Як спадабацца каралю: майстар-клас па макіяжы XVIII стагоддзя

Фота

Напярэдадні раздзелаў Рэчы Паспалітай людзі ўжывалі макіяж, каб схаваць сляды пасля сіфілісу або шнары.

«Устала, пусціла крывю, паснедала ды пайшла ў госці», – так выглядаў дзень заможнай дамы часоў караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, які бавіў час паміж Горадняй ды варшаўскімі Лазенкамі.

У Горадні манарх пражываў у Новым замку і трох загарадных рэзідэнцыях. Замак у Варшаве стаяў на беразе Віслы, куды скідалі смецце. Улетку смурод ад яго не даваў Станіславу Аўгусту сканцэнтравацца ані на дзяржаўных справах, ані на сардэчных перажываннях. Таму кароль выкупіў Лазенкі, якія належалі князям Любамірскім, ды загадаў збудаваць сабе рэзідэнцыю.

У XVIII стагоддзі румяны і бялілы перажывалі эпоху свайго росквіту, але іх аматарам трэба было пацярпець: каб пазбавіцца да старога макіяжу, часам трэба было прыбегнуць да нажа

3 траўня 1791 года, падчас ягонага кіравання, была прынятая Канстытуцыя Рэчы Паспалітай. З гэтай нагоды ў Лазенках, сёння гэта папулярны парк, можна было ўбачыць, як выглядалі дамы і кавалеры ў XVIII стагоддзі. Пра касметыку, лекі, моду, тэатр і танцы той эпохі распавядалі чальцы «Станіславоўскае таварыства». Мы трапілі на майстар-клас па макіяжы.

У XVIII стагоддзі мужчыны перасталі ганарыцца шнарамі – і сталі іх хаваць

У часы апошняга караля Рэчы Паспалітай уласныя твары перасталі задавальняць людзей: часта на іх былі заўважныя хібы – сляды пасля воспы ці іншых хваробаў, у прыватнасці, сіфілісу. Невялікія па памерах хавалі пад мушкамі ў форме не толькі звычайнай кропкі, але і сэрцайка або кропелькі.

Макіяж перажываў свой росквіт. Працэс займаў некалькі гадзінаў. Вакол сядалі сяброўкі, запрашаліся і мужчыны–доктар, настаўнік танцаў, спаведнік. Перш накладалі маску з бялілаў, часам па два-тры слоі. Пасля ў хаду ішлі румяны: ад светла-ружовых да ярка-чырвоных. Мода на колер змянялася цягам стагоддзя. Але дамы з пачуццём густу імкнуліся толькі падкрэсліць натуральную прыгажосць, ахвяры ж моды часта не маглі паўстрымацца і рабілі чырвоным палову твару.

Модныя кавалеры, вярнуўшыся з-за мяжы, не ўяўлялі сабе больш жыцця без бялілаў, пудры, румянаў і высокіх прычосак. Іх іранічна называлі «макаронамі». Макіяж таксама хаваў баявыя шнары, якімі дагэтуль было прынята ганарыцца. Пудрай маскавалі і сівыя валасы.

Яшчэ адным улюбёным спосабам бавіць вольны час былі азартныя гульні

 

 

Макіяж у тыя часы, аднак, нярэдка шкодзіў. Для прыгатавання бялілаў выкарыстоўваліся свінец ды ртуць. Скура пад такім «тынкам» рабілася шэрай, рана старэла. Бывала, што заўзятыя модніцы нават паміралі. Крэмы гатавалі на жывёльным тлушчы, і яны з часам дрэнна пахлі. Бывала, што моцна «затынкаваны» твар высыхаў, і корку счышчалі нажом: бялілы не змывалі кожны дзень, як робяць жанчыны сёння.

Асобная гісторыя была з брывамі. Часта ў ахвяраў хваробаў ды нездаровага захаплення макіяжам яны выпадалі. Штучныя рабілі з… мышынай поўсці. Нярэдкімі былі камічныя сітуацыі, калі ў дамы, якая абмахвалася веерам, раптам адклейвалася брыво. Ужо не кажучы пра тое, што выглядалі яны не надта натуральна.

Накласці макіяж у XVIII ст. было шматгадзіннай справай

Палякі недалюбліваюць караля Панятоўскага за раман з расейскай імператрыцай Кацярынай ІІ, які спрычыніўся да падзелаў Рэчы Паспалітай. У 1795 годзе ён зрокся польскага трону. Свае дні на пасадзе Станіслаў Аўгуст закончыў у Горадні. У канцы жыцця знаходзіўся ў Новым замку пад хатнім арыштам, затым быў змушаны адрачыся ад пасаду і пад аховай – вырушыць у выгнанне ў Санкт-Пецярбург, дзе праз нейкі час памёр.

АА

Глядзі таксама
Каментары