Як скралі перамогу малдаўскай апазіцыі. Інтэрв’ю з Маяй Санду


Самая брутальная кампанія ў гісторыі малдаўскіх выбараў: так яе называюць лідары апазіцыі. Наш рэйтынг маніпуляцыяў – у сюжэце вышэй. Акрамя іх, апазіцыйны блок «Акум» заявіў нават пра тое, што перамогу на выбарах у іх папросту скралі. Эксклюзіўнае інтэрв’ю Аліны Коўшык з адным з самых яркіх палітыкаў Малдовы – Маяй Санду, лідаркаю партыі «Дзеянне і салідарнасць».

Вы заявілі, што ў вас скралі перамогу. Хто гэта зрабіў, як і для чаго?

Скралі тыя, хто ва ўладзе, яны не хочуць яе аддаваць. Яны падманваюць людзей, каб застацца ва ўладзе. Яны памянялі выбарчую сістэму. Я кажу пра Дэмакратычную партыю, якая не дэмакратычная, яна толькі так называецца, і пра партыю сацыялістаў. Яны разам памянялі выбарчую сістэму. І мы бачым цяпер вынікі, чаму яны гэта рабілі. Акрамя гэтага, было яшчэ вельмі шмат іншых рэчаў, якія змянілі вынікі. Па-першае, тое, што супраць нашых людзей змагаліся ўсімі метадамі. Людзей запалохвалі. Было вельмі шмат грошай выдаткавана на тое, каб набыць галасы.

Не дазволілі нашым грамадзянам, якія жывуць за мяжою, прагаласаваць. Як, напрыклад, гэта было на прэзідэнцкіх выбарах. На гэтых выбарах прагаласавалі недзе 60 тысячаў людзей, але гэта дзесьці на 100 тысячаў менш, чымся тыя, хто здолеў бы прагаласаваць.

Гэта наш патэнцыйны электарат. Гэта нашыя выбарнікі. Гэта людзі, якія вераць у дэмакратыю і жывуць у краінах з дэмакратычным ладам. І яны хочуць вярнуцца. Гэта не такая дыяспара, якая забылася пра краіну і не хоча ведаць, што тут адбываецца. Я была ў Італіі ў шмат якіх гарадах, у Вялікай Брытаніі, у іншых краінах. І там вельмі шмат людзей хочуць, каб іхныя сем’і ды сваякі жылі тут лепш. Па-другое, яны хочуць ведаць, што здолеюць вярнуцца. Што краіна пачне развівацца. Было вельмі шмат праблемаў.

Праблемы з масмедыя. Як яны нас паказвалі і як паказвалі ўрад. Яны атакавалі нас, аблівалі хлуснёй і брудам. Усю кампанію і асабліва да кампаніі. Мы мяркуем, што нас абакралі. Не толькі нас, але абакралі і людзей. Вынікі – гэта не голас народу. Людзі абʼектыўна не прагаласавалі за тых, хто скраў іхныя грошы. Калі глядзець па выніках, то ў наступным парламенце будуць і тыя, хто скраў у людзей мільярды долараў.

ВІДЭА
Малдова: хацелі Лукашэнку, а перамог Плахатнюк
2019.03.04 13:36

Мы ведаем, што адзін з іх – гэта Ілан Шор, асуджаны на сем з паловаю гадоў, але цяпер ягоная справа на апеляцыі. Што вы плануеце рабіць далей? Вы трапілі ў парламент. Вы – істотная сіла ў парламенце, тым не менш у вас няма большасці і няма магчымасці стварыць нейкую кааліцыю.

Вядома, мы будзем змагацца, старацца прасоўваць нашыя ідэі. Наш самы вялікі прыярытэт – гэта пабудова дзяржавы, то бок юстыцыя. І барацьба з карупцыяй. Мы сказалі, што, калі мы прыйдзем да ўлады, будзем прымаць канкрэтныя законы, каб стварыць такія інстытуты ўлады, якія б змагаліся з карупцыяй і абаранялі людзей. Мы будзем прапаноўваць гэтыя законы.

Але пакуль трэба пачакаць і паглядзець, што адбудзецца. Бо Канстытуцыйны суд цяпер павінен усе гэтыя мандаты апрабаваць. Паглядзім, што адбудзецца з дзвюма палітычнымі партыямі, якія ўвайшлі ў гэты парламент. Цяпер дэмакраты і сацыялісты могуць паказаць сваю супольную працу. Яны памянялі і разам прымалі законы, хоць нібыта ёсць апанентамі.

Цяпер яны здолеюць паказаць усім, як ідуць справы насамрэч. Мы спадзяемся, што людзі ўбачаць, што гэта адная групоўка карумпаваных людзей, якія зацікаўленыя толькі сабой і нічым больш.

Вы – жанчына, адная з нямногіх палітычных лідараў у Малдове. Як працуецца з такімі мужчынамі, якія, як мы ведаем, абсалютна не перабіраюць у метадах сваёй палітычнай барацьбы і ў прынцыпе на шмат што здольныя?

У Малдове цяжка быць палітыкам, калі ты ў прынцыпе сумленны чалавек. Калі ты хочаш зрабіць рэчы правільна, калі ты не выкарыстоўваеш тых жа метадаў, якія выкарыстоўвае цяперашні палітычны клас. Яны гэта робяць, безумоўна, таму, што хочуць, каб усе гэтыя сумленныя людзі не вытрывалі і сышлі з палітыкі. Яны не хочуць людзей як мы ў палітыцы. Тады бачная вялікая розніца паміж намі ды імі. Яны прызвычаіліся, што ўсе карумпаваныя, што ўсе хлусяць.

Тады яны выглядаюць лепш у параўнанні з іншымі. А калі вялікая розніца, то ім цяжэй. Але я б сказала, што жанчынам нашмат цяжэй. Асабліва калі ты жанчына, у якой няма дзяцей. На мяне нападалі і нападаюць праз гэта. У тым ліку кабеты з іншых палітычных партыяў. Гэта не тое каб страшна і брыдка, але гэтыя жанчыны ходзяць па ўсякіх трэнінгах пра тое, як прасоўваць жанчын у палітыку, а пасля таго, як на іх выдаткоўваюць грошы вонкавых партнёраў, яны прыходзяць і пачынаюць атакаваць самыя. У пытаннях сямʼі, добрая ты мама ці не, разумееш ты, што значыць мець дзяцей, ці не.

Тое, што мяне так шмат людзей падтрымалі на выбарах, паказвае, што грамадства змяняецца і гатовае падтрымаць жанчыну. І тое, што на гэтых выбарах я была першая ў спісе блоку, кажа пра тое, што і мужчыны, і жанчыны ў гэтай краіне гатовыя падтрымаць жанчын. І гэта мае іншых кабет натхняць. У нас у партыі вельмі шмат добрых жанчын. І ў парламенце ў нас колькасць жанчын і мужчын аднолькавая. І спадзяемся, што будзе больш кабет у палітыцы.

Відэа
Малдова: тры сцэнары пасля выбараў
2019.03.05 16:19

У чым вы бачыце будучыню Малдовы? Што вы можаце прапанаваць моладзі, якая верыць вам і ў альтэрнатыву таго, што адбываецца ў краіне?

Нам усім трэба, каб рэчы былі зробленыя правільна, каб усе выконвалі правілы. Калі мы – частка грамадства, нам патрэбныя правілы, якія ўсе б выконвалі. Каб мы ўсе разам маглі жыць, працаваць, адпачываць. У нас у Малдове сёння ёсць правілы, але яны не выконваюцца ўладамі. І людзі не хочуць жыць ды плаціць падаткі ў краіне, дзе гэтыя падаткі потым крадуць некалькі чалавек з улады. Яны хочуць, каб падаткі інвеставаліся ў дарогі, школы і гэтак далей.

Гэта базавыя рэчы, якія трэба стварыць, каб дзяржава працавала. Гэта, вядома, юстыцыя, каб людзі верылі, што ёсць органы ўлады, якія выконваюць законы. І будуць глядзець за тым, каб усе выконвалі закон, каб былі сілы ва ўладзе, якія змагаліся б з карупцыяй, каб не скралі мільярдаў долараў або 12 % ВУП. І, натуральна, стварыць умовы, каб эканоміка працавала нармальна, каб да людзей не прыходзілі ўначы, спрабуючы адабраць у іх грошы, каб плаціць за партыю ці за іншыя рэчы. Каб не было манаполіі, каб маладыя малдаване, якія робяць бізнес у Парыжы, Лондане, Мілане, маглі рабіць тое самае тут, побач са сваймі бацькамі. І каб яны плацілі пенсіі сваім бабулям і дзядулям. І каб бачылі тут перспектывы.

Якая ў вас мара?

Мая мара цяпер – дапамагчы скіраваць краіну ў нармальнае рэчышча і сысці з палітыкі. За чатыры гады развязаць большасць праблемаў Малдовы і займацца потым чымсьці іншым.

Інтэрв’ю для праграмы «Прасвет» запісалі 26 лютага 2019 г.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Сяргеем Пелясою

Фота: Forum / Vadim Denisov / TASS

Стужка навінаў