Аляксандр Фядута Як сёння збіраецца вешчы Мядзведзь…

паліткансультант

Адбыўся чарговы абмен няветлівасцю паміж прадстаўнікамі беларускай і расейскай уладаў.

Нагадаем: усе пачалося з інтэрв’ю беларускага прэзідэнта казахскаму інфармацыйнаму агенцтву «Хабар». Напярэдадні свайго візіту ў горад Нур-Султан Аляксандр Лукашэнка, кажучы аб падабенстве лёсаў казахскага і беларускага народаў, у прыватнасці, заявіў:

«Мы самі распараджаемся сваім лёсам. Але самае галоўнае – Беларусь, ды і Казахстан, яны ж заўсёды былі пад чыімсьці бізуном, як я часта кажу. Хтосьці намі панукваў, хтосьці спрабаваў на калені паставіць. Асабліва ў Беларусі. Усе гэтыя войны – не нашы войны. Айчынная вайна 1812 года, Напалеон прайшоўся да Масквы і назад вярнуўся праз Беларусь. Усё разрабавана, усё было знішчана. Потым Першая сусветная вайна. Дайшлі да таго, што ад Беларусі застаўся толькі вузенькі пасачак – частка ўсходніх губерняў адышла Расеі, а да Менску адышлі да Польшчы па Рыжскай дамове. Потым Другая сусветная вайна, у нас – Вялікая Айчынная вайна. Цалкам Беларусь сцерлі з аблічча зямлі. Гэта не нашы былі войны. Мы, тым не менш, гора сербанулі».

Лукашэнка ў інтэрв’ю агенцтву «Хабар»: Касым аке, як я яго называю…

Выказванне кіраўніка Беларусі разышлося па ўсёй Русі вялікай і дасягнула вушэй другой асобы расейскай дзяржавы – прэм’ер-міністра Дзмітрыя Мядзведзева, які адказаў Аляксандру Рыгоравічу наступным чынам:

«Мы ні ў якім разе не павінны кідаць хоць нейкі цень на подзвіг нашых продкаў, якія абаранялі сваю зямлю. Яны жылі на тэрыторыі сучаснай Расеі ці Беларусі, але абаранялі сваю зямлю ад захопнікаў. Так было ў 1812 годзе, так было ў перыяд Першай сусветнай вайны, якую б адзнаку ні давалі ёй гісторыкі. Так, натуральна, было ў перыяд Другой сусветнай, або Вялікай Айчыннай вайны. Нашы бацькі і дзяды абаранялі нашую зямлю – гэта не ўдзел у чужых войнах, таму для мяне вельмі дзіўна чуць такія словы».

Далей ўзровень вядзення палемікі быў паніжаны да прэс-сакратара кіраўніка беларускай дзяржавы Наталлі Эйсмант, якая заявіла:

«Прэзідэнт знаёмы з рэакцыяй старшыні ўрада Расеі на фразу, вырваную з кантэксту яго адказу казахскім журналістам. Рэакцыя, трэба сказаць, вельмі нечаканая – і нечаканасць яе заключаецца ў поўным скажэнні сутнасці. Яшчэ больш дзіўна для расейскага прэм’ера павінна выглядаць тое, што пасля столькіх пройдзеных разам выпрабаванняў сёння нашы краіны загразлі ў бясконцых перамовах па нафце, газе і нават прадуктах харчавання».

Эйсмант адказала на закіды Мядзведзева пра «чужыя войны»

Сапраўды! Гэта ж дзіўна: краіны загразлі ў перамовах па нафце, газе і прадуктах харчавання, а кіраўнік урада адной з гэтых краін нечакана звяртае ўвагу на глыбокія веды Аляксандра Лукашэнкі ў галіне айчыннай гісторыі! Гэтак жа нельга! Трэба з балота цягнуць інтэграцыйнага бегемота – а Мядзведзеў зноў пра агульную гісторыю. Пра гісторыю ды іншыя ідэалагічныя моманты павінна гаварыць маленькая, але дарэшты суверэнная Беларусь, а калі кажа вялікая Расія, то гэта значыць, – калі цытаваць тую ж Наталлю Эйсмант – Крамлю «трэба знайсці новую нагоду ўкусіць». Ішоў, ішоў Мядзведзеў па лесе – і падчас саміту АСЕАН знайшоў нагоду ўкусіць. Нядобра. Не па-братэрску атрымліваецца.

Мядзведзеў прапанаваў Румасу зверыць інтэграцыйныя гадзіннікі

Наогул, па словах Мядзведзева патапталіся ўсе – што беларуская ўлада, што апазіцыя, што незалежныя эксперты. Аляксандр Класкоўскі, скажам, адзначыў няўдалыя прыклады: вось, расейскі прэм’ер прыгадаў дзень выгнання польска-беларускіх акупантаў у 1612 годзе з Крамля зусім недарэчы. А Дзмітрый Анатольевіч, з майго пункту гледжання, прыгадаў той дзень зусім свядома: маўляў, хлопцы, так мы і другі раз выгнаць вас можам. Зараз ужо эканамічна.

І гэта – адказ на зусім іншы пасаж з інтэрв’ю Лукашэнкі: «Незалежнасьць – планаваць і ствараць жыццё ўнутры краіны мы павінны самі. Не хтосьці там нам падкажа. Як раней было – з Крамля і гэтак далей. Хоць, вядома, вялікую самастойнасць і Казахстан, і Беларусь мелі ў гэтым плане. Тым не менш дзесьці не распараджаліся працай свайго народа, дзесьці чагосьці не хапала, недзе трэба было нейкія дазволы дурныя пытацца, калі трэба было тут прымаць рашэнні».

Мядзведзеў раскрытыкаваў Лукашэнку за словы пра Айчынныя войны

Мядзведзеў усё вельмі добра пачуў. Не жадаеце падказак з Крамля? Не будзем падказваць. Не жадаеце нашых «дурных» дазволаў? Дык жывіце без іх! Але тады ўсе заявы пра нафту, газ і прадукты мы слухаць таксама не будзем – ок?

Мяркуючы па ўсім, Мядзведзеў менавіта такі варыянт працы з братэрскай беларускай дзяржавай і адстойвае. І, магчыма, ужо абараніў.

А імя Наталлі Эйсмант ён таксама цалкам можа вывучыць. Проста так. На ўсялякі выпадак. Раптам спатрэбіцца.

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Глядзі таксама
Каментары