Як табе такое, Ілан Маск? Беларусы прыдумалі загароду, якая заменіць 24 байцоў АМАПу


Комплекс пад назвай «Рубеж» гатовыя набыць за мяжой, на ўнутраны рынак сістэма не разлічаная. Фота TUT.BY

На выставе «MILEX-2019» беларуская фірма-вытворца «Агат – электрамеханічны завод» прэзентавала адмысловы раскладны шчыт даўжынёй 6 метраў і вагой 300 кг, здольны вытрымаць агонь з лёгкай стралковай зброі.

«Рубеж» камплектуецца сістэмай пажаратушэння, сродкамі гукавога ціску, страбаскопамі, прыладамі для фотафіксацыі. Адзін спецаўтамабіль з такім шчытом можа замяніць 24 байцоў спецпадраздзялення.

Ідэя стварыць агароджу для абароны асабістага складу з’явілася ў беларускіх адмыслоўцаў пасля аналізу і вывучэння пратэставай сітуацыі ў некаторых дзяржавах, распавёў belsat.eu начальнік аддзелу кіравання маркетынгу і збыту прадпрыемства Сяргей Гапкала.

На замову МУС Беларусі завод пакуль зрабіў толькі адзін аўтамабіль, абсталяваны шчытом. Комплекс гатовыя набыць за мяжой, на ўнутраны рынак сістэма не разлічаная.

«У нашых войскаў няма патрэбы ў такой загародзе, таму не атрымалася яе рэалізаваць на мясцовым рынку. Цяпер мы вядзем перамовы, ёсць цікавасць, з некаторымі краінамі ўжо падпісалі папярэднія дамовы», – распавёў belsat.eu начальнік аддзелу кіравання маркетынгу і збыту Сяргей Гапкала.

У якія краіны паедзе беларускі «Рубеж», ён пакуль не паведаміў, бо спачатку трэба, каб ён зрабіўся вядомы.

ДР belsat.eu

 

Стужка навінаў