Археолагі ў Грэцыі лічаць, што ім удалося раскапаць старажытнагрэчаскі горад Тэнэя, які, імаверна, быў заснаваны пасля Траянскай вайны.
Як паведамляе ВВС, археолагі выявілі рэшткі жылога селішча, ювелірныя вырабы, манеты і некалькі пахаванняў у паўднёвай частцы Пелапанеса.
Там знайшлі акуратна збудаваныя сцены, а таксама гліняныя, каменныя і мармуровыя падлогі. Таксама было знойдзена каля 200 рэдкіх манет, у тым ліку адна манета, прызначаная для аплаты падарожжа ў замагільнае жыццё. Акрамя таго, выявілі сем магіл, у тым ліку адна з парэшткамі жанчыны і дзіцяці. Пахаванні ўпрыгожаныя вазамі і ювелірнымі вырабамі, што сведчыць пра пэўны ўзровень дабрабыту.
Да гэтага часу ў археолагаў было толькі ўяўленне пра тое, дзе можа знаходзіцца Тэнэя, але ў іх не было доказаў. Знойдзеныя прадметы належаць да IV стагоддзя да н.э.
Пра Тэнэю мала што вядома дакладна. У часы праўлення нашчадкаў аргосскага цара Фідона Тэнэя стала незалежнай. Пад канец VI ст. да н. э. Тэнэя ўвайшла ў склад Пелапанескага саюза. Падчас Ахейскай вайны (146 да н. э.) тэнэйцы паўсталі і перайшлі на бок рымлян.
Мяркуюць, што горад квітнеў у часы Рымскай імперыі, але, магчыма, быў пакінуты жыхарамі ў 4 стагоддзі н.э.
КА, belsat.eu