Як у Беларусі лічаць інфляцыю? Топ-5 сакрэтаў беларускай статыстыкі


Начальнік галоўнага ўпраўлення статыстыкі цэнаў Белстату Аляксей Яркавец 26 лютага выступіў у менскім Прэс-клубе з публічнай лекцыяй, дзе распавёў пра тое, як дзяржава падлічвае інфляцыю ў Беларусі і чаму некаторыя беларусы ў афіцыйную статыстыку не вераць. Belsat.eu падае самыя цікавыя заявы дзяржаўнага чыноўніка ў выглядзе пытанняў і адказаў.

Хто гэтыя людзі, што лічаць інфляцыю ў Беларусі?

Гэтым займаюцца працаўнікі органаў дзяржаўнай статыстыкі. Непасрэдна дадзеныя пра цэны ў гандлёвых кропках краіны збіраюць 88 рэгістратараў. Яны накіроўваюць гэтыя дадзеныя ў Белстат, дзе ажыццяўляецца разлік інфляцыі. 87 з 88 рэгістратараў – жанчыны. Сярэдні ўзрост – каля 40 гадоў. Замужнія, з дзецьмі. Пры гэтым статыстыкай людзі звычайна займаюцца паводле паклікання. Сярэдні працоўны стаж рэгістратараў у гэтай сферы дзейнасці – 12 гадоў. То бок людзі, што прыходзяць у статыстыку, або адразу сыходзяць адтуль, або прысвячаюць ёй значную частку жыцця. Існуюць нават дынастыі рэгістратараў – напрыклад, калі дачка працягвае справу маці.

Гэтыя людзі манітораць цэны ва ўсіх населеных пунктах краіны?

Цэны на вёсцы Белстат у сваіх падліках не ўлічвае. Фота – REUTERS/Vasily Fedosenko

Не. Маніторынг вядзецца толькі ў 31 горадзе па ўсёй Беларусі – там пражывае больш за 50% усяго насельніцтва краіны (больш за 70% гарадскога насельніцтва).

За цэнамі ў сельскай мясцовасці наогул ніхто не сочыць. Гарады абіраліся паводле такога прынцыпу, каб яны не знаходзіліся побач і максімальна ахоплівалі ўсе раёны Беларусі.

У 31 горадзе рэгістратары манітораць цэны на 8 тысячах гандлёвых аб’ектаў – у крамах, гандлёвых цэнтрах, кірмашах. Гандлёвыя аб’екты мусяць знаходзіцца ў розных кропках гораду, мець розныя формы ўласнасці, арыентавацца на масавага спажыўца (то бок, элітныя прадуктовыя крамы Белстат не маніторыць). Спіс гандлёвых аб’ектыў рэгулярна абнаўляецца.

Статыстыка інфляцыі ўлічвае ўсе тавары, што знаходзяцца ў продажы?

Не. Асновай разліку індэкса спажывецкіх цэнаў з’яўляецца структура выдаткаў хатніх гаспадарак. Агулам даследуецца каля 6 тыс. хатніх гаспадарак, з розным складам сям’і. Людзі цягам года падрабязна распісваюць свае выдаткі на тыя ці іншыя тавары або паслугі. Гэтыя дадзеныя сістэматызуюцца. Калі ў структуры выдаткаў хатняй гаспадаркі нейкі тавар займае хаця б 0,01 % – ён трапляе ў поле зроку рэгістратараў па ўсёй Беларусі.

Ілюстрацыйнае фота. Крыніца – Natalia Fedosenko/TASS

У выніку ў выбарку трапляюць не толькі тыя тавары, што беларусы купляюць штодня – хлеб, мяса, малако ці гародніна. Але і тыя, што купляюць перыядычна – напрыклад, мэбля або медычныя паслугі. Алкаголь і сігарэты таксама трапляюць у маніторынг.

Спіс тавараў, цэны на якія даследуе Белстат, мяняецца цягам часу?

Так, гэта не пастаянны спіс. Спажывецкі кошык, што складаецца на падставе даследаванняў хатніх гаспадарак, рэгулярна абнаўляецца, бо мяняюцца патрэбы людзей. Напрыклад, сёлета выбарка павялічылася на 14 пазіцыяў. Дзве пазіцыі зніклі з маніторынга – CD-дыскі ды ваўняны дыван.

А паводле адчування беларусаў інфляцыя вышэй за афіцыяльныя лічбы. Чаму?

Ілюстрацыйнае фота. Крыніца – REUTERS/Vasily Fedosenko

Разлік індэксу спажывецкіх цэнаў базуецца на адзіных правілах, якія расправацалі міжнародныя арганізацыі для статыстычных ведамстваў. Гэта значыць, што паводле таго ж прынцыпу падлічваюць інфляцыю ва ўсім свеце.

«Калі вы прыходзіце кожны дзень у краму, то вас больш за ўсё турбуюць цэны на тавары штодзённага попыту. Найбольш адчувальныя для чалавека тыя цэны, з якімі ён сутыкаецца кожны дзень – мяса, хлеб, малако. Але мы лічым усярэднены кошык – там розныя тавары, у тым ліку доўгатэрміновага карыстання. Чалавек можа нават не прыгадаць, якая была на яго цана, калі ён у мінулы раз яго купляў. Да таго ж, ёсць розніца ў структуры хатняй гаспадаркі. Напрыклад, калі ў сям’і ёсць аўто, то для іх першаснае пытанне – гэта цэны на паліва. Агулам гэта сусветная тэндэнцыя, калі ўласная спажывецкая інфляцыя для чалавека здаецца вышэйшай за афіцыйныя лічбы», – заявіў Аляксей Яркавец.

***

Паводле Белстату, інфляцыя ў Беларусі па выніках 2018 года склала 5,6%. У 2017 годзе – 4,6%, што стала рэкордна нізкім паказнікам для краіны ў XXI стагоддзі. Найбольш высокі ўзровень інфляцыі ў гэтым стагоддзі Белстат фіксаваў у 2000-м і 2011 годзе – 107,5 і 108,7% адпаведна.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў