Як сябе паводзіць, калі вас груба затрымліваюць або збіваюць сілавікі?


Парады экс-міліцыянта аб тым, што рабіць і чаго не трэба рабіць, калі рэзка бяруць пад локаць, кажучы «Пройдзем з намі».

Мы не даем парадаў аб тым, ісці вам на мітынг ці не. Мы не заклікаем нікога куды-небудзь хадзіць. Але жыццё цяпер такое, што затрымаць могуць нават у двары. Альбо нават калі выпадкова. Што рабіць, калі затрыманне брутальнае? Што рабіць, калі вы бачыце, як нехта, падобны на сілавіка, збівае пратэстоўца? Былы міліцыянт Міхаіл Куцко даў парады на такія выпадкі жыцця. А выпадкі бываюць розныя…

Затрыманні каля гатэлю «Юбілейны». Мінск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г. фота: Аліса Ганчар / Belsat.eu

Ці можна даваць адпор, калі вас затрымліваюць падчас пратэстаў?

Не, чалавек, які затрымліваецца ў гэтым выпадку, будзе аўтаматычна прыцягнуты за аказанне супраціву. Але навакольныя могуць (фіксуючы на відэа) задаць у момант затрымання пытанне: «За што затрымліваецца грамадзянін?» Калі адказу не будзе альбо будзе накшталт «ідзі на..»., «адвалі», «не твая справа», тут можна смела адбіваць чалавека, выкарыстоўваючы прапарцыйную сілу, паколькі намер супраціву і перашкодам законнай дзейнасці міліцыі даказаць немагчыма. Бо вам не паведамілі, чаму чалавека сілком кудысьці вядуць.

Затрыманні каля гатэлю «Юбілейны». Мінск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г. фота: Аліса Ганчар / Belsat.eu

Чалавека, які ляжыць, збіваюць нагамі. Што можна зрабіць у гэтым выпадку?

Артыкулы 26 і 27 закона аб ОУС рэгламентуе права прымянення фізічнай сілы. Калі чалавек ляжыць і яго штурхаюць – гэта незаконна. І тут абавязкова трэба фіксаваць факт выкарыстання сілы (фота, відэа) і смела ўжываць прапарцыйную сілу ў дачыненні да супрацоўнікаў ОУС. На гэта мае права кожны згодна з артыкулам 109 КПК. Нават калі вам не ўдалося затрымаць такіх супрацоўнікаў або няма магчымасці іх перадаць праваахоўным органам, галоўнае – вызваліць чалавека, якога збівалі, патэлефанаваць па нумары 102 і паведаміць усе акалічнасці.

Затрыманні каля гатэлю «Юбілейны». Мінск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г. фота: Аліса Ганчар / Belsat.eu

Што рабіць, калі вам выбілі або зламалі зуб, разбілі губу, паранілі, пакінуўшы шнар, ці ў вас пералом?

Усімі магчымымі спосабамі пратрымайцеся 24 гадзіны і не звяртайцеся па медыцынскую дапамогу. Бо шпіталі аб такіх траўмах абавязкова паведамляюць у міліцыю, асабліва калі чалавек пакажа, што ён быў збіты. Міліцыя рэгіструе матэрыял праверкі і ўстанаўлівае прычыны. Калі вы паскардзіліся на міліцыянта, то ў 99% выпадкаў дадзены міліцыянт складзе ў гэты ж дзень рапарт пра абставіны прычынення дадзеных цялесных пашкоджанняў, дзе вам паставяць у віну супраціў і з пацярпелага вы станеце падазраваным.

Звяртацца да медыкаў трэба праз суткі, бо ў адпаведнасці з пастановай МУС №55 ад 2007 года, у міліцыянта ёсць роўна суткі, каб скласці рапарт аб выяўленні нейкага злачынства альбо правапарушэння.

Паколькі ўлік такіх рапартаў вядзецца ў электронным і пісьмовым выглядзе, то рэгістрацыя іх заднім чыслом немагчымая.

Марш студэнтаў. Менск, Беларусь. 1 верасня 2020 года.
Фота: Аляксандр Васюковіч / vot-tak.tv / belsat.eu

Вы стаіце на вуліцы, а да вас падыходзяць супрацоўнікі міліцыі і паведамляюць, што вы затрыманыя. Што рабіць?

Здымайце відэа. З моманту, як да вас падышлі, пачаты адміністрацыйны або крымінальны працэс. Вусна заявіце на камеру, што вам патрэбен абаронца. Калі вас затрымліваюць па адміністрацыйнай справе, то, хутчэй за ўсё, скажуць, што адваката не дадуць. Выклікайце яго самі. Тут самае асноўнае: наогул не кантактаваць з міліцыянтамі і не адказваць больш ні на адно пытанне. Пасля таго, як на вас складуць пратакол, у судзе вы смела прадаставіце відэа, з якога будзе вынікаць, што адразу пасля затрымання вам не далі абаронцы. Рашэнне, безумоўна, будзе на вашу карысць. Чаму нельга ў такой сітуацыі размаўляць і нешта падпісваць? Таму што вам падсунуць пратакол затрымання, у якім будзе дробным почыркам пазначана: «у абаронцы не маю патрэбы». Калі маўчаць і нічога не падпісваць, то ў пратаколе будзе пазнака «ад тлумачэнняў адмовіўся». Гэта вельмі важна.

Акцыя салідарнасці з затрыманай Марыяй Калеснікавай. Менск, Беларусь. 8 верасня 2020 г.
Фота: Іріна Арахоўская / belsat.eu

Ці можна выкарыстоўваць пярцовы балончык для самаабароны?

Толькі ў дачыненні да людзей у цывільным. Калі вы бачыце, як да вас бяжыць невядома хто, можна выкарыстоўваць пярцовы балончык на апярэджанне. Толькі пырскаць варта не ў тых, хто бяжыць, а толькі ў іх бок. Паверце, у іх адразу знікне жаданне лезці да такога чалавека, а супрацоўнікі ў цывільным будуць шукаць больш лёгкую мэту.

Стужка навінаў