Як выбары фальсіфікавалі ў Івацэвіцкім раёне


Берасцейскіх назіральнікаў у першы дзень датэрміновага галасавання адправілі на вуліцу. Фота: «Белсат»

Незалежны назіральнік Аляксандр Касавец даслаў у рэдакцыю «Белсату» зварот, у якім зявіў, што на выбарах у Івацэвіцкім раёне са значнаю перавагай перамагла Святлана Ціханоўская. У некаторых мясцовасцях, паводле назіральніка, за кандыдатку прагаласавалі 98 % выбарнікаў.

Жыхар Івацэвічаў Аляксандр Касавец зарэгістраваўся назіральнікам ва ўчастковых выбарчых камісіях гораду, а таксама і ў тэрытарыяльнай камісіі.

«Датэрміновыя выбары ў нас у сёлета былі з 4 да 8 жніўня з 10 да 14 гадзін, і з 16 да 19 гадзін. У нас на ўчастку № 5 было 2 незалежныя назіральнікі, і таму мы лічылі кожны дзень, колькі людзей прыйшло галасаваць датэрмінова. І вось тут пачынаецца пацеха – кожны дзень лічбы назіральнікаў 2 у разы не сыходзяцца з вынікам дня, які вывешвае камісія. Я падаю скаргу ў пракуратуру на тое, што ідуць прыпіскі і завышэнне колькасці людзей, якія нібыта прагаласавалі. Гэта парушэнне 192 артыкула Крымінальнага кодэксу. За 5 дзён у нас па выніках пратаколу камісіі прагаласавала 895 чалавек. А паводле падлікаў назіральнікаў – 500 чалавек. Але гэта не самае страшнае. Я як назіральнік з усёй адказнасцю магу сцвярджаць, што ў перыяд з 8 па 9 жніўня скрыню для датэрміновага галасавання ўскрылі, і бюлетэні замянілі. У 800 бюлетэнях паставілі рыску за Лукашэнку і 90 за Ціханоўскую. Я з гэтай нагоды рыхтую заяву ў пракуратуру.

Падлік галасоў за зачыненымі ад незалежных назіральнікаў дзвярыма.
Фота: «Белсат»

У асноўны дзень выбараў 9 жніўня ля нас на ўчастку № 5 гораду Івацэвічы прагаласавала 1930 чалавек. Скрыні для датэрміновага галасавання і ў асноўны дзень лічацца асобна, і потым падсумоўваюцца.

Я хачу сказаць – 9 жніўня ўсе сябры нашай камісіі лічылі галасы сумленна. Пералічвалі па 2 разы ўсё.

Ціханоўская атрымала 966 галасоў, за Лукашэнку прагаласавалі 700 асобаў. Але агулам з падмененымі бюлетэнямі падчас датэрміновага галасавання атрымалася, што за Ціханоўскую прагаласавалі 1056 выбарнікаў, што складае што 40 %, а за Лукашэнку роўна 1500, ці 56 %.

На ўчастку № 1 у Івацэвічах, дзе таксама былі незалежныя назіральнікі, перамагла Ціханоўская, якая атрымала 879 галасоў, Лукашэнка -869 галасоў. Назіральнікамі там таксама зафіксавалі завышэнне яўкі выбарнікаў. Рыхтуюцца скаргі ў пракуратуру. Атрымліваецца, што нават там, дзе за Лукашэнку падкідвалі на датэрміновым галасаванні бюлетэні, ён усё роўна прайграе Святлане Ціханоўскай.

Паводле заканадаўства, на кожным участку пасля падліку галасоў павінныя вывешвацца пратаколы аб выніках выбараў. Калі камісіі іх не вывешваюць, значыць яны хаваюць вынікі галасавання, што забаронена артыкулам 49 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

На ўчастках № 2, 3, 4, 6 Івацэвічаў пратаколы не вывешваліся, што азначае, што лічбы на карысць Ціханоўскай атрымаліся больш чым у Лукашэнкі. Пра гэта на ўмовах ананімнасці мне паведамілі некалькі сябраў гэтых камісіяў.

Як назіральнік тэрытарыяльнай камісіі я 9 жніўня ў 23-30 прыйшоў у наш райвыканкам для ўдзел у паседжанні. Мяне вядома не дапусцілі. Таму 10 жніўня я падаў скаргі ў камісію і ў пракуратуру. 10 жніўня мне зноў адмовілі. Але на ўмовах ананімнасці адзін з прадстаўнікоў камісіі мне распавёў, што Івацэвіцкая вертыкаль улады загадала, што пасля абвяшчэнне вынікаў ЦВК, ім давядуць, якія лічбы па выніковых пратаколах павінныя быць, і наша тэрытарыяльнай камісія іх напіша.

10 жніўня а 10 раніцы мяне даставілі ў Івацэвіцкі РАУС для гутаркі з начальнікам міліцыі (За апошнія 5 дзён гэта ўжо не першы раз). Той папярэдзіў мяне, што калі вечарам 10 жніўня на плошчы ў горадзе ізноў будуць людзі і мітынг, яны знойдуць за што мяне надоўга пасадзіць.

Падсумоўваючы, як незалежны назіральнік з усёй адказнасцю заяўляю, што мінулыя прэзідэнцкія выбары 9 жніўня ў Івацэвіцкім раёне фальсіфікавалі. Па выніках сумленных вынікаў у нас на ўсіх участках перамагла з вялікім адрывам Святлана Ціханоўская. Цяпер жа, з увагі на апошнія падзеі магу сказаць, што ў нашай краіне адбываецца дзяржаўны пераварот з мэтай сілавога ўтрымання ўлады з боку Аляксандра Лукашэнкі».

Са спасылкай на прадстаўнікоў камісіі назіральнік увердзіць, што ў палескай вёсцы Вулька Аброўская 98 % выбарнікаў прагаласавалі за Святлану Ціханоўскую.

Belsat.eu

Стужка навінаў