Як у Лукашэнкі за пазухай


Балгарын Марыё Пунчэў з нацыяналістычнай партыі «Атака» хоча папоўніць шэрагі палітычных уцекачоў у Беларусі. Чаму склалася так, што публічна палітычнага прытулку ў нашай краіне просяць у асноўным злачынцы, аферысты і асобы з экстравагантнымі поглядамі?

Марыё, які не хоча поўзаць на каленях

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

Балгарская партыя «Атака» апошнія гады ўсё больш пераўтвараецца ў маргінальную групоўку нацыянал-папулістаў. Неадкладны выхад з NATO, Еўразвязу, нацыяналізацыя банкаў, прамысловасці і гандлю. Урэшце – суды за «нацыянальную здраду». З кожным годам, на шчасце для самых балгараў, «Атака» набірае ўсё менш галасоў на выбарах.

Уласна гэтым Марыё Пунчэў і тлумачыць сваё жаданне атрымаць прытулак у Беларусі: на радзіме ён не можа знайсці працу, родная партыя таксама не ў стане забяспечыць пасаду для аднаго са сваіх заснавальнікаў.

Але гэта не ўсё. Спадар Марыё прызнаецца ў асабістых сімпатыях да Лукашэнкі і называе нашую краіну Рэспублікаю свабоды.

«Я не хачу жыць у краіне, дзе дыскрымінуюць іншадумцаў. – піша Марыё Пунчэў у лісце да Лукашэнкі. – Я і мая сям’я хочам жыць у нармальнай краіне, дзе будуць паважаць нашыя погляды – палітычныя і на жыццё. Я не хачу поўзаць на каленях і быць галодным». Пакуль што 52-гадоваму палітыку ніхто не патлумачыў, што з краінаю ён памыліўся.

Крах «беларускай мадэлі»

[vc_single_image image=”3″ img_size=”large”]

Міф пра Беларусь як аазіс сацыялізму, дзе незалежна і ў інтарэсах народу цвёрдаю рукою кіруе «бацька Лукашэнка», паступова памірае. Паводле Рыгора Астапені, рэдактара Беларускага глабальнага часопісу «Ідэя», эканамічны крызіс знішчыў рамантызм беларускай мадэлі 1994-2008 гг.

«Таксама на Захадзе не засталося палітыкаў, якія маглі б прасоўваць гэты міф: раней быў прынамсі Лепэр у Польшчы. Не ўпэўнены, што нават Вальдэмар Тамашэўскі ў Літве кажа публічна, што шлях Беларусі лепшы за літоўскі. Таму тыя ідэалісты, якія прыязджаюць, робяць гэта аўтаномна, начытаўшыся і наглядзеўшыся беларускіх афіцыйных навінаў ці нават замежных, якія прадстаўляюць Беларусь як апошні запаведнік камунізму», – зазначае Рыгор Астапеня.

Суразмоўца падкрэслівае, што прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі з заходніх краінаў, якія едуць у Беларусь жыць, наўрад ці надоўга ў нас застаюцца ды ўзгадвае гісторыю Харві лі Освальда, якому калісьці хапіла двух гадоў у Беларусі, каб папрасіцца назад у ЗША.

Як потым Освальд пісаў у сваім дзённіку, апынулася, што ў краіне, дзе перамог сацыялізм, «праца шэрая, няма дзе выдаткоўваць грошы, няма начных клубаў і боўлінгу, няма месцаў адпачынку, акрамя прафсаюзных танцаў».

Залаты ключык да дзяржаўнай мяжы

[vc_single_image image=”5″ img_size=”large”]

Цяпер у Беларусі дастаткова начных клубаў, боўлінгу і нават казіно. Ёсць на што выдаткоўваць грошы і менавіта для ўцекачоў з грашыма «бацька Лукашэнка» шырока адчыняе дзверы.

Гэтак было са зрынутым прэзідэнтам Кыргызстану Курманбекам Бакіевым. Паводле ўладаў краіны, у 2010 годзе Бакіеў уцякаючы з Бішкеку, прыхапіў з дзяржаўнай скрабніцы не менш за $ 240 млн.

Улады Кыргызстану намагаліся экстрадыцыі прэзідэнта-уцекача, але нязменна атрымлівалі адмовы. У 2012 стала вядома, што Бакіеў атрымаў беларускі пашпарт і прыкупіў нерухомасць на ўскраіне Менску. Разам з ім прытулак у Беларусі знайшлі ягоныя сыны і найбліжэйшыя паплечнікі.

На набыццё кватэры на ўскраіне Менску пэўна хапіла б грошай і былому амбасадару Міхаілу Ежэлю. На радзіме яго вінавацяць у растраце прынамсі $ 5 млн і развале ўкраінскага войска ў часы, калі Ежэль займаў пасаду міністра абароны. Аднак стаўкі ў гульні на лініі Менск-Кіеў значна вышэйшыя, таму цяпер былы дыпламат шукае спакойнага месцейка недзе на тэрыторыі Расеі.

Ідэйнасцю сыты не будзеш

У 2007 годзе сенсацыяй стаўся прыезд у Беларусь грамадзяніна Швейцарыі. 32-гадовы мужчына пераехаў мяжу на «Жыгулях» і заявіў памежнікам, што любіць Леніна, камунізм, а Беларусь – найлепшая краіна ў свеце. Багажнік быў запоўнены кнігамі аўтарства Леніна, а сэрца – поўнае надзеі на жыццё ў вольнай і справядлівай краіне.

Швейцарца скіравалі ў берасцейскі цэнтр для мігрантаў. Там яму хапіла 10 дзён, каб асэнсаваць сваю памылку і папрасіцца назад, у несправядлівую капіталістычную Швейцарыю.

Падобна, што ў Марыё Пунчэва з Балгарыі, «залатога ключыка», як у Бакіева, няма. Таму ён трапляе ў катэгорыю «ідэйных» шукальнікаў прытулку ў Беларусі. А такія ў нас надоўга не затрымліваюцца.

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў