Як упрыгожыць двор нацыянальнымі сімваламі, не парушаючы заканадаўства?


Апошнім часам усё больш беларускіх двароў упрыгожваюцца, прыбіраюцца ды рамантуюцца рукамі жыхароў. Што праўда, мясцовую адміністрацыю чамусьці не задавальняюць ані элементы дэкору, ані абраныя каляровыя рашэнні. Напярэдадні святаў мы вырашылі даведацца ў адмыслоўцы, як упрыгожыць двор, не парушаючы заканадаўства. Гутарым са старшынём сталічнага таварыства ўласнікаў Юрыем Вадзяніцкім.

Каму належыць тэрыторыя з дзіцячымі пляцоўкамі ды іншымі месцамі адпачынку ў дварах?

Рашэнне вылучыць у валоданне або ва ўласнасць прымае мясцовы выканкам. Зямля можа быць і ў ЖЭСу, і ў камунальнай нейкай арганізацыі, і ў прыватнай арганізацыі і ў таварыства частка. Гэта ўсё рэгламентуецца выканкамам і дакументамі.

БЧБ-стужкі на плоце ў Горадні.
Фота: Саша Праўдзіна

Ці могуць жыхары ўплываць на выгляд свайго двара?

Натуральна, могуць. Яны павінны звярнуцца ў эксплуатацыйную арганізацыю і зрабіць сваю прапанову. Далей эксплуатацыйная арганізацыя разглядае прапанову і выносіць рашэнне: што можна, што нельга.

Што трэба зрабіць, каб эксплуатацыйная арганізацыя падтрымала прапанову?

Улічваючы, што ў нас рашэнні прымае большасць, адпаведна, гэта мусіць быць нейкі дакумент: або пратакол апытання, або ведамасць сходу – пацверджанне, што сапраўды гэтую ініцыятыву падтрымала большасць.

Hавiны
«Прасачыць за намі нерэальна». У што ператварыліся беларускія дваровыя імпрэзы?
2020.12.05 21:07

Калі жыхары хочуць паставіць у двары ялінку, што для гэтага трэба зрабіць?

Калі нешта прапаноўваюць, мусяць разумець выразна месца размяшчэння, даўжыню, вышыню, шырыню ялінкі. Зноў жа, як яна будзе ўсталяваная, ці патрэбныя расцяжкі. То бок усе моманты мусяць быць прадуманыя вельмі рупліва. Калі чалавек проста кажа: «Я хачу ялінку», – гэта «хацелка».

Ці можна павесіць святочныя ўпрыгожанні ў двары ды на доме без узгаднення?

На жылы дом таксама маецца тэхнічная дакументацыя, праектная, выканаўчая дакументацыя, у якой выразна рэгламентаваны колер фасадаў, колер гаўбцоў, вокнаў, уваходных групаў, дзвярэй, – узгодненыя з мясцовым выканаўчым і распарадчым органам. Бо за любое дзеянне мусіць быць адказная асоба.

Hавiны
Дваровыя і раённыя чаты запрашаюць чыноўнікаў. Замест – прыходзяць сілавікі
2020.10.23 18:30

Калі жыхары ўпрыгожаць двор без узгаднення, якія будуць наступствы?

Вонкавы выгляд (дзіцячыя пляцоўкі, санітарныя зоны, зоны выгружання смецця) таксама падкантрольны. Калі з’яўляецца фактар, які выклікае эмоцыі, нам робяць прадпісанне – як арганізацыі, якая абслугоўвае. І мы вымушаныя рабіць захады для ліквідацыі таго ці іншага дэфекту.

Да чаго вядзе адмова выконваць прадпісанні?

Прыцягваюцца да адказнасці юрыдычныя асобы і эксплуатацыйныя арганізацыі паводле іншых артыкулаў, такіх як пажарная бяспека, санітарнае ўтрыманне, неналежная тэхнічная эксплуатацыя. То бок не наўпрост ідзе барацьба, а падводзяць да прыняцця патрэбных рашэнняў.

Ці рэгламентуецца ўпрыгожванне гаўбцоў ды вокнаў у кватэрах?

Тое, што пазначана ў тэхнічным пашпарце памяшкання, – вашая прыватная ўласнасць. Яе эксплуатацыя таксама рэгламентуецца заканадаўствам – правіламі карыстання жылымі памяшканнямі. Гэта значыць, за фасад нясем адказнасць мы, каб ён адпавядаў праектным рашэнням. Аднак унутры гаўбца, лоджыі, жылога памяшкання, пра вокны, сцены і ўсё астатняе вы як уласнік прымаеце рашэнне самі: як эксплуатаваць, якія фіранкі павесіць або якую сушыльную дошку.

Як жыхарам сабрацца ў сваім двары, каб не было прэтэнзіяў з боку міліцыі?

Мы можам кожны дзень збірацца ў двары ў любой колькасці. Але пра гэта мы павінны папярэдзіць праваахоўныя органы: мэты і задачы, прызначыць адказную асобу, кантактны тэлефон. І ў выпадку чаго адказнасці, калі раптам нешта пойдзе не так, калі будзе нейкае супрацьпраўнае дзеянне, мы мусім ў мэтах бяспекі адрэагаваць.

Падсумуем.

Змяніць колер дзіцячай пляцоўкі, паставіць ялінку ці проста ўпрыгожыць двор магчыма:

– атрымаўшы згоду большасці жыхароў;

– распрацаваўшы тэхнічную дакументацыю;

– узгадніўшы з адміністрацыяй.

Камунальнікі не могуць уплываюць на выгляд вашае кватэры знутры.Сходы жыхароў можна праводзіць штодзень, але папярэдзіўшы пра гэта адміністрацыю.

AA belsat.eu

Стужка навінаў