікаць амаль ва ўсіх наступных перадвыбарчых праграмах.

«Саюзныя стасункі з братняй Расеяй – асноўны прыярытэт вонкавапалітычнай дзейнасці кіраўніцтва Беларусі», – падкрэслівалася ў праграме.

2006 год

Аляксандр Лукашэнка, 2006 год. Фота – president.gov.by

Сярод прыярытэтаў ва ўнутранай палітыцы ў 2006 годзе Лукашэнка вызначаў дэбюракратызацыю (у тым ліку ўкараненне прынцыпу «адно вакно») і маштабнае будаўніцтва жылля. У праграме было абяцанне, што ўжо да 2010 года на кожнага беларуса будзе прыходзіцца не менш за 25 кв. метраў жылля (гэты паказнік афіцыйна будзе дасягнуты ў 2011 годзе) і зніжэнне коштаў удвая. Лукашэнка абяцаў кватэру кожнай маладой сям’і цягам трох гадоў, а шматдзетным сем’ям дапамогу ў аплаце жылля (5 дзяцей – 100%, 4 – 50%, 3 – 30%).

Кіраўнік дзяржавы казаў, што зарплаты, пенсіі і стыпендыі беларусаў вырастуць у два разы. Абяцанні па заробках, па сутнасці, выкананыя не былі. У сакавіку 2006 года сярэдняя зарплата ў Беларусі была $ 260, а ў сакавіку 2010 года толькі $ 370. Праўда, у канцы 2010-га ўлады дацягнуць заробкі да $ 530 у сярэднім па краіне, але за гэтым адразу рушыць услед фінансавы крызіс і маштабная дэвальвацыя. У выніку ў лістападзе 2011 года заробкі ў Беларусі вернуцца на ўзровень 2006 года.

Прыярытэты ў вонкавай палітыцы ў праграме 2001 года вызначаліся адназначна:

«Будаўніцтва Саюзнай дзяржавы з’яўляецца стратэгічнай задачай, а братняя Расея – найважнейшым нашым партнёрам».

2010 год

Аляксандр Лукашэнка. Фота – president.gov.by

Лукашэнка ўвайшоў у прэзідэнцкую кампанію 2010 года на фоне канфлікту з Крамлём, таму ўпершыню стасункі з Расеяй выпалі з ліку вонкавапалітычных прыярытэтаў кандыдата. Цяпер у праграме заяўлялася, што Беларусь мае сваё годнае месца ў свеце і не будзе выбіраць паміж Усходам і Захадам.

Як і раней, Лукашэнка шчодра раздаваў абяцанні наконт узроўню жыцця. Ён сцвярджаў, што да 2015 года ўзровень жыцця ў Беларусь наблізіцца да еўрапейскага і кожная сям’я будзе мець магчымасць набыць уласнае жыллё ў сярэднім цягам 5 гадоў. Сем’ям з 4-5 дзецьмі Лукашэнка абяцаў кватэру за кошт дзяржавы, а сем’ям з трыма дзецьмі – кампенсацыю 75% кошту жылля. «Мець шмат дзяцей стане прэстыжна», – адзначалася ў праграме.

Праграма 2010 года мела цікавыя пункты адносна развіцця грамадска-палітычнай сістэмы. У прыватнасці, абяцалася пашырыць ролю грамадскіх аб’яднання і мясцовага самакіравання ў функцыянаванні дзяржавы, забяспечыць празрыстасць працы дзяржаўных органаў і нават увесці суд прысяжных. Ніводны з гэтых пунктаў выкананы не быў.

2015

Аляксандр Лукашэнка, 2015 год. Фота – president.gov.by

Праграма Лукашэнка ўзору 2015 года мела, бадай, менш за ўсё канкрэтных абяцанняў. У аснову яе была закладзены развіццё трох асноўных напрамкаў дзейнасці – экспарту, занятасці і інвестыцыяў. Замест стабільнасці рубля Лукашэнка цяпер абяцаў проста павысіць давер да яго. Кандыдат ставіў задачу правесці мадэрнізацыю вытворчасці і лібералізацыю руху капіталу.

У 2015-м Лукашэнка абяцаў знізіць вонкавы дзяржаўны доўг. Зрабіць гэта не атрымалася: наадварот за наступныя пяць год дзяржаўны доўг вырасце з $12 да $18 млрд.

2020 год

Аляксандр Лукашэнка падчас звароту да Нацыянальнага сходу, 2020 год. Фота – president.gov.by

Як і ў 2006-м, Лукашэнка абяцае павысіць заробкі ўдвая. Усе абяцанні ў грамадска-палітычнай сферы цяпер увасоблены ў намеры правесці чарговы рэферэндум па змене Канстытуцыі.

«Беларусы падчас усенароднага абмеркавання вызначаць свае правы, свабоды і абавязкі, а таксама паўнамоцтвы органаў дзяржаўнай улады», – гаворыцца ў дакуменце.

Лукашэнка ў чарговы раз абяцае пазбавіць Беларусь энергетычнай залежнасці, падтрымаць інвестараў і спрасціць умовы вядзення бізнесу. Асобна ў праграме прапісаныя «абсалютна роўныя магчымасці і ўмовы для прыватных і дзяржаўных кампаніяў». Таксама ў дакуменце гаворыцца пра «зялёную эканоміку (экапрадукты, электратранспарт, аднаўляльная энергія).

Асаблівую ўвагу Лукашэнка абяцае надаць развіццю малых гарадоў і сяла – у тым ліку стварыць усю неабходную інфраструктуру і забяспечыць сучасныя сацыяльныя стандарты.

Як і падчас папярэдніх дзвюх кампаніяў у вонкавапалітычным плане гаворка ідзе пра тое, што Беларусь не робіць выбару паміж Захадам і Усходам. Пра развіццё стасункаў з Расеяй наагул не згадваецца.

Hавiны
Лукашэнка ў сваёй праграме абяцае змены ў Канстытуцыі і рост заробкаў у два разы
2020.08.04 10:08

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў