Як святкавалі Шчодры вечар на Мотальшчыне. Фотарэпартаж


У 1972-ім годзе выйшаў выдатны дакументальны фільм «Палескія калядкі»па сцэнарыю таленавітага беларускага этнамузыказнаўцы і этнографа Зінаіды Мажэйкі і Уладзіміра Караткевіча. Галоўнымі героямі фільма былі вясковыя палешукі з іх глыбокімі традыцыямі святкавання калядаў. Адной з вёсак, у якую завітала Зінаіда Мажэйка на здымкі фільму былі Тышкавічы, што каля ўсім вядомага Моталя ў Брэсцкай вобласці. Кадры фільму паказваюць як майстар з Тышкавічаў робіць старажытную драўляную маску каляднай казы і абшывае яе сапраўднай воўнай. З гэтай прыгожай маскай вялізнай грамадой жыхары Тышкавічаў ідуць да хатаў калядаваць, танчаць, спяваюць калядныя песні ды абсыпаюць адзін аднаго снегам.

На жаль, у 2018-ым годзе такой маскі тышкавіцкія калядоўшкі ўжо не захавалі, снегу таксама не было, ды і саміх калядоўшчыкаў у Шчодры вечар у Тышкавічах стала значна менш, але традыцыя шчадравання ў вечар з 13-га на 14-е студзеня ў вёсцы не знікла. Больш за тое, народны фальклорны ансамбль «Знаходка» застаўся адным з тых, хто змог захаваць яе ў больш-менш традыцыйным выглядзе.

Не запамятавалі Шчадрэц і мясцовыя жыхары, якія ў Шчодры вечар ужо загадзя рыхтуюць пачастункі для калядоўшчыкаў. Тыя ж у сваю чаргу шыкоўна спяваюць калядныя спевы з мясцовым каларытам персанальна для гаспадара, гаспадыні ды іх дзетак. Не забываюць пачаставаць зваліўшуюся на падлогу казу ды патанчыць з мядзведзем, каб у гаспадароў ды ў сям’і ўсё вялося, квітнела ды пладзілася.

Веру ў старажытныя шчадравальныя традыцыі ў жыхароў Тышкавічаў пацвярджае і тое, што яны лічаць, што Шчодры вечар павінен быць быць сапраўды шчодрым. Колькі дасі духам продкаў у выглядзе калядоўшчыкаў, столькі і атрымаеш у гэтым годзе, таму пачастункаў калядоўшчыкам не шкадуюць, а грашыма даюць нават па 50 рублёў.

 

Фота belsat.eu

Стужка навінаў