Як зменіцца палітыка ў дачыненні да свету і Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў у ЗША


Прэзідэнт ЗША Барак Абама ўзнагароджвае віцэ-прэзідэнта Байдэна прэзідэнцкім медалём Свабоды (найвышэйшая дзяржаўная ўзнагарода ЗША для цывільных асобаў).
Фота: Yuri Gripas / Reuters / Forum

3 лістапада ў ЗША прайшлі прэзідэнцкія выбары. Іх канчатковыя вынікі яшчэ невядомыя, але «Белсат» з дапамогай экспертаў паспрабаваў разабрацца, як зменіцца палітыка ЗША ў дачыненні да Беларусі і свету.

Беларускае пытанне падчас прэзідэнцкіх выбараў у ЗША фактычна ўздымалася толькі двойчы.

Гэтак, кандыдат ад Дэмакратычнай партыі Джо Байдэн крытыкаваў Вашынгтон за ігнараванне беларускай сітуацыі. Таксама ён заклікаў «значна пашырыць санкцыі супраць прыхільнікаў Лукашэнкі і замарозіць афшорныя рахункі, дзе яны захоўваюць сваё скрадзенае багацце».

А прадстаўнік каманды дзейнага прэзідэнта-рэспубліканца Доналда Трампа, дзяржсакратар Майк Пампэа 24 кастрычніка абмеркаваў па тэлефоне з Лукашэнкам вызваленне паліттэхнолага Віталя Шклярава, якога беларускія сілавікі затрымалі яшчэ ў ліпені і які мае амерыканскае грамадзянства. У выніку праз некалькі дзён палітвязень ужо быў у ЗША.

Фактычна больш беларускае пытанне на амерыканскіх выбарах не ўздымалася. Але ці можа нешта змяніцца пасля выбараў?

«Слон у пасуднай лаўцы»

Яўген Красулін, спецыяліст па нееўрапейскіх цывілізацыях, у размове з карэспандэнтам «Белсату» адзначыў, што канцэптуальна падыходы Трампа і Байдэна да вонкавай палітыкі моцна адрозніваюцца. Гэтак, на яго думку, Трамп разглядае вонкавую палітыку як з’яву, заснаваную перадусім на асабістых сувязях і поглядах. Байдэн жа ў асноўным арыентуецца на інстытуты (ААН, ЮНЭСКО) і міжнародныя дамовы (пра клімат і іншыя).

Кім Чэн Ын.
Фота: twitter.com/nknewsorg

У выніку сваіх падыходаў Трамп часам паводзіць сябе «як слон у пасуднай лаўцы»: выходзіць з пагадненняў, скарачае фінансаванне розных праграмаў, заявіў Яўген Красулін. У выніку гэта часам прыводзіла Трампа да паразаў у вонкавай палітыцы. Напрыклад, у спробе дамовіцца адносна спынення ядравай праграмы Паўночнай Карэі з Кім Чын Ынам, у якім ён «пабачыў, магчыма, нешта падобнае да сябе», заявіў эксперт.

ЗША і Кітай

Разам з тым, паводле спецыяліста, такія паводзіны Трампа давалі і перамогі. Напрыклад, у канфлікце паміж ЗША і Кітаем, калі ў выніку дзеянняў Вашынгтона Пекін адмовіўся ад далейшай канфрантацыі.

Паводле суразмоўцы, у стаўленні да Кітаю Байдэн недалёка сышоў ад Трампа, хоць ягоная рыторыка менш ваяўнічая. Але ён таксама выступае за ціск на Кітай. Таксама ён фактычна падтрымлівае ідэю Трампа адносна Індыйска-Ціхаакіянскага NATO, якое б было накіраванае перадусім супраць Кітаю.

ЗША і Блізкі Усход

Яўген Красулін бачыць перамогі Трампа і на Блізкім Усходзе, якія выявіліся ў вывадзе амерыканскіх войскаў з Сірыі. Тады «Турцыя і Расея апынуліся раптоўна сам-насам з тымі праблемамі, якія там існуюць», а ЗША перасталі прыгадваць у сувязі з мясцовымі праблемамі.

Апроч таго, перамогай Трампа можна лічыць дамову з арабскімі краінамі пра сумесную дзейнасць супраць тэрарыстаў, выхад са здзелкі з Іранам, што «істотна паўплывала на стан гэтай краіны». Таксама пры ім быў ліквідаваны самаабвешчаны халіф Ісламскай дзяржавы Аль-Багдадзі, і ў выніку Трамп «Ісламскую дзяржаву падзяліў на нуль», заявіў спецыяліст.

«Вельмі добры момант у вонкавай палітыцы Трампа ў тым, што ён перайшоў ад сілавых метадаў барацьбы з тэрарызмам да ўдараў па фінансавых крыніцах. І гэта спрацавала», – падкрэсліў Яўген Красулін.

Байдэн таксама бачыць задачу ЗША ў барацьбе з Ісламскай дзяржавай, абяцае выводзіць войскі з Блізкага і Сярэдняга Усходу, як і Трамп, з’яўляецца прыхільнікам удараў дронамі па тэрарыстах. Таму, мяркуе эксперт, у гэтым рэгіёне палітыка ЗША мала зменіцца. Праўда, напрыклад, у выпадку Ірану Байдэн хоча прапанаваць новую здзелку, «каб не заганяць Іран у куток, адкуль ён можа дзейнічаць тэрарыстычнымі метадамі», мяркуе Яўген Красулін.

Доналд Трамп.
Фота: Reuters

«Такім чынам, мы бачым нешта агульнае ў вонкавай палітыцы Байдэна і Трампа, толькі больш асцярожнае [з боку Байдэна. – Рэд. Belsat.eu] і з апірышчам на больш традыцыйныя для міжнародных адносінаў інстытуты і міжнародныя арганізацыі», – заявіў ён.

ЗША і NATO

Што датычыць дачыненняў з краінамі Паўночнай Атлантыкі, то напачатку кіравання Трампа існавалі пагрозы выхаду яго краіны з NATO. А Байдэн стаіць адназначна на баку НАТО і абяцае аказаць і самой арганізацыі, і саюзнікам усю неабходную перамогу, падкрэсліў эксперт.

Паводле яго, у адрозненні ад Трампа, Байдэн заўсёды «падкрэслівае супольнасць ЗША, Мексікі і Канады», выступае за зняцце бар’ераў на шляху мігрантаў у ЗША, абяцае дапамогу і абарону былым хаўруснікам Вашынгтона ў разнастайных канфліктах па ўсім свеце. Таксама ён абяцае вялікую падтрымку арганізацыям, звязаным з гендарнымі праблемамі, гвалтам супраць жанчын і г.д., выступае за барацьбу супраць кліматычных зменаў.

ЗША і Расея

І для Трампа, і для Байдэна пытанне Расеі не з’яўляецца істотным, бо яна «як бы ні пыжылася, не можа заняць ролю Савецкага Саюзу і паступова сыходзіць у цень Кітаю», мяркуе Яўген Красулін.

Паводле яго, нягледзячы на боязь прарасейскасці Трампа і нават яго пэўныя заявы і паводзіны, сваю палітыку ў дачыненні да Пуціна ён не будуе лагодна. Напрыклад, 7 лютага 2018 года ў Сірыі амерыканскія войскі разграмілі супольную групоўку расейска-сірыйскіх войскаў. У выніку «расейцы вельмі прысмірэлі ў Сірыі і на іншых кірунках таксама».

Ахвяры грамадзянскай вайны ў Сірыі.
Фота: Gürcan Öztürk / AFP/ Getty Images)

«Трамп можа колькі заўгодна выказваць сімпатыі Пуціну, але калі даходзіць да справы, Пуцін у яго «адграбае» напоўніцу. Таму, калі Трамп застанецца, я думаю і санкцыі супраць Расеі будуць, і Пуцін не будзе адчуваць сябе спакойна», – адзначае Яўген Красулін.

На думку эксперта, хто б ні перамог у ЗША, Расея будзе прыкладаць вялікія высілкі, каб дэстабілізаваць сітуацыю ў краіне і выклікаць прынамсі вулічныя пратэсты, а то і грамадзянскую вайну.

«Байдэн у рыторыцы супраць Пуціна больш жорсткі. І тут я б не казаў, што палітыка моцна зменіцца. Таксама будуць санкцыі. Адзінае, што Байдэн будзе больш асцярожным. І ўдараў, кшталту ўдараў у лютым 2018 года, можа не быць. Але гэта не значыць, што Расея зможа адчуваць сябе спакойна. Працягнецца трэнд, калі яна будзе адціскацца на перыферыю сусветнай палітыкі. Для яе поля для манеўру будзе звужацца, яна будзе спрабаваць дэстабілізаваць сітуацыю ў розных рэгіёнах, рэсурсаў у яе ўсё менш», – заявіў Яўген Красулін.

Афіцыйнаму Менску не да ЗША

А як на выбары ЗША глядзяць з Менску, дзе ўжо тры месяцы не можа завершыцца палітычны крызіс? Аглядальнік Аляксандр Класкоўскі ў каментары «Белсату» адзначыў, што выбары ў ЗША «цяпер не на першым плане ў беларускага кіраўніцтва». Паводле яго, «Лукашэнка і яго атачэнне па вушы сядзяць ва ўнутраных праблемах» і «не ведаюць, як гэта ўсё разгрэбці».

Тым не менш, аналітык мяркуе, што фігура Трампа для афіцыйнага Менску болей прымальная. Гэтак, паводле яго, з ягонай адміністрацыяй ужо ўсталяваныя «болей-меней прагматычныя кантакты», апафеозам якіх стаў візіт у Менск у лютым дзяржсакратара ЗША Майка Пампэа.

«Пампэа падкрэсліваў, што для Вашынгтона вельмі важная незалежнасць Беларусі. Гэта тая фішка, на якой гуляе беларуская дыпламатыя. І я думаю, будзе спрабаваць гуляць: маўляў, не зважайце надта на тое, што ў нас, можа быць, бракуе дэмакратыі, але ж думайце пра тое, што нас Пуцін захопіць і ўсім вам, Захаду, будзе горай», – падкрэсліў аглядальнік.

Лукашэнка пажадаў Трампу перамогу

Аляксандр Класкоўскі нагадаў, што падчас нядаўняй тэлефоннай гутаркі з Пампэа Лукашэнка перадаў найлепшыя пажаданні Траму ў выбарчай кампаніі. «Гэта таксама штрых, які паказвае, якія перавагі ў беларускага кіраўніцтва», – заявіў эксперт.

Аляксандр Лукашэнка і Майк Пампэёў у Менску.
Фота: Nikolai Petrov / TASS / Forum

Ён адзначыў, што ў сваёй перадвыбарчай рыторыцы Байдэн «болей акрэслена і болей рэзка» выказваўся адносна сітуацыі ў Беларусі. Таму ў выпадку ягонай перамогі можна было чакаць большай падтрымкі з боку Вашынгтона праціўнікаў Лукашэнкі ў Беларусі.

«Гэта таксама той момант, які робіць для Менску болей зручным тое, каб Трамп застаўся пры ўладзе», – падкрэсліў Аляксандр Класкоўскі.

Лукашэнка гатовы да ізаляцыі

У сваю чаргу палітолаг Юры Чавусаў адзначыў, што рэжым гатовы да моцнай канфрантацыі з вонкавым светам і да вонкавапалітычнай ізаляцыі. Паводле яго, «на гэтым тле Злучаныя Штаты – гэта гучны, уплывовы, але не кардынальна значны фактар».

Юры Чавусаў адзначыў, што амерыканскія дэмакраты традыцыйна больш скіраваныя на распаўсюд дэмакратыі за мяжой, тады як рэспубліканцы больш схільныя да ізаляцыянізму.

«Але ў дачыненні да Беларусі вонкавая палітыка была двухпартыйнай. Акт аб дэмакратыі ў Беларусі, які быў прыняты амаль 20 гадоў таму, быў падтрыманы абедзвюма партыямі. Можна казаць, што рыторыка больш скіраваная на падтрымку правоў чалавека і крытыку рэжыму ў дэмакратаў, а менш у рэспубліканцаў, але сам палітычны курс аднолькавы», – заявіў палітолаг.

Менавіта дэмакраты пайшлі на дыялог

Юры Чавусаў нагадаў, што, нягледзячы на пільную ўвагу адміністрацыі Барака Абамы да парушэння правоў чалавека ў Беларусі, менавіта дэмакраты рэалізоўвалі тактыку замірэння і дыялогу з рэжымам.

Разам з тым вынікі амерыканскіх выбараў могуць мець важнае значэнне для падтрымкі той часткі беларускай апазіцыі, якая апынулася за мяжой, асабліва калі супрацьстаянне хутка не завершыцца. Паводле Юрыя Чавусава, у стасунках з уладамі ЗША ў каманды Святланы Ціханоўскай на пэўны час могуць узнікнуць цяжкасці, каб выйсці на тых, «з кім у Вашынгтоне размаўляць пра Беларусь».

У ЗША мала механізмаў ціску

Пры гэтым палітолаг не выключае, што з новай дэмакратычнай адміністрацыяй ЗША Лукашэнку будзе больш зручна сказаць «давайце перагарнём гэтую старонку» і знайсці кропкі судакранання. Таму, мяркуе ён, для прыхільнікаў Святланы Ціханоўскай важна забяспечыць пераемнасць пазіцыі старой і новай адміністрацыі адносна Беларусі і яе супадзенне з еўрапейскай.

У выпадку ж захавання адміністрацыі Трампа ў Лукашэнку таксама ёсць пэўныя тэмы для размоваў, у тым ліку вяртанне ў Беларусь амерыканскага амбасадара.

«Узровень рыторыкі і крытыкі з боку Злучаных Штатаў застаецца высокім, але не праяўляецца на ўзроўні канкрэтных эканамічных крокаў і чыннікаў ціску. Фактам ёсць тое, што ў ЗША не дастаткова шмат эканамічных механізмаў, каб уздзейнічаць і ціснуць на рэжым Лукашэнкі. Ёсць дэ-факта прызнанне, што Беларусь знаходзіцца ў частцы геапалітычнай сферы ўплыву Расеі», – мяркуе палітолаг.

На пратэст гэта не паўплывае

Марш супраць тэрору ў Менску. 1 лістапада 2020 года.
Фота: ТК / belsat.eu

Што датычыць беларускіх пратэстаў, то, мяркуе Юры Чавусаў, выбары ў ЗША на іх не паўплываюць, бо чыннікі пратэстаў унутраныя – абурэнне людзей паводзінамі ўладаў Беларусі і гвалтам з іх боку, а не вонкавыя, як падкрэсліваюць Лукашэнка і ягоны рэжым.

Перспектывы ж атрымаць фінансавую дапамогу на аднаўленне эканомікі Беларусі ў выпадку змянення ўладаў краіны будуць аднолькавымі як ад адміністрацыі Трампа, гэтак і Байдэна. Аднолькава добрымі, падкрэсліў Яўген Красулін.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў