Як выбіць сілавікоў з рук Лукашэнкі


Лукашэнка пужае Крэмль захопам Беларусі NATO і атакаю Захаду на Расею ў выпадку падзення дыктатуры ў Беларусі. Тым часам Святлана Ціханоўская абвяшчае новы этап народнага трыбуналу над злачынствамі рэжыму. Чаго баіцца Лукашэнка і як Захад можа дапамагчы беларусам?

Падчас онлайн-сустрэчы з кіраўнікамі іншых краін – сябраў АДКБ Лукашэнка заводзіць старую «шарманку» пра ўяўныя прэтэнзіі Польшчы на тэрыторыі Беларусі:

«Рэч у «гістарычнай прыналежнасці беларускіх земляў Польшчы». Гэта заяўляецца ўжо ў адкрытым рэжыме. Слухайце, ці я як прэзідэнт і беларусы можам з гэтым пагадзіцца? Па-другое, нам абсалютна зразумела стала: рэч у стварэнні групоўкі NATO для захопу гэтых земляў».

Відавочна, што нелегітымны кіраўнік краіны чарговы раз спрабуе націснуць на імперскія амбіцыі Крамля ды асабістыя сантыменты Пуціна. Які сам, дарэчы, падчас сесіі заявіў, што ў Беларусі прысутнічае «вонкавае ўмяшанне». Што праўда, не сказаў, з якога боку.

Каментуе палітолаг Павел Усаў:

«Такою рыторыкаю можа карыстацца выключна расейскі істэблішмент для ўнутранай патрэбы. І рэакцыі на заявы Лукашэнкі, напэўна, не будзе ніякай. Тым больш, такія краіны АДКБ, як Казахстан, Арменія, Таджыкістан, Кыргызстан не збіраюцца рэальна нейкім чынам супрацьстаяць ці ваяваць з NATO, бо гэта абсурд».

Аднак Лукашэнка лічыць абсалютна па-іншаму і працягвае:

«Падзеі ў Беларусі – адкрыта ўжо кажуць: гэта трамплін для ціску на Расейскую Федэрацыю. Пры гэтым вось проста па-сяброўску хачу сказаць: калі нехта думае, што гэта недзе далёка – Беларусь, што гэта не ў нас (можа быць, і мы калісьці так думалі, нават пра падзеі ва Украіне – гэта недзе не ў нас), то не паспееце азірнуцца, як гэта будзе ў вас. Таму нам трэба працаваць супраць гэтага цяпер. Выкарыстоўваючы горкі досвед у тым ліку і Беларусі».

Перакладаем на зразумелую мову: дайце хоць колькі грошай, ато хутка вораг будзе пад сценамі Крамля. Каб зразумець рэакцыю Пуціна, дастаткова проста паглядзець на ягоны выраз твару падчас відэаканферэнцыі АДКБ.

Верагодна, што Лукашэнка спрабуе падаць у якасці вонкавай пагрозы міжнародны ціск на рэжым у Беларусі. У тым ліку на сілавы блок дыктатуры. Гэтак, цяпер штаб Святланы Ціханоўскай, а таксама шэраг грамадскіх арганізацыяў вядзе працу над прызнаннем ОМОН і ГУБОПиК тэрарыстычнымі арганізацыямі. Што праўда, агульнае міжнароднае прызнанне будзе атрымаць даволі складана. Аднак можна дабіцца яго ад асобных краінаў ці на ўзроўні Еўразвязу.

Hавiны
Еўразвяз ударыць па бізнесоўцах Лукашэнкі
2020.12.04 12:02

Каментуе адвакат Алесь Міхалевіч:

«Для тых людзей, якія ўдзельнічаюць у гэтых арганізацыях, будуць абмежаванні прыезду, банкаўскіх рахункаў, вялікія праблемы і канкрэтны пераслед у асобных краінах, калі яны туды прыедуць. Але мы ўсе разумеем, што працаўнікі гэтых арганізацыяў нават у Расею не асабліва ездзяць, не кажучы пра іншыя краіны».

Да таго ж, злачынствы рэжыму будуць разглядацца ў судах замежных краінаў пры дапамозе ўніверсальнай юрысдыкцыі. Грамадзяне Беларусі могуць звяртацца ў органы іншых дзяржаваў, дзе могуць разглядацца такія справы. Гэтак, у Літве распачалі следства ў справе Максіма Харошына – уладальніка кветкавай крамы, якога затрымалі і жорстка збілі беларускія сілавікі.

Каментуе Франак Вячорка, дарадца Святланы Ціханоўскай у міжнародных справах:

«Калі следства будзе завершанае, гэта будзе выдатны мэсідж усім тым у Беларусі, хто б’е, зневажае, гвалтуе, што нішто не застанецца беспакараным. Нашая задача – не дапусціць беспакаранасці. Нават калі не будзе Лукашэнкі, тыя людзі, якія здзяйсняюць злачынствы, не павінны сысці ад адказнасці. І кейсы ўніверсальнай юрысдыкцыі – выдатная магчымасць пакараць людзей ужо цяпер, а не праз некалькі гадоў, калі ўсё забудзецца і гэтым людзям усё сыдзе з рук».

Дзеля ўзмацнення гэтакага ціску Народнае антыкрызіснае ўпраўленне Паўла Латушкі сумесна з камандаю былых працаўнікоў сілавых структураў «By_Pol» стварылі Адзіную кнігу рэгістрацыі злачынстваў. Там будуць збірацца ды апрацоўвацца ўсе звесткі пра ўсе парушэнні закону, на падставе чаго пасля і будуць ініцыяваныя судовыя працэсы.

Андрэй Астаповіч, былы следчы, каардынатар ініцыятывы «By_Pol»:

«Універсальная юрысдыкцыя можа паскорыць працэс стварэння следчай міжнароднай групы для расследавання злачынстваў супраць чалавецтва ў дачыненні грамадзянаў на тэрыторыі Беларусі».

На гэты момант ужо вядзецца падрыхтоўка яшчэ каля дзясятка падобных справаў для суда ў Літве. Аднак задача штаба Святланы Ціханоўскай – улучыць у расследаванні злачынстваў рэжыму як мінімум усе краіны Еўропы, якія маюць такую магчымасць паводле закону.

Hавiны
Байдэн запрасіў Ціханоўскую. Эксклюзіўнае інтэрв’ю
2020.11.27 07:30

Адвакат Алесь Міхалевіч:

«Нягледзячы на тое, што замежныя краіны маюць права ўзбуджаць крымінальныя справы адносна злачынстваў супраць чалавецтва і супраць катаванняў, якія ў Беларусі адбываюцца, перш за ўсё гэта павінна быць грамадская кампанія. Асвятленне ўсяго гэтага ў міжнародных СМІ, і павінен быць персанальны ціск супраць гэтых людзей».

Акрамя ціску, стварэнне Адзінай кнігі рэгістрацыі злачынстваў ды яе пастаяннае абнаўленне дазволіць падтрымліваць пытанне рэпрэсіяў рэжыму супраць беларусаў на парадку дня як унутры краіны, гэтак і за яе межамі.

Андрэй Астаповіч:

«Гэтая кніга задуманая для таго, каб даць магчымасць людзям звярнуцца ў незалежны орган, бо на тэрыторыі Беларусі на гэты момант, на жаль, нельга сабе запэўніць абарону. Ніхто гэтую абарону не дае менавіта легітымна, незалежна ад пазіцыі чалавека ў палітычным плане».

Таму не дзіва, што Лукашэнку моцна нервуе гэтая ініцыятыва, бо ціск на сілавікоў – наўпроставая спроба выбіць з ягоных рук адзіную карту, якая ў яго засталася.

Сюжэт з праграмы «ПраСвет» ад 03.12.2020

Зміцер Міцкевіч для праграмы «ПраСвет»

Калаж з фота: Gleb Garanich / Reuters / Forum, Stringer / TASS / Forum

 

Стужка навінаў