Як у Горадні сустрэлі палітвязняў, якія праходзяць у «справе Ціханоўскага»


Фігурантаў «справы Ціханоўскага» Васіля Баброўскага і Уладзіміра Навуміка 9 ліпеня выпусцілі з менскага СІЗА-1 на Валадарскага пад падпіску аб нявыездзе. Мужчыны адразу адправіліся дамоў у Горадню. Іх сустракалі сем’і ды неабыякавыя гарадзенцы. Карэспандэнт Belsat.eu пабываў на месцы сустрэчы і задаў некалькі пытанняў палітвязням.

Не чакалі, што выпусцяць

42 дні мужчыны знаходзіліся за кратамі. Цяпер яны абвінавачаныя паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак» і падазраванымі паводле арт. 364 «Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных спраў». На тыдні кожнаму з гарадзенцаў далі яшчэ і 10 содняў адміністратыўнага арышту за дробнае хуліганства і непадпарадкаванне міліцыі.

Васіль Баброўскі размаўляе з журналістамі ў Горадні.
Фота: «Белсат»

Абодва зазначылі, што ставіліся падчас арышту да іх годна – як сукамернікі, гэтак і супрацоўнікі следчага ізалятару. Для абодвух сталася вялікаю нечаканасцю, што ім змянілі захады ўстрымання: «Прыйшоў следчы, мяне апыталі, потым яшчэ раз прыйшоў следчы з папераю, што меру ўтрымання змяняюць», – распавёў Навумік.

Ішоў па торт для дачкі – трапіў у СІЗА

Уладзіміру Навуміку 36 гадоў, жанаты, мае дачку. 29 траўня пайшоў па торт для дачкі ды апынуўся ў СІЗА: калі ўбачыў тузаніну вакол Сяргея Ціханоўскага, ён паспрабаваў зняць на тэлефон відэа. Васілю Баброўскаму 45 гадоў, мае жонку і трох дзяцей, у той дзень пераходзіў з аднаго прыпынку да другога, дзе яго і затрымалі. Абодва мужчыны раней не былі палітычна актыўнымі: «Пры сваім меркаванні як быў, так і застаюся, проста цяпер не буду выказвацца. Усім і так усё зразумела», – дадае Уладзімір Навумік. Кажа, што вельмі рады быць на волі.

«Героямі нас зрабілі»

Вінаватымі сябе абодва мужчыны не лічаць, кажуць, што героямі іх зрабілі людзі: «Яны самі стварылі гэтую сітуацыю. Яе магло б проста не быць. Я б сышоў. Усе б сышлі. Яны самі стварылі гэтую сітуацыю на роўным месцы», – рэзюмуе Навумік.

Уладзімір Навумік размаўляе з журналістамі ў Горадні.
Фота: «Белсат»

Мужчыны кажуць, што за гэтыя 42 дні за кратамі пераасэнсавалі сваё жыццё: «Аб сваім жыцці падумаў. Што ты зрабіў? Што ты мог зрабіць? Што не зрабіў? Наконт стаўлення да сям’і, стаўлення да дзяцей. Усё пераасэнсаваў», – распавёў Васіль Баброўскі. Цяпер абодва мужчыны плануюць правесці час з сем’ямі ды вярнуцца да нармальнага жыцця.

Васіль Баброўскі і Уладзімір Навумік былі затрыманыя 29 траўня ў Горадні падчас выбарчага пікету для збору подпісаў у падтрымку Святланы Ціханоўскай. Нагадаем, тады адна з прысутных на пікеце жанчын стала патрабаваць ад Сяргея Ціханоўскага, каб ён адказаў на яе пытанні, блогер у сваю чаргу адмаўляўся адказваць і хацеў спыніць размову. Міліцыя выкарыстала гэта як падставу для ўмяшання, пачалася штурханіна. У выніку адзін міліцыянт упаў. Ціханоўскага і яшчэ каля 10 чалавек затрымалі. На наступны дзень завялі крымінальную справу.

Hавiны
Добрая ў сяброўстве і ў секс-бізнесе. Што вядома пра гарадзенскую «правакатарку» Алену К.
2020.06.15 18:18

8 чэрвеня Васілю Баброўскаму, Уладзіміру Навуміку ды іншым фігурантам справы было выстаўлена абвінавачванне ў арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК ). 9 чэрвеня праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала іх палітычнымі зняволенымі ды запатрабавала неадкладнага вызвалення ўсіх абвінавачаных паодле артыкулу 342. Пазней Amnesty International прызнала фігурантаў справы вязнямі сумлення.

За кратамі застаюцца яшчэ 7 чалавек у «справе Ціханоўскага»: сам Сяргей Ціханоўскі, актывіст Яўген Рэзнічэнка, кіраўнік штабу Святланы Ціханоўскай Зміцер Фурманаў, аператар Вяргілій Ушак, Аляксандр Арановіч, Арцём Сакаў і Уладзімір Кніга.

Абноўлена
Суд па скарзе Ціханоўскага на ягонае ўтрыманне ў карцары зрабілі закрытым
2020.07.09 13:53

АК Belsat.eu

Стужка навінаў