Як Янка Купала натхніў Юрыя Гагарына на палёт у космас




Першы ў свеце касманаўт Юрый Гагарын паляцеў у космас 12 красавіка 1961 году. Тым часам мала хто ведае, што паўплывала на ягоную любоў да палётаў.

Цалкам магчыма, каб не Янка Купала, то Гагарын абраў бы для сябе іншы лёс. У траўні 1971 году маці Юрыя Гагарына наведала Менск. У музеі Янкі Купалы яна распавяла вельмі цікавы факт з дзяцінства сына.

«Яна згадала, што калісьці ў дзяцінстве сярод любімых вершаў яе сына Юры быў і верш-мара Янкі Купалы, верш-мара менавіта пра палёт», – распавядае вучоны сакратар Дзяржаўнага літаратурнага музею Янкі Купалы Галіна Варонава.

Гаворка ідзе пра верш «Хлопчык і лётчык», які Купала напісаў у 1935 годзе.

– Мой мілы таварыш, мой лётчык,

Вазьмі ты з сабою мяне!

Я – ведай – вялікі ўжо хлопчык

І ўмею ўжо лётаць у сне.

Мне мама сягоння казала,

Што стукнула мне ўжо сем год.

Табе гэта, можа, і мала,

А мне ляцець толькі ў палёт.

Мне ўжо надакучыла дома –

У дзіцячы хадзі адно сад.

А так паглядзеў бы, вядома,

На іншы парадак і лад.

Вазьмі ж мяне, лётчык, хачу я

Пабыць у людзях, паглядзець,

Як месяц на небе начуе,

Як блукае ў лесе мядзведзь,

Як свецяцца ночкаю зоры,

А днём не відаць іх чаму,

Як рэчкі ў далёкія моры

Улетку плывуць і ўзіму.

На моры зірнуць хоць раз вокам,

Як ходзяць па іх караблі,

Ляцеці далёка, высока

Ды так пабываць і ў Крамлі…

Вось гэтак у добрым здароўі

Мы будзем ляцець і ляцець.

Вазьмі ж мяне, лётчык, з сабою,

Не будзеш ты клопату мець!

Гэты верш быў прапісаны і ў сцэнары біяграфічнай стужкі пра дзяцінства Гагарына «Так пачыналася легенда», што праўда, там гэты верш чыталі ў расейскім перакладзе.

«Я перакананы, што продкі Гагарына, безумоўна, з этнічных беларускіх земляў. І ён цалкам мог зразумець у дзяцінстве верш Янкі Купалы ў арыгінале», – мяркуе гісторык Уладзімір Арлоў.

Фота: SAS Scandinavian Airlines

«Вельмі важна, каб, сапраўды, у дзяцінстве, у юнацтве, калі чалавек фармуецца як асоба, калі вызначае свой шлях, каб сустрэўся цудам [верш], які б падказаў, падтрымаў бы яго мару», – кажа Галіна Варонава.

Беларускі паэт Генадзь Бураўкін некалькі разоў сустракаўся з Гагарыным. Аднойчы Юрый сказаў, што ён амаль што беларус і прыгадаў, што ягоная вёска знаходзіцца за 70 кіламетраў ад былой мяжы ВКЛ. Тады ж Гагарын прызнаўся, што вельмі шкадуе, што ніколі не бываў у Беларусі і адчувае віну перад беларусамі.

На каго яшчэ з сусветнавядомых людзей паўплывала Беларусь? Глядзіце ў прэм’ерным выданні ток-шоу «Кожны з нас» (відэа вышэй).

Стужка навінаў