Як выжываюць Калінкавічы. Рэпартаж «Белсату»


Калісьці тут квітнела прамысловасць – эфектыўна працаваў завод бытавой хіміі, кансервавы завод, мэблевая фабрыка ды іншыя. Сёння Калінкавічы з 45-тысячным насельніцтвам хіба што выжываюць – заводы, якія яшчэ не зачыніліся, працуюць у адну змену, максімальны заробак – 400 рублёў.

«У мяне сваячка за 27 дзён працы атрымала 78 рублёў 19 капеек. Вось як жыць? 78 рублёў і трое малых дзетак», – распавядае мясцовы жыхар.

Іншы кажа:

«У мяне жонка атрымлівае 2 мільёны (200 рублёў), я – больш».

Маладая жанчына распавядае, што зарабляе прыкладна 400 рублёў. На такі заробак могуць разлічваць працаўнікі Калінкавіцкага мясакамбінату, які зʼяўляецца адным з самых вядомых мясцовых прадпрыемстваў.

Калінкавіцкі мясакамбінат звонку мае прыстойны выгляд: новы корпус адміністрацыі, ля прахадной – дэкаратыўны вадаспад і кветкі. На афіцыйным сайце ўстановы гаворыцца пра бесперапынную мадэрнізацыю і новыя тэхналогіі. Але вось так выглядае ўнутраны двор (глядзіце відэа вышэй): у некаторых памяшканнях няма нават аконных рамаў.

«Усё гэта лухта, прадпрыемства ў нас рэспектабельнае, нармальнае, больш нічога вам каментаваць не буду!», – кажа «Белсату» галоўны эканаміст прадпрыемства Наталля Чопік.

Што да іншых прадпрыемстваў гораду, то Калінкавіцкі рамонтна-тэхнічны завод вымушаны працаваць у адну змену, а частка супрацоўнікаў цяпер у адпачынку за свой кошт.

«Працаваў я на рамонтным заводзе першы раз з 1987 года да 1999-га. Спачатку майстрам АТК, пасля ліцейшчыкам. Скажу прама – у тыя гады сітуацыя была больш-менш добрая», – адзначае былы супрацоўнік рамонтна-тэхнічнага заводу Руслан Мятліцкі. – «Праз 11 гадоў я зноў прыйшоў працаваць у зборачны цэх і не пазнаў завод: па ім нібыта Мамай прайшоў!»

Мясцовы актывіст Дзяніс Рабянкоў звяртае ўвагу, што за апошнія 22 гады ў Калінкавічах закрыўся шыферны і кансервавы заводы, не працуе сельгастэхніка:

«У нас ва ўладзе цалкам некампетэнтныя і некваліфікаваныя людзі, якія не ведаюць, як працуе эканоміка ў XXI стагоддзі»

Глядзіце таксама:

Між тым, паводле афіцыйнай статыстыкі, Гомельская вобласць па даходах насельніцтва займае другое месца пасля Меншчыны. Нядаўна сюды прыязджаў кіраўнік краіны, каб азнаёміцца з сацыяльна-эканамічным развіццём рэгіёну. Тады кіраўнік краіны заявіў:

«Наш чалавек любіць, каб яго арганізавалі, каб паставілі да станку. Ён зробіць усё, што вы яму скажаце. Але спачатку трэба яму заплаціць».

Аднак сёння ў Калінкавічах няма ні тых станкоў, ні тых заробкаў. Таму моладзь пакідае родныя мясціны ды зʼязджае па заробкі, напрыклад, у Расею?

«Каб зарабіць грошай. Тут – ніяк», – адказвае на пытанне жыхар Калінкавічаў.

І пакуль Аляксандр Лукашэнка ў чарговы раз палымяна абяцае заробак «па пяцьсот», Калінкавічы стаяць на парозе эканамічнага калапсу і без надзеі на паратунак.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў