Як жыхары Бягомля збунтаваліся супраць Полацкай епархіі


Вернікі Бягомля і святар з камісіі Полацкай епархіі

Полацкая епархія накіравала ў Бягомль спецыяльную камісію і прызначыла новага бацюшку, але мясцовыя вернікі абвясцілі камісіі байкот і не пусцілі святароў у храм. Яны настойваюць на тым, каб службу праводзіў айцец Валерый, якога напрыканцы мінулага году пазбавілі сану. Прадстаўнікі епархіі апелююць да царкоўнага закону, вернікі – да справядлівасці, а мясцовыя ўлады займаюць нейтральную пазіцыю. Карэспандэнт belsat.eu разбіраўся ў незвычайным канфлікце ў Бягомлі.

Прычынаю канфлікту паміж жыхарамі Бягомля і Полацкай епархіяй стаў лёс святара Валерыя Цімкова. Айцец Валерый служыў у Бягомлі з 2002 года, дзякуючы яго намаганням і шчодрым ахвяраванням прыхаджанаў у Бягомлі ў лістападзе 2018 года нарэшце адкрылі новы храм. Але ўжо праз месяц прыйшла сумная навіна: святара пазбавілі сану, забараніўшы служэнне. Царкоўнае кіраўніцтва абвінаваціла яго ў «распусных стасунках» з 47-гадовай замужняй жанчынай Таццянай (імя зменена з этычных меркаванняў).

Паклёп пад дыктоўку. На Віцебшчыне святара вінавацяць у «распусных стасунках» з жанчынай, падключылася міліцыя

Скаргу на бацюшку напісаў былы муж гэтай жанчыны і неўзабаве была створана адмысловая царкоўная камісія, якая мусіла праверыць выкладзеныя ў скарзе звесткі. Чальцы камісіі прыйшлі да Таццяны на працу і прымусілі напісаць распіску, што яна «адмаўляецца ад распусных стасункаў» з айцом Валерыем. Аднак потым жанчына падала тры пісьмовых абвяржэння і паскардзілася на псіхалагічны ціск з боку епархіі. І яна, і сам святар, і ягоная жонка, а таксама сябры сям’і лічаць абвінавачванні ў «распусных стасунках» паклёпам. Прыхадскі савет устаў на абарону айца Валерыя і пастанавіў зачыніць царкву да вяртання «свайго бацюшкі». Прыхаджане пачалі пісаць лісты ў абарону – патрыярху Кірылу ў Маскву, мітрапаліту Паўлу і нават у Адміністрацыю прэзідэнта.

Царква ў Бягомлі

5 красавіка ў Бягомль прыбыла спецыяльная камісія Полацкай епархіі (у складзе 10 чалавек), якая мусіла прыняць маёмасць мясцовай царквы і перадаць яе новаму бацюшке, якога прызначылі замест айца Валерыя. Аднак прыхадскі савет абвясціў байкот камісіі Полацкай епархіі: вернікі адмовіліся перадаваць ключы ад храму і прызнаваць новага бацюшку. Па прыездзе камісіі каля мясцовага храму сабралася каля дзясятка вернікаў, якія горача абураліся паводзінамі епархіі і некалькі гадзінаў спрачаліся са святарамі. У выніку чальцы камісіі засталіся ні з чым – яны нават не высветлілі, у каго цяпер знаходзяцца ключы.

«Прыйдзе новы бацюшка – ніводны чалавек у царкву не зойдзе. Будзе адзін там маліцца», – запэўніваў журналіста адзін з прыхаджанаў храму ў Бягомлі.

Сам Валерый Цімкоў на сход не прыйшоў.

Вернікі і святары спрачаліся некалькі гадзінаў

Мясцовыя вернікі настойваюць на вяртанні айца Валерыя і лічаць, што маюць права распараджацца лёсам храму. Прыхаджане ўсяляк хваляць айца Валерыя, называюць яго «ідэальным» і «самым чалавечным» чалавекам. Адзначаюць, што без ягоных высілкаў храм у Бягомлі ніколі б не з’явіўся. Прычым словы ў ягоную абарону карэспандэнт belsat.eu пачуў ад людзей самага рознага ўзросту і сацыяльнага стану: ад настаўніка да бізнесоўца, ад старых да моладзі. «Скажу шчыра: 95% жыхароў гораду ўпэўнены ў невінаватасці бацюшкі», – заявіў нам мужчына, які прыехаў на дарагім пазадарожніку. Вернікаў абурае закрытасць суду над айцом Валерыем, некаторыя праводзяць паралелі са сталінскімі рэпрэсіямі.

«Ці мала каму захацелася яго прыбраць… Як у 37-годзе пашапталіся і зламалі чалавеку лёс. Што гэта за суд?» – кажа мужчына сталага веку.

Вернікі Бягомля і святар з камісіі Полацкай епархіі

Старшыня камісіі Полацкай епархіі айцец Міхаіл спрабаваў патлумачыць прыхаджанам, што яны прыехалі ў Бягомль наагул не для таго, каб вырашаць лёс айца Валерыя. Ён дадаў, што цяпер царкоўны суд другой інстанцыі разглядае апеляцыю па справе Валерыя Цімкова і тэарэтычна яго яшчэ могуць апраўдаць. Але пакуль сюды прызначылі часовага бацюшку, які мусіць аднавіць богаслужэнне ў храме. Дэталі скандальнай справы айцец Міхаіл адмовіўся каментаваць, спаслаўшыся на ўстаў: царкоўны суд мусіць быць закрыты, ягоныя матэрыялы катэгарычна нельга разгалошваць. Праўда, некаторыя чальцы царкоўнай камісіі адводзілі асобных прыхаджанаў у бок і намякалі, што айца Валерыя пакаралі не толькі і не столькі за «распусныя стасункі» – маўляў, грахоў за ім было шмат і рашэнне прынялі па сукупнасці. Аднак жыхароў Бягомля гэтыя намёкі не пераканалі: калі да яго былі прэтэнзіі і раней, чаму пра гэта толькі цяпер стала вядома?

Прадстаўнікі камісіі спрабавалі пераканаць вернікаў: маўляў, так званы актыў прыходу хоча падняць бунт, збіць вас з сапраўднага шляху. «Вы ж хочаце, каб адбывалася богаслужэнне, так? А ім малітва не патрэбная. Ім смута патрэбная», – казаў адзін са святароў. «Служба нам патрэбная, але нам патрэбная і справядлівасць», – адказвалі вернікі. Яны называюць паводзіны Полацкай епархіі абразлівымі: тая не ўлічвае іх меркаванне і не тлумачыць свае рашэнні. Прыхаджане скардзяцца, што чатыры месяцы епархія на іх не звяртала ўвагу, а цяпер хоча ўсё вырашыць таемна – пра прыезд камісіі стала вядома ў апошні момант, прыбыла яна ў разгар працоўнага дня, таму вернікі нават не мелі магчымасці сабраць сход.

«Мы глядзелі на Феадосія (архіепіскапа Полацкага і Глубокскага), як на Бога. А аказалася… Парушана вера!» – скардзіцца адна з прыхаджанак.

Бакі гэтак і не дамовіліся

Прыхаджане лічаць храм сваёй уласнасцю, бо ахвяравалі на яго свае грошы і нават асабіста прымалі ўдзел у будаўніцтве. Полацкая епархія нічым ім не дапамагла. «Вярніце мне грошы, што я ўклаў у гэтую царкву – і тады рабіце з ёй што хочаце», – сказаў святарам адзін з вернікаў. Прадстаўнікі Полацкай епархіі сцвярджаюць: не мае значэння, на чые сродкі пабудаваны храм, усё роўна ён – уласнасць БПЦ. «Мы мусім правесці прыём маёмасці сёння і цяпер», – паўтаралі святары. На іх думку, тая жменька людзей, што выступілі супраць Полацкай епархіі, не маюць права казаць за ўсіх вернікаў Бягомля. Але самі прыхаджане падчас спрэчак сцвярджалі: калі б пра прыезд камісіі даведаліся загадзя, да царквы б прыйшлі сотні вернікаў.

Дзверы царквы 5 красавіка гэтак і не адчынілі

Некаторыя святары, як сцвярджаюць прыхаджане, пагражалі прыбегчы да паслугаў міліцыі – сілаю забраць ключы або зламаць дзверы і нарэшце зайсці ў царкву. Аднак мясцовыя ўлады не падтрымалі радыкальны сцэнар. Пасля некалькіх гадзінаў спрэчак да храму прыехаў старшыня Докшыцкага райвыканкаму Алег Пінчук. Чыноўнік разводзіў рукамі: маўляў, ён прадстаўнік свецкай улады і не можа вырашаць царкоўныя пытанні. Але Пінчук падкрэсліў, што не лічыць патрэбным «нешта ламаць». Ды і падставаў для ўмяшання міліцыі пакуль няма.

«Я не ведаю, хто вінаваты, а хто не. Я нешта ламаць або не ламаць не буду. Трэба размаўляць і дамаўляцца», – заклікаў ён прыхаджанаў і святароў.

Ігар Ільяш belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары