Як улады прапіхваюць у дэпутаты гарадзенскага камуніста


Блогер выкрывае грубыя парушэнні з боку праўладнага кандыдата. ЦВК маўчыць.

Блогер d_zholik сцвярджае, што Цэнтральная выбарчая камісія закрывае вочы на ўжыванне адміністратыўнага рэсурсу ў Шчучынскай выбарчай акрузе N 60. Тут у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў балатуецца нязменны старшыня Гарадзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюзу працаўнікоў дзяржаўных і іншых установаў, сябра Камуністычнай партыі Беларусі Валер Саўко. Падаем тэкст блогера ніжэй.

Ураджэнец Дзятлаўшчыны б не адважыўся вылучацца на сваёй малой радзіме, дзе яго добра ведаюць землякі, ды і тамтэйшую выбарчую акругу паміж сабой не падзялілі пракурор раёну і першы намеснік міністра МУС. Пры такіх абставінах прафсаюзнаму камуністу ў родным краі лавіць не было чаго. Для яго падабралі іншую акругу, дзе, як гэта было першапачаткова відавочна, яго ніхто не ведаў і не хацеў вылучаць сваім прадстаўніком у вышэйшы заканадаўчы орган краіны.

12 ліпеня загалоўным артыкулам на сайце абласной газеты «Гарадзенская праўда» (50 тыс. наведнікаў у тыдзень) у раздзеле «Галоўнае» зʼяўляецца абʼёмнае інтэрвʼю з названым старшынём прафсаюзу, чыя ініцыятыўная група ў той момант ужо ажыццяўляла збор подпісаў за яго вылучэнне ў дэпутаты.

І хаця вылучэнне ў артыкуле наўпрост не фігуруе, аднак падставай для інтэрвʼю быў заяўлены нібыта 60-гадовы юбілей прафсаюзнай суполкі. Юбілей сапраўды меў месца, вось толькі здарыўся ён яшчэ ў першых чыслах сакавіка, а інтэрвʼю зʼявілася толькі праз чатыры з паловай месяцы пасля гэтага. Па дзіўным супадзенні ў самы разгар вылучэння «таварыша» Саўко на выбарную пасаду.

Артыкул пачынаецца і працягваецца апавяданнем Валерыя Саўко пра пройдзены шлях, ўласны лёс, этапы станаўлення: дзе вучыўся, як пачынаў у калгасе, працягнуў кіраўніцтвам райкаму камсамолу, падаўся ў бізнэс, адтуль на пасаду намесніка старшыні Дзятлаўскага райсавету дэпутатаў, затым у Гарадзенскі аблвыканкам намеснікам начальніка ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы…

Здавалася б, якая сувязь біяграфіі дзеяча, які кідаецца па жыцці, з «кіслым» юбілеем прафсаюзу? Вядома ж, гэта была толькі падстава прапіярыць праўладнага кандыдата, у якога меліся відавочныя праблемы са зборам подпісаў у сваю падтрымку.

Але гэта не дапамагае, і ў ход пускаюць цяжкую артылерыю.

20 ліпеня абласная газета «Гарадзенская праўда» (выпуск № 57; наклад парадку 40 тыс. асоб.) перадрукоўвае артыкул з уласнага сайту, але з новай назвай «Прафсаюзы заўсёды побач».

Вось толькі прысутны на незаконным перадвыбарчым мерапрыемстве ўдзельнік агітацыі за вылучэнне дарагога госця з Горадні Юрый Пашук (на фота: другі справа) у рэчаіснасці зʼяўляецца сябрам акруговай выбарчай камісіі Шчучынскай выбарчай акругі № 60. Да нядаўняга пераходу на прафсаюзную працу зʼяўляўся кіраўніком справаў – начальнікам упраўлення справамі Шчучынскага райвыканкаму.

Аналагічна прысутная на дадзеным мерапрыемстве – якая займалася незаконнай агітацыяй – Ганна Хведзюк (на фота: першая злева) зʼяўляецца не проста намесніцай, а намесніцай старшыні Шчучынскага райвыканкаму па ідэалогіі. Да гэтага таксама працавала кіраўніком справаў райвыканкаму, а яшчэ раней зʼяўлялася суддзёй суду Шчучынскага раёну.

Як і ў выпадку з прафсаюзным юбілеем, пяты Усебеларускі сход адбыўся за месяц да таго, як ім вырашыў прыкрыцца меркаваны кандыдат у дэпутаты з КПБ Валерый Саўко.

На самым «народным» сходзе ад раёну прысутнічалі толькі паўтара дзясятка мясцовых начальнічкаў усіх рангаў, у тым ліку як мінімум адзін сябра акруговай выбарчай камісіі (Жукоўскі В.С.).

Згодна ўсё з тым жа прэс-рэлізам Гарадзенскага абласнога абʼяднання прафсаюзаў, Валерый Саўко выступіў перад прысутнымі з прамовай, у якой разважаў пра міралюбную шматвектарную вонкавую палітыку, сённяшнюю абстаноўку ў свеце, якая характарызуецца абвастрэннем барацьбы дзяржаваў за першыя пазіцыі і кантроль над рынкамі сыравінных рэсурсаў, імкненнем геапалітычных цэнтраў сілы да пашырэння зонаў свайго стратэгічнага ўплыву, што прывяло да прыціснення і блакавання інтарэсаў іншых дзяржаваў.

Вось толькі, як увесь гэты трызненне аб вонкавай палітыцы, нацыянальнай бяспецы і абараназдольнасці краіны закранае статутныя мэты Гарадзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюзу працаўнікоў дзяржаўных і іншых установаў і як датычыцца заяўленай мэты мерапрыемства?! Відавочна, гэты быў перадвыбарчы сход, які меў мэтай агітацыю за вылучэнне дадзенага дэмагога, у якога да таго моманту былі праблемы са зборам подпісаў у сваю падтрымку.

На самой сустрэчы прысутнічалі зусім не дэлегаты Усебеларускага народнага сходу, а кіраўніцтва мясцовай выканаўчай улады і раённы актыў, у тым ліку прафсаюзны, з ліку сяброў ініцыятыўнай групы па вылучэнні кандыдатам у дэпутаты, сябры акруговай і ўчастковых выбарчых камісіяў, а таксама мясцовыя назіральнікі, якім загадана забяспечыць «элегантную» перамогу нікому невядомага ў раёне прафсаюзнага функцыянера з Горадні.

23 ліпеня артыкул «Гарадзенскай праўды» перадрукоўваюць у суботніх нумарах (з ТБ-праграмай) дзяржаўныя газеты Шчучынскага раёну «Дзяннiца» і Мастоўскага раёну «Зара над Нёмнам» агульным накладам каля 11 тыс. асобнікаў.

26 ліпеня, праз тыдзень пасля таго, як адбылася ў Шчучыне сустрэча грамадзяніна Саўко з актывам, у мясцовай раёнцы і на яе сайце з’яўляецца артыкул «Раду трымалі прафсаюзныя актывісты», прысвечаны мерапрыемству тыднёвай даўніны.

Пастановачны фотаздымак, на якім меркаваны кандыдат  «разам з народам»

Пасля агіткі, звязаныя з патэнцыйным кандыдатам, з’яўляюцца яшчэ некалькі разоў: у газеце Мастоўскага раёну і на яе сайце.

У артыкуле «У годных умовах» за аўтарствам рэдактара радыёвяшчання Ганны Макар гаворыцца пра пікет БРСМ па зборы подпісаў за вылучэнне Саўко, які адбыўся 21 ліпеня на ажыўленай вуліцы ў Мастах. У артыкуле падрабязна ўказаная акруга, поўныя імя па бацьку і службовае становішча кандыдата, а таксама прыведзеная наўпроставая гаворка ад імя міфічнай выбарніцы, для якой «мір, стабільнасць, спакой, забяспечанасць будучага, жыццё ў свабоднай і прыгожай краіне» асацыюецца з кандыдатам Валерыем Саўко.

Прозвішча, імя ці хоць бы ініцыялаў у «адной з мастаўчанак» пры сабе не аказалася.

Вёрстка нумара зробленая так, што пры перагортванні на развароце чытачы абавязкова пабачаць тую ці іншую нататку аб вылучэнні Саўко і яго шырокай падтрымцы сярод выбарнікаў. Аб іншых вылучэнцах ні слова.

30 ліпеня, за два дні да завяршэння этапу вылучэння, на першай паласе (з працягам на 2-й) № 59 раённай газеты «Зара над Нёманам» накладам 4105 асоб. за аўтарствам галоўнага рэдактара Станіслава Звяровіча выйшаў артыкул «Галоўнае – клопат пра людзей» з Валерыем Саўко на калектыўным фотаздымку. За дзень да гэтага артыкул зʼявіўся на сайце газеты, але дату публікацыі пасля змянілі.

Яшчэ адзін артыкул пра «народнага ўлюбёнца»

Прычым рэдакцыя мастоўскай раённай газеты »Зара над Нёманам» нават не хавае таго факту, што яе публікацыі на стадыі збору подпісаў выбарнікаў зʼяўляліся нічым іншым, як агітацыйнымі матэрыяламі за вылучэнне і наступнае абранне рэгіянальнага прафсаюзнага лідара Валерыя Саўко дэпутатам парламенту: артыкулы ў яго падтрымку, у тым ліку «Прафсаюзы заўсёды побач», на сайце газеты змешчаныя ў рубрыцы «Парлямэнцкія выбары» уперамешку з паведамленнямі ЦВК.

Кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына нядаўна публічна заявіла аб тым, што выбарчыя камісіі будуць звяртаць увагу на наяўнасць такога парушэння, як адміністрацыйны рэсурс, які выяўляецца ў злоўжыванні службовым становішчам у інтарэсах вылучэння і абрання ў той перыяд, калі адбывалася вылучэнне. Па выніках будуць прымаць рашэнне аб адмове ў рэгістрацыі альбо аб рэгістрацыі кандыдата ў дэпутаты.

І сапраўды, акруговая выбарчая камісія Шчучынскай выбарчай акругі № 60 вельмі ўважліва вывучыла ўсе факты ўжывання Валерыем Саўко і ў яго інтарэсах адміністрацыйнага рэсурсу, у чым асабіста ўдзельнічаў, як мінімум, адзін з сябраў самой АВК Юрый Пашук, і прыняла рашэнне… аб рэгістрацыі яго кандыдатам у дэпутаты.

Па-за ўсялякімі сумневамі, што сябру партыі КПБ і рэгіянальнаму прафсаюзнаму дзеячу Валерыю Саўко першапачаткова павінна было быць адмоўлена ў рэгістрацыі яго кандыдатам у дэпутаты адразу па некалькіх падставах. Аднак факт першапачатковай рэгістрацыі не азначае, што дадзеная рэгістрацыя ў далейшым не можа быць адмененая па рашэнні самой акруговай камісіі, абласной альбо Цэнтральнай камісіяй, якія маюць права зрабіць гэта нават без папярэдняга папярэджання на падставе ч. 2 арт. 70-1 і ч. 1 арт. 68-1 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь.

У выпадку згаданай службовай асобы, якая вылучаецца адначасова метадам збору подпісаў і ад палітычнай партыі КПБ, маем неадпаведнасць парадку вылучэння патрабаванням Выбарчага кодэксу. А менавіта: выкарыстанне перадвыбарнай агітацыі, забароненай на стадыі вылучэння, у тым ліку якая выказалася ў неаднаразовым вырабе ў яго інтарэсах у друкаванай і іншай прадукцыі, якая змяшчае прыкметы перадвыбарчай агітацыі і якая прызначаная для масавага распаўсюду за кошт медыяў камунальнай уласнасці, што фінансуюцца з дзяржаўнага бюджэту.

Ёсць і шмат іншых парушэнняў.

На дадзеным прыкладзе выкрышталізавалася і іншая сурʼёзная праблема ў пытанні сумленнасці правядзення выбараў.

Добрая палова Гарадзенскай абласной выбарчай камісіі складаецца з прадстаўнікоў Гарадзенскага абласнога абʼяднання прафсаюзаў. Толькі Гарадзенская абласная арганізацыя прафсаюзу працаўнікоў дзяржаўных і іншых установаў, чый кіраўнік балатуецца ў парламент, вылучыла 55 сваіх прадстаўнікоў у склад участковых выбарчых камісіяў па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. І гэта не ўлічваючы шматлікіх прадстаўнікоў ад раённых камітэтаў прафсаюзаў.

«Белая Русь», БРСМ, ФПБ, Беларускі саюз жанчын, Беларускае грамадскае абʼяднанне ветэранаў самі сябе вылучаюць і прызначаюць у акруговыя, тэрытарыяльныя і ўчастковыя выбарчыя камісіі, самі ж вылучаюць кандыдатаў шляхам збору подпісаў, самі ж гэтыя подпісы затым правяраюць, самі ж сябе рэгіструюць, самі ж заплюшчваюць вочы на любыя парушэнні з свайго боку, самі ж праводзяць галасаванне, у тым ліку датэрміновае і на месцы жыхарства, самі ж друкуюць і лічаць бюлетэні, самі ж складаюць і запэўніваюць выніковыя пратаколы, самі ж неўзабаве пасля гэтага знішчаюць выбарчыя дакументы і атрымліваюць усе выбарныя пасады ў краіне.

Заклікаю БНФ і ЛДП афіцыйна запатрабаваць адмены рэгістрацыі Саўко В.І., а ў выпадку адмовы – зняць сваіх прадстаўнікоў па Шчучынскай выбарчай акрузе № 60. Выбары ў парламент з самага іх пачатку ўладай ператвораныя ў фарс, дзе вам і вашым кандыдатам адведзеная роля статыстаў і марыянетак, якія забяспечваюць бачнасць дэмакратычнага выбару народа!

Каментар блогера

Блогер d_zholik патлумачыў Belsat.eu, чаму яго зацікавілі парушэнні ў Шчучынскай акрузе N 60.

«У Беларусі выбары ў парламент – тэма №1.

Калі б БНФ і ЛДП запатрабавалі і дамагліся адмены рэгістрацыі праўладнага кандыдата ад КПБ, то ў акрузе засталіся б толькі два іх прадстаўніка, якія б далей змагаліся паміж сабой. Было б цікава паназіраць на вынікамі выбараў у гэтай «эксперыментальнай» акрузе, дзе не было б загадзя прадвызначанага выніку.

У выпадку адмовы ў адмене рэгістрацыі сябра КПБ і зняцця сваіх прадстаўнікоў БНФ і ЛДП акруга стала б адзінай у краіне безальтэрнатыўнай. У такім выпадку ўся гэтая сітуацыя ў цэлым дазволіла б выклікаць асаблівую цікавасць у супольнасці і міжнародных структураў, якія ажыццяўляюць назіранне за выбарамі», – адзначыў блогер.

НМ, belsat.eu, паводле d-zholik.livejournal.com

Стужка навінаў