Як выглядае беларуска-расейская мяжа ў першы дзень забароны на ўезд?


Апоўначы 18 сакавіка Расейская Федэрацыя забараніла замежнікам заязджаць на сваю тэрыторыю. Афіцыйная прычына – пагаршэнне сітуацыі з каронавірусам у свеце. Пад забарону трапілі і беларусы – жыхары Саюзнай дзяржавы.

Мяжа Расеі і Беларусі.
Фота: Belsat.eu

Цяпер на беларуска-расейскай мяжы каля вёскі Завольша Лёзненскага раёну спакойна, і перасякаюць яе найчасцей машыны з нумарамі РФ, радзей – Еўрапейскага звязу. Яшчэ нядаўна, адразу пасля закрыцця мяжы, хапала і беларусаў, але апоўначы іх перасталі прапускаць праз мяжу.

Фота: Belsat.eu

– Пад раніцу машынаў 20 з беларускімі нумарамі развярнулі назад. Іншых, хто ехаў разам з расейцамі ў чужой машыне, высаджвалі на мяжы. Гэта памежнікі робяць. Расейцы свабодна заязджаюць і выязджаюць, а беларусаў не пускаюць, – каментуе сітуацыю «Белсату» Дзмітрый, супрацоўнік страхавой кампаніі.

Дзмітрый, супрацоўнік страхавой фірмы.
Фота: Belsat.eu

Мужчына адзначае, што цяперашняе закрыццё межаў, якое папярэдне будзе дзейнічаць да 1 траўня, ужо адгукаецца на ягонай рабоце:

– Адна аформленая страхоўка за дзень [на 12:00 18 сакавіка. – Belsat.eu]. Звычайна на гэты час іх 10-20. Калі так далей пойдзе, нас адправяць у адпачынак, дома сядзець. А ў мяне сям’я – трое дзяцей. Іх трэба карміць, яшчэ растэрміноўкі ёсць, за кватэру крэдыт. Дзе я грошы вазьму на гэта?

Фота: Belsat.eu
Фота: Belsat.eu

– Пасля 12 гадзінаў амаль нікога няма. Мы самі не ведаем, што будзе, але пакуль такая сітуацыя. Чакаем, можа быць хто-небудзь паедзе, – гаворыць Мікалай, яшчэ адзін супрацоўнік страхавой кампаніі.

Фота: Belsat.eu

Мужчыны прызнаюцца, што ўжо цяпер падумваюць пра змену працы, аднак і ў суседніх гарадах – Віцебску і Лёзне – яе таксама няма. А беспрацоўных цяпер стане яшчэ больш. Паводле суразмоўцаў, палова Лёзна працавала ў расейскай Рудні на малаказаводзе ды іншых месцах. А цяпер усіх адправілі дамоў за свае грошы.

Сітуацыя з закрыццём расейскіх межаў закранула не толькі жыхароў Беларусі. Ужо з ночы на мяжы стаяць кіроўцы з краінаў Сярэдняй Азіі ды не ведаюць, што рабіць далей. Усе яны пераганялі машыны з Літвы і Польшчы, але цяпер нават не могуць дабрацца дадому.

– З Беларусі выехалі нармальна, а Расейскі бок закрыў нам мяжу. І ўсё, больш нічога не гавораць. Да 1 траўня так, а далей не ведаем, – гаворыць кіроўца з Казахстану.

Фота: Belsat.eu

Але некаторыя замежнікі перасякаюць мяжу без перашкодаў. Праўда і яны адзначаюць, што кантроль узмацнілі.

– У нас афіцыйныя грузаперавозкі, доўга правяраюць, але пускаюць, нам нічога не будзе, працуем на фірму. Не пускаюць тых, хто нелегальна едзе, – гаворыць кіроўца з Узбекістану.

Фота: Belsat.eu

Закрыццё межаў стала сюрпрызам не толькі для транзітных кіроўцаў, але і для мясцовых беларусаў. У адзінай прыдарожнай кавярні на мяжы таксама не верылі, ці сапраўды Расея пойдзе на гэта.

Зоя Языкова, прадавачка кавярні.
Фота: Belsat.eu

– Да нас прыходзілі памежнікі [расейскія. – Belsat.eu] есці, мы ў іх пыталіся [пра закрыццё мяжы. – Belsat.eu]. Яны сказалі: не, гэта поўная лухта. Казалі, што не было аніякага распараджэння, а калі і будзе, то яшчэ тры дні чакаць трэба. Многа хто праязджаў, усе ў іх пыталіся, але яны нічога не казалі. Можа быць, у іх інструкцыя такая. Але мяжу ўзялі і закрылі сёння, – распавядае «Белсату» Зоя Языкова, прадавачка кавярні.

Рабіць нейкія вывады наконт работы ў новых умовах супрацоўнікі кавярні пакуль не адважваюцца ды стараюцца працаваць па-ранейшаму.

Фота: Belsat.eu

– Мы таксама ў нейкім чаканні. Мы не тое, каб баімся – не баімся, мы як усе. Ад гэтага нікуды не падзенешся, – дадае Зоя Языкова.

У сітуацыі з закрыццём беларуска-расейскай мяжы мясцовы бізнес разлічвае ў першую чаргу на расейскіх кіроўцаў, якія карыстаюцца прыдарожным сэрвісам. Людзі апасаюцца, каб закрыццё межаў не падоўжылася на большы тэрмін, а таксама спадзяюцца, што Беларусь не пойдзе на аналагічныя меры са свайго боку.

Фота: Belsat.eu

Віктар Старавойтаў Belsat.eu

Стужка навінаў