Як выглядае крыніца, якую добраўпарадкаваў сам Лукашэнка? ​


Густы Аляксандра Лукашэнка змяніліся, раней ён будаваў Лядовыя палацы, а зараз узяўся за крыніцы. На рэспубліканскім суботніку 21 красавіка ўся ягоная сям’я працавала над добраўпарадкаваннем Трафімавай крыніцы. Як распавядае сам кіраўнік краіны, крыніца названа ў гонар цесляра Трафіма, ягонага дзеда. Мы наведалі малую радзіму Лукашэнкі праз месяц пасля суботніка.

Трафімава крыніца знаходзіцца непадалёк ад аграгарадка Александрыя ў Шклоўскім раёне. Дарожны ўказальнік на яе стаіць побач з воданапорнай вышкай. За вадой з гэтай крыніцы зручна прылятаць на ўласным верталёце – дзеля гэтага побач пабудавана верталётная пляцоўка. Свой уласны загад на аднаўленне крыніцы Лукашэнка даў яшчэ ў 2013 годзе.

Верталётная пляцоўка на ўездзе ў Александрыю

​На гэтую крыніцу кіраўнік дзяржавы прыязджае сам і запрашае высокіх гасцей. Так, у 2016 годзе ён частаваў крынічнай вадой Дзмітрыя Мядзведзева. Вакол крыніцы складзена шмат легенд, згодна адной – дзед Аляксандра Лукашэнкі Трафім калісьці праклаў сюды сцяжынку і пабудаваў калодзеж. Згодна з другой легендай, сёння на крыніцу едуць тысячы людзей з суседніх рэспублік, каб трапіць у святое месца і акунуцца ў гаючай вадзе.

Нам не пашчасціла сустрэць на крыніцы ані кіраўніка краіны, ані іншаземцаў, затое там былі мясцовыя жыхары. Людзі распавялі, што Лукашэнка вельмі моцна ўзяўся за добраўпарадкаванне крыніцы толькі ў гэтым годзе. Раней тут была сціплая купальня, крыж з калодзежам і адзінокая альтанка.

Зараз жа крыніцу не пазнаць – усё перабудавана на багаты манер, вакол разбіты вялізны парк. Можна папіць вадзічкі, можна скочыць у купель, але ўсё ж такі месца больш успрымаецца як парк для адпачынку, а не як святое.

Вось так выглядала купальня год таму.

Фота: lana-romand.livejournal.com

А вось так выглядае сёння.

Уся тэрыторыя крыніцы – і прыродная частка, і самі будынкі – аздобленая штучным асвятленнем. На ўваходзе маецца папярэджанне, што крыніца знаходзіцца пад відэаназіраннем. Па сведчаннях мясцовых жыхароў, тут ёсць і ахоўнік, але мы яго не сустрэлі.

Паркавая скульптура бабра

Уваходная група аздоблена макетам вёскі і планам самой крыніцы. Уніз вядзе шырокая драўляная лесвіца. Амаль на самым уваходзе наведнікаў сустракае драўляная скульптура дзеда, які не тое выказвае падзяку, што прыйшлі, не тое просіць міласціну – адна рука скульптуры прыкладзена да сэрца, а другая збірае ў коўш мелкія манеты.

Па лесвіцы наведнікі крыніцы могуць спусціцца ў парк. Уся тэрыторыя моцна забалочаная, таму перасоўвацца лепей па драўляных сцежках. Тут ля кожнага віду расліннасці стаіць таблічка з назвай: кедр сібірскі, дуб чырвоны, вярба залацістая, каліна звычайная, вінаград дзявочы, бяроза бародаўчатая, а таксама розныя віды кустоў і кветак.

На дзяржаўным суботніку 21 красавіка Лукашэнка з сынамі саджалі дрэвы – адмысловая таблічка ў парку сведчыць, што дрэвы высаджаны літарамі Т і К, што значыць «Трафімава Крыніца».

У 2018 годзе на крыніцы вяліся і іншыя працы: былі абноўлены старыя і ўзведзены новыя пабудовы, у парку вешалі шпакоўні, выкладалі камянямі пешаходную сцежку, уладкоўвалі клумбы. Ля старога ўваходу на крыніцу яшчэ засталіся пясчаныя кучы, а значыць, працы пакуль не скончаны.

Стары ўваход на крыніцу яшчэ не дароблены

Больш за ўсё ўражвае купальня – гэта вялікі дом, аздоблены абразамі і рушнікамі. Вада празрыстая-празрыстая, а на дне купелі ляжаць марскія камяні. Пад столлю вісяць сімвалы адразу чатырох канфесій: праваслаўны, каталіцкі, іўдзейскі і мусульманскі, хаця ля самой крыніцы знаходзіцца толькі праваслаўны крыж.

Устаноўлены на крыніцы інфармацыйны стэнд паведамляе: «Першае згадванне крыніцы адносіцца да 1917 г. Пры яе аднаўленні быў знойдзены крыж і элементы драўляных канструкцыяў зруба, а таксама абрадавыя прадметы, што сведчаць пра тое, што крыніца была асвячоная».

Таксама напісана своеасабівая інструкцыя па ўжыванню вады.

«Праз прыродную фільтрацыю вада робіцца крыштальна чыстай і жыватворнай. Ужываць ваду рэкамендуецца з лагоднасцю, пакорай і малітвай. Трафімава крыніца дапамагае тым, хто звяртаецца да яе з добрымі думкамі. Крыніца адноўлена і добраўпарадкавана па даручэнні прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі».

АС​

Глядзі таксама
Каментары