Як выжыць у крызіс? Парады ад Міхала Залескага


У Менску прайшла сустрэча з вядомым эканамістам, вядоўцам перадачы «Асабісты капітал» на тэлеканале «Белсат» Міхалам Залескім. За сустрэчай можна было сачыць  у онлайне на нашай старонцы.

«У эканоміцы хто болей рызыкуе, той болей выйграе»

Каб зразумець, што такое крызіс, трэба звярнуцца да таго, адкуль ён пайшоў, заўважыў адмысловец. Паводле яго, пытанні эканомікі варта разглядаць не ў катэгорыі эвалюцыі, а адаптацыі.

«Кожны чалавек, кожная жывая істота хоча кантраляваць тое, што адбываецца вакол яе. Калі крэсла пачне падаць, то я ўчаплюся, абапруся, падскочу, я нешта зраблю, пачну адаптавацца да гэных змяненняў. Гэная адаптацыя праз кантроль выпрацоўвае ў чалавека пэўныя звычкі. Таксама яна выпрацоўвае эканамічныя звычкі ў кожнага чалавека, у кожнай сямʼі. Ну, як савецкія людзі рэагавалі. Была нават прымаўка савецкага чалавека: дзяржава робіць выгляд, што плацяць, а мы робім выгляд, што працуем. Людзі на нізкі ўзровень аплаты рэагавалі нізкай прадукцыйнасцю працы, перакурамі… І яно так паціху цягнулася. Вось гэна і ёсць звычка, прычым дастаткова эфектыўная. Яна замацоўваецца, скажам, на народным узроўні, у прымаўках: паміраць збірайся, а жыта сей. Бо калі я вырашу, што я стары і жыта сеяць не буду, то што я буду есці восенню?», – адзначыў эканаміст.

Звычкі часам аказваюцца непрыдатнымі, адзначыў Міхал Залескі. Паводле яго, адаптацыя прымушае выжываць усіх, але выжывае той, хто выпадкова (як і ўсё на гэтым свеце) аказаўся прыстасаваным да новых умоваў.

«У эканоміцы хто болей рызыкуе, той болей выйграе. Хто пайшоў нестандартна, той заробіць звышпрыбытак. Хто гуляе памаленьку, будзе жыць памаленьку. У такім плане мы маем разглядаць, што такое крызіс? Крызіс – гэта непрыдатнасць нашых звычак, нашых гаспадарчых звычак, непрыдатнасць маіх звычак зарабляць, непрыдатнасць жончыных звычак ашчаджаць, непрыдатнасць маіх дзяцей ашчаджаць. Мы ўсе непрыстасаваныя. І вось тут у нас пачынаецца крызіс у сямʼі», – патлумачыў спадар Залескі.

Першы крызіс – пасля развалу СССР

Крызісаў было некалькі цягам гісторыі незалежнай Беларусі, а людзі адаптаваліся да іх па-рознаму. Першы крызіс адбыўся, калі распаўся СССР. Людзі пачалі страчваць працу ды выдаткоўваць ашчаджанні. Людзі пачалі прыстасоўвацца.

«Але высветлілася, што існуюць толькі 2 стратэгіі прыстасавання савецкага чалавека. Першая – пачынаць вязаць са старых калготак пылавікі, працаваць на дачы, ашчаджаць-ашчаджаць-ашчаджаць ды выгнаць дзядулю, які не гасіць святло ў туалеце. Але гэная стратэгія далёка не заводзіць. Другая стратэгія – пошуку прыбыткаў», – падкрэсліў адмысловец.

Колькасць людзей, якія арыентуюцца на стратэгію здабывання грошай, расце вельмі павольна. Беларусы пайшлі шляхам ашчаджання ды вяртаюцца ў першабытны лад, мяркуе эканаміст.

Людзі ў Менску ў 5 км ад рэзідэнцыі кіраўніка краіны займаюцца падсечна-агнявым земляробствам, спальваючы дрэвы ды ачышчаючы зямля для яблынь. У сваю чаргу ў ЗША лядоўня ў сярэднім служыць каля 4 гадоў. У беларускай кухні лядоўня стаіць у сярэднім 17 гадоў. «Мы тут гаворым пра спосабы прыстасавання, але нейкая частка людзей кінулася ў заробкі. Некаторыя з іх падняліся і сталі вельмі багатымі. З іх пачалося пераразмеркаванне і яны дапамаглі частцы людзей выйсці з крызісу», – адзначыў Міхал Залескі.

Некаторыя пайшлі злачынным шляхам. З другога боку дзяржава пачала ствараць у вялікай колькасці сілавыя структуры, каб выйсці з крызісу. «А куды гэных лбоў падзець, калі работы ў іх няма. Хай яны лепей адно аднога ахоўваюць, чым пад мостам стаяць, каб адбіраць у розных бізнесменаў апошнія іхныя долары».

Другі крызіс наступіў, калі эканоміка Беларусі адчынілася

Другі крызіс пачаўся крыху пазней, калі беларуская эканоміка адчынілася рэальна. У 1998 годзе крызіс закрануў эканомікі шмат якіх краінаў. Беларусь пазычыла тады столькі ж грошай, што і Паўднёвая Карэя, дзе цяпер самая вялікая колькасць прамысловых робатаў.

«Як прыстасоўвалася дзяржава, якая таксама перажывала той крызіс? Нашая дзяржава сфармаваная, кіруецца камсамольцамі і другімі сакратарамі раённых камітэтаў Камуністычнай партыі. Гэныя хлопцы «крэпкія хазяйственнікі». <…> Гэныя людзі не такія простыя, як здаецца, – яны значна прасцейшыя. Яны сапраўды моцныя гаспадарнікі і ўмеюць асвойваць рэсурс. Для таго, каб асвойваць рэсурс, яго трэба здабываць, і яны сталі пазычаць», – распавёў эканаміст.

У 1970-1980-ыя гады Беларусь мела інвестыцыі параўнальныя з інвестыцыямі, якія атрымалі Францыя, Нямеччына ды Японія на 100 тысяч насельніцтва. «Рэальна, тое, што было зроблена, было зроблена моцна. Ніхто не адмовіцца», – адзначыў адмысловец.

За гэты час беларусы, аднак, праелі гэтыя грошы. «Цяпер пасля амерыканцаў мы самыя тоўстыя людзі ў свеце, калі паглядзець па колькасці тоўстых, мы – самая аўтамабілізаваная нацыя на постсавецкай прасторы, у нас найболей дач на 100 тыс. насельніцтва. $ 15 млрд мы закапалі ў лецішчы», – адзначыў спадар Залескі.

Яшчэ адзін крызіс

Беларусь вырошчвае сёмую частку бульбы на планеце, праўда, 48 % бульбы згнівае, і мы мусім купляць бульбу ў замежжы.

«А ў бульбасховішчы нехта інвеставаў? І вось тут мы гаворым, што ёсць яшчэ адзін крызіс – інвестыцыйнага працэсу. А чаму ён? Бо ў нас так і не стварыўся за ўсе гады незалежнасці механізм, паводле якога грошы з маёй кішэні перацякаюць у тыя вытворчасці, якія даюць найбольшы прыбытак. Чаму? Таму што нашыя сакратары райкамаў і камсоргі ненавідзяць пасярэднікаў», – падкрэсліў эканаміст.

Паводле яго, у 1913 годзе паміж расейскім селянінам і глабальным рынкам збожжа было 8 пасярэднікаў, прычым усё нармальна працавала. З прыходам камуністаў да ўлады паўстала арганізацыя «Экспартхлеб», якая займалася імпартам хлебу, бо нічога не магла прадаць. «Не было чаго прадаваць, самі з голаду паміралі. Чаму так? Людзі сталі дурныя? Не. Людзі былі такія самыя», – звярнуў увагу Міхал Залескі.

Калі ўзяць слесара на заводзе ў Баранавічах, то ён вырабляе экспартнай прадукцыі на $ 1 300 за год, слесар у Беластоку – на $ 3 100, а працаўнік у Чыкага – $ 13 000. «У іх што, рукі да розных месцаў прыстаўленыя? Не. Аднолькавыя людзі. Начальства рознае. Начальства арганізоўвае так, што яны эксплуатуюцца правільна ў нас, яшчэ правільней у Польшчы і найлепшым чынам у Чыкага», – заўважыў адмысловец.

«Выжывае той, хто працуе адразу ў некалькіх кірунках»

Кірункаў для людзей, якія хочуць зарабіць, існуе мноства, пачынаючы ад навукі і заканчваючы сельскай гаспадаркай. Паводле эканаміста, перспектыўныя бізнесы існуюць заўсёды.

«Паглядзіце, колькі пахавальных кантор? Перспектыўны бізнес у крызіс, праўда? Такі чорны жарт, але тым не менш. Калі чалавек стаіць на адной назе, то ён няўстойлівы. Калі ён стаіць на дзвюх нагах – ён больш устойлівы. Выжывае той, хто працуе адразу ў некалькіх кірунках, той, хто актыўна шукае, той, хто намацвае цвёрдую глебу ў крызісе. Ні ў якім выпадку ў крызіснай сітуацыі нельга спыняцца. Рабіце хоць што-небудзь. Гэта адзіны правільны адказ. Той, хто нічога не робіць, становіцца на каляіну ашчаджання. Калі я нічога не раблю, то нібыта меней выдаткоўваю энергіі, лёг, дыхаю рэдка, каб кісларод не траціць, есці не будзе хацецца, калі будзеш увесь час ляжаць, адначасова будзе памяншацца вага, буду займаць менш месца на планеце. Прадай кватэру, спі пад кустом – тут ёсць таксама мадэлі. Трэба рабіць тое, за што людзі гатовыя плаціць», – заўважыў эксперт.

Спатканне з Міхалам Залескім адбылася 24 траўня а 19-й гадзіне ў Прэс-клубе, які месціцца ў Менску па адрасе: вул. Веры Харужай 3-601. karta

Гэта другая імпрэза з цыклу «сустрэч з тварамі «Белсату». У красавіку першай з гледачамі сустрэлася журналістка Святлана Калінкіна.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў