Як у XXI ст. Сталін перамог і Леніна, і Мікалая Другога

18 снежня нарадзіўся Іосіф Сталін, адна з найбольш крывавых асобаў XX ст. Разам з тым, часопіс Time, які рэгулярна змяшчае на вокладцы выявы найбольш уплывовых лідараў свету, мог бы і зараз змясціць выяву Іосіфа Вісарыёнавіча. Праз 66 год пасля смерці… Чаму так?

Усё проста: вобраз Сталіна апынуўся неўміручым, нягледзячы на ўсе «развянчанні культу», на разбітыя яшчэ ў 1950-ых бетонныя помнікі ды барэльефы, на перабудову і дэмакратыю, на «пакаянне» Расеі ў 1990-ыя ды тысячы храмаў з залатымі купаламі, які паўстаюць на прасторах СНД штогод. Сталін наўпрост перарос фармат рэальнай асобы, некалі жывога чалавека, і пераўтварыўся ў сімвал або «злы дух», які падобна толкінаўскаму Саўрону адно шукае целы для новых і новых інкарнацыяў.

Hавiны
Белая пляма гісторыі. Выйшла кніга пра тое, як Сталін падмануў беларускіх эмігрантаў
2019.11.21 09:05

Падавалася б, скрайне несімпатычны нават знешне персанаж. Твар пабіты воспінамі. Невысокі, зусім не атлетычнага складу. Пасрэдны аратар і тым больш пасрэдны мысляр-ідэолаг. Яшчэ больш пасрэдны стратэг, хай сабе і ў кіцелі генералісімуса… Але менавіта ягоныя партрэты працягваюць з’яўляцца на білбордах, цішотках, транспарантах. Нават на беларускіх інтэрнэт аўкцыёнах у рубрыцы «Хачу набыць» людзі шукаюць кнігі, накшталт, «Праўда пра Сталіна», «Абылганы Сталін», «Здраджаны 1937-мы год» і г. д.

Абноўлена
36 чалавек выйшлі да будынку КДБ, каб ушанаваць памяць ахвяраў сталінізму
2019.10.29 18:13

Як ні дзіўна, што ў Расеі, што ў нас Сталін аб’яднаў цалкам розных людзей, далёка не заўсёды маргіналаў ды выжыўшых з розуму былых партыйных супрацоўнікаў. Прыхільнікі савецкага наратыву, прыхільнікі імперскага наратыву, аматары «жорсткай рукі» і 9 траўня, байкеры і «крепкие хозяйственники», эпатажныя патлатыя маладзёны і дзеючыя сілавікі ў мундзірах. Сталін – гэта тое агульнае, што прымушае іх распраўляць плечы, пускаць слязу ды сціскаць сківіцы пры словах «Еўропа», «дэмакратыя» ці «нацыянальная культура».

Аб’ектыў
Краязнаўца адкрыў ля Магілёва месца расстрэлу часоў сталінскага тэрору
2019.10.31 21:33

Падаецца, чаму б аматарам Саюзу не аб’яднацца вакол Леніна? Чаму б аматарам імперыі не насіцца з культам Мікалая II? Наагул, ці мала розных кутузавых і дастаеўскіх, з якіх можна рабіць іконы «рускага свету»? Чаму – ён? Чаму Сталіну пакланяюцца манархісты, хоць ён знішчаў тую імперыю і дабіваў яе эліту? Чаму пакланяюцца камуністы, хоць ён высек пад корань усіх арганізатараў той рэвалюцыі, стварыў РПЦ ды вярнуў «залатыя пагоны» у войска?

Думаю, справа ў ідэалогіі. Дакладней, у яе адсутнасці. Цар Мікалай – гэта ідэалогія. Гэта пафас традыцыі, сусальнае золата, эпалеты, лабірынты манаршай генеалогіі, хросныя хады… Ленін – гэта таксама ідэалогія. Новы свет, новы чалавек, сталёвая воля, гатоўнасць плаціць любы кошт за свае навязлівыя ідэі… А Сталін – гэта не ідэалогія. Гэта адмаўленне і дэструкцыя ўсяго, што можа ўяўляць мінімальную небяспеку. Гэта ніцшэанская прага да ўлады ў аголеным выглядзе.

Hавiны
За Сталіна і расейскую мову. Кандыдаты ад «русского мира»: хто яны?
2019.09.18 15:43

Паўтаруся, запыт на Сталіна – гэта не запыт на ідэалогію. І нават не запыт на «ватную» эстэтыку з вайсковымі парадамі, партсігарамі з выявамі Крамля ды іншымі хітамі, накшталт «Утро красит нежным светом…» Гэта запыт на форму праўлення, форму мыслення, форму адносінаў да саміх сябе, сваіх родных і суседзяў. Запыт на магчымасць быць далучаным да вялікага і велічнага, дзе або ты, або цябе. Запыт на магчымасць адмаўляць усё, а таксама і сябе як асобу.

Дзе там меланхалічнаму цару Мікалаю ці эксцэнтрычнаму Леніну да гэтых філасофскіх вышыняў? Падобна, што менавіта Сталін убачыў у чалавеку тое жывёльнае, што і варта паставіць у «чырвоны кут». Не партыйнага лідара, не праграму, не запаветы будаўніка камунізму, а… люстэрка. Глядзіш і бачыш невысокага чалавека з тварам, пабітым воспінкамі. Не мысляра. Не стратэга. Звычайнага сябе. Якога любіш і ненавідзіш адначасова. Складаныя сістэмы часта ламаюцца. Простыя сістэмы – вечныя і ўніверсальныя. Таму Сталіна на вокладцы Time, з тым ці іншым тварам, мы яшчэ ўбачым…

Hавiны
На «Несмяротны полк» у Менску прынеслі партрэты Сталіна і Леніна
2019.05.09 11:24

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў