Як у Менску адсвяткавалі Вербную нядзелю


У сталічных храмах ды цэрквах адзначылі свята Уваходу Гасподняга ў Іерусалім. Фотасправаздача Belsat.eu.

24 красавіка шэрыя дажджлівыя вуліцы Менску напоўніліся хоць і ненатуральнымі, але вельмі яскравымі і жыццерадаснымі колерамі вербачак і кветак. Усё таму, што ў гэты дзень праваслаўныя адзначалі ў храмах ды цэрквах сталіцы свята Увахода Гасподняга ў Іерусалім.

Калі Ісус Хрыстос уехаў у Іерусалім на асле, жыхары віталі яго як цара і клалі да яго ног галінкі пальмы. У наш час у Вербную нядзелю традыцыйна карыстаюцца вярбой, якая не толькі падмяняе галінкі пальмы, але таксама сімвалізуе адраджэнне прыроды і жыцця вясной.

Манахіні з прыходу менскага Свята-Елісавецінскага манастыру па-творчаму падышлі да святкавання Вербнай нядзелі. Яны ўпрыгожылі храм у гонар іконы Божай Мацеры жоўтымі кветкамі і нават амаль сапраўднымі пальмамі з самымі сапраўднымі бананамі. Каб пазавабіць дзяцей, прывезлі маленькую асліцу з манастырскага падворʼя, таксама арганізавалі майстар-класы па вырабу святочных вербачак і зладзілі гандаль смачнымі і карыснымі вырабамі ўласнай вытворчасці.

На Вялікдзень манахіні абяцаюць прывезці з падвор’я на Лысай Гары да храмаў цэлы кантактны заапарк.

А вось каля Свята-Ефрасіннеўскай царквы традыцыйна праходзіла вялізная рознакаляровы кірмаш святочных вербачак, велікодных кветак, і іншых велікодных упрыгожанняў. А яшчэ да царквы як заўсёды цякла бясконцая чарга вернікаў. На тэрыторыі царквы таксама спрабавалі неаднаразова збірацца разнастайныя жабракі і бамжы каб атрымаць міласціну, але міліцыя і мясцовая ахова адцясніла іх на другі бок шашы і ў падземны пераход. Увогуле нягледзячы на дажджлівае надвор’е падалося, што да святкавання праваслаўнай Вербнай Нядзелі далучылася больш людзей, чым летась.

Вячаслаў Радзіміч, belsat.eu

Стужка навінаў