Як Святлана Ціханоўская вернецца ў Беларусь?

Пасля прыезду ў Расею Аляксея Навальнага пачала дыскусія пра магчымае вяртанне ў Беларусь Святланы Ціханоўскай. Стварыць умовы і гарантыі бяспекі для вяртання Святлана прасіла амбасадараў Еўразвязу ў Арганізацыі бяспекі і супрацы ў Еўропе. Калі і на якіх умовах Святлана перакрочыць беларускую мяжу? Каментуюць Франак Вячорка, Алесь Міхалевіч і Аляксандр Класкоўскі.

20–21 студзеня ў Святланы Ціханоўскай перамовы з прэзідэнтам Эстоніі ды выступ на сустрэчы Рады Бяспекі ААН, то бок яна надалей легітымна рэпрэзентуе новую Беларусь у свеце.

Ганна Красуліна, прэсавы сакратар Святланы Ціханоўскай:

«Раней яна была сімвалам, нашаю надзеяй і вераю. Цяпер яна палітык самага высокага ўзроўню, якога прымаюць прэзідэнты на ўзроўні кіраўніка дзяржавы».

Падобна кіраўніку дзяржавы, Святлана ўзяла на сябе адказнасць працаваць на карысць сваёй краіны. За кратамі застаецца муж Святланы, Сяргей Ціханоўскі. Жыць за мяжою давялося з 11 жніўня, калі сілавікі вышэйшага звяна пагражалі турмою і вывезлі імаверную пераможцу выбараў у Літву.

Пытанне вяртання ў Беларусь з таго часу ўсур’ёз не разглядалася. Падчас онлайн-сустрэчы з амбасадарамі Еўразвязу ў АБСЕ 18 студзеня Святлана папрасіла гарантыяў бяспечнага вяртання ў Беларусь для сябе ды іншых палітыкаў. Ідэя выклікала сумневы ў аналітыкаў.

Святлана Ціханоўская сустрэлася з пасламі АБСЕ: «Я хачу бяспечна вярнуцца ў Беларусь»

Аляксандр Класкоўскі, палітычны аглядальнік:

«Мне здаецца, што ўсе гэтыя пражэкты, што хай яе аточаць дыпламаты, і яе нібыта ніхто не кране, смеху варта. Адсунуць убок гэтых дыпламатаў і павяжуць адразу – тут не варта сумнявацца. Беларускі рэжым ужо сябе паказаў у гэтым плане, таму ніякіх сумневаў няма».

У краіне 189 палітвязняў, і гэтая лічба імкліва расце. Супраць прыхільнікаў пераменаў завялі больш за тысячу крымінальных справаў, а праз затрыманні прайшлі 32 тысячы беларусаў, не згодных з вынікамі выбараў.

Святлана Ціханоўская ў адным са сваіх зваротаў да беларусаў заявіла:

«Судзяць 17-гадовага Мікіту Залатарова – дзіця, якое катавалі і не пускалі да бацькі. Судзяць Дар’ю Палякову – самотную маці з двума дзецьмі. Судзяць валанцёрку Марфу Рабкову, журналістку Кацярыну Барысевіч. Судзяць медыкаў і настаўнікаў, пенсіянераў і бізнесоўцаў».

Вярніся Святлана Ціханоўская ў Беларусь – дзеля перамоваў аб мірнай перадачы ўлады, – судзілі б і яе: улады Беларусі ўжо аб’явілі палітыка ў міжнародны вышук. Яе сістэматычна атакуе дзяржпрапаганда на чале з галоўным ньюзмэйкерам, які, між іншага, цвердзіць, што перад ад’ездам дапамагаў Ціханоўскай грашыма.

Алесь Міхалевіч, экс-кандыдат на прэзідэнцтва, былы палітычны эмігрант:

«Лукашэнка – гэта палітык недамоваздольны, недамоваздольны чалавек. Ён, безумоўна, і падманваў шмат каго з тых, хто спрабаваў з ім дамаўляцца, таму я думаю, што ніякіх дамоўленасцяў не будзе. Для яго дамоўленасць з любым беларусам – гэта вельмі сур’ёзная, істотная праява асабістай слабасці. Таму пакуль ён не будзе ў абсалютна крытычнай сітуацыі, думаю, што ніякіх дамоўленасцяў не будзе».

Алесь Міхалевіч таксама быў кандыдатам на прэзідэнцтва і палітычным эмігрантам пасля выбараў 2010 года. Вяртаўся ў Беларусь у 2015 годзе, таксама, як Cвятлана, быўшы ў міжнародным вышуку. Ведаў, што адразу трапіць у няволю ў якасці падазраванага «ў арганізацыі масавых закалотаў».

Алесь Міхалевіч:

«Хачу нагадаць кантэкст. Кантэкст быў трошку іншы. Усіх палітзняволеных тады выпусцілі, і я ведаў, што дзеля мяне аднога, хутчэй за ўсё, не будуць ствараць гэтае месца».

Гэтак і сталася. Пасля анексіі Крыму Расеяй краіны Захаду пайшлі на пацяпленне з Беларуссю, якое Лукашэнка выкарыстоўваў напоўніцу ў стасунках з Пуціным і ў наступнай выбарчай кампаніі.

Ціханоўская не плануе браць удзелу ў наступных выбарах у Беларусі і ўхваляе санкцыі

Цяпер палітыка Лукашэнкі дыяметральна супрацьлеглая. Стасункі з Еўропаю амаль разарваныя. Са злітага праектам «ByPol» маналогу намесніка міністра ўнутраных справаў Мікалая Карпянкова вынікае, што Лукашэнка ўжо не патрабуе падтрымліваць міжнародны імідж – добрую міну пры кепскай гульні. Незаконны кіраўнік заявіў:

«Так як мы, атрымліваецца краіна, якая інтэграваная ў сусветную супольнасць і абавязана выконваць шэраг пэўных дзеянняў для таго, каб не выглядаць ізгоямі. Вось гэты час, атрымліваецца, скончылася. Наступіў іншы час».

Гучыць страшна, але на практыцы – вядзе да краху збудаванай саамаабвешчаным прэзідэнтам сістэмы і набліжае вяртанне Святланы Ціханоўскай дадому, лічыць ейны дарадца ў пытаннях замежнай палітыкі Франак Вячорка.

Франак Вячорка, дарадца Святланы Ціханоўскай у пытаннях замежнай палітыкі:

«Святлана Ціханоўская вернецца ў Беларусь на перамовы аб правядзенні новых выбараў. Лукашэнка раней ці пазней будзе вымушаны рабіць саступкі (можа, не ён сам, а нехта з ягонага атачэння, можа, прадстаўнікі рэжыму). Так ці інакш ён сыдзе».

Такім чынам, у штабе Святланы, як і сярод аналітыкаў, ёсць разуменне, што больш карысці для беларусаў на гэты момант прыносіць перабыванне ў Вільні, адкуль яна прасоўвае беларускі парадак дня на міжнароднай арэне.

Аляксандр Класкоўскі:

«Я думаю, што вяртанне Ціханоўскай у Беларусь было б магчымае на нейкім фінальным этапе рэвалюцыйных падзеяў у Беларусі. Тады б гэта было апраўдана, і тады б гэта ўзмацніла пратэст. Не цяпер, калі выйдзе нейкі ланцуг салідарнасці, але сітуацыі не ўратуе».

Свайго рэйтынгу праз жыццё за мяжою, але на волі, Святлана Ціханоўская не страціць. А калі б і страціла, то для ейнай каманды гэта не трагедыя – ад самага пачатку кандыдатка на найвышэйшую пасаду казала, што затрымаецца на ёй нянадоўга – да правядзення справядлівых выбараў.

Калаж з фота: Hans Christian Plambeck / Laif / Forum

Юлія Цяльпук для праграмы «ПраСвет»

Hавiны