Як скончылі польскія АМАПаўцы?

Апынуліся за кратамі і страцілі пенсіі. Мінула ўжо 30 год свабоднай Польшчы, а палякі ўсцяж плююцца ўзгадваючы тых, хто біў, катаваў і забіваў людзей.

13 снежня 1981 года ўлады камуністычнай Польшчы ўвялі ваеннае становішча. Чаму? Палякі станавіліся ўсё больш свабоднымі, разрасталася кола прыхільнікаў легендарнага прафсаюзаў «Салідарнасць». У выніку больш за 10 тыс. чалавек па ўсёй краіне рэпрэсавана, каля 40 чалавек страціла жыццё. Гэта быў пачатак канца Польскай Народнай Рэспублікі (PRL), а таксама прысуд для тысячаў супрацоўнікаў МУС, якія выконвалі злачынныя загады.

Сярод ахвяраў ваеннага становішча было 9 шахцёраў вугальнай шахты «Wujek» (дзядзька) у Катавіцах. Давіць пратэст шахцёраў, якія далучыліся да «Салідарнасці», прыехала спецыяльная брыгада МУС Польшчы «ZOMO» (Zmotoryzowane Odwody Milicji Obywatelskiej), адпаведнік беларускага АМАПу. Пачалі страляць.

Забілі людзей толькі за тое, што яны хацелі годна жыць, дамагаліся між іншым годных заробкаў і больш выходных.

Абноўлена
«Было не відавочна, што гэта АМАП? Трэба было прадставіцца?» Ідуць суды над затрыманымі
2020.06.22 12:49

Судовы працэс над тымі, якія стралялі і выдавалі загады, распачаўся 21 снежня 1991 года, за некалькі дзён да таго, як разваліўся Савецкі Саюз. Адвакаты і бясконцыя апеляцыі расцягнулі працэс на гады. Канчатковы вырак суд выдаў толькі ў 2008 годзе, 17 былых супрацоўнікаў МУС атрымала ад 2,5 да 15 гадоў турмы, двое абвінавачаных не дажылі да выраку. Некаторым было так сорамна перад палякамі, што прасілі праз адвакатаў не публікаваць іх прозвішчаў. Суд не паслухаўся і зрабіў працэс адкрытым, уся Польшча магла глядзець на сваіх «герояў». У сваю чаргу ZOMO зліквідавалі яшчэ ў 1989 годзе, адразу пасля першых вольных выбараў.

Сёння ўзгадваючы гэтую структуру камуністычнага МУС палякі плююцца, трактуюць яе як ганебны сімвал рэпрэсіяў.

Мінула больш за 30 год, але нават сёння ніхто з нашчадкаў былых «зомаўцаў» не падзеліцца такой гісторыяй сваіх бацькоў ці дзядоў з сябрамі. Гэта табу.

Для тых, хто біў, рэпрэсаваў і катаваў у вольнай Польшчы працы ў МУС не знайшлося. Больш таго, ёсць закон пра люстрацыю, праз яе праходзяць усе, хто нарадзіўся да 1972 года (меў мінімум 18 год у часы камунізму) і хто прэтэндуе на кіраўнічыя пасады ў большасці дзяржаўных установах, а ў першую чаргу МУС, суды, пракуратура і службы бяспекі. Чалавека праганяюць праз базы Інстытуту Нацыянальнай Памяці, дзе ёсць спецыяльны аддзел, які займаецца выключна «злачынствамі супраць польскага народу». Нічога не схаваеш.

Гэта, аднак, не азначае, што пасля змены ўлады ў Польшчы перасталі працаваць усе, хто працаваў у органах МУС і бяспекі, пракуратуры і судах.

Тыя, хто не выконваў злачынных загадаў і не выдаваў несправядлівых прысудаў, працавалі далей, але яны страцілі ўсе надбаўкі да пенсіі (стаж ужо ў вольнай Польшчы лічылі асобна).

Такі закон пра пенсіі былых супрацоўнікаў сілавых ведамстваў з часоў PRL выйшаў у 2009 годзе. У 2016 выйшаў другі закон, які не толькі адабраў былым функцыянерам камуністычнай Польшчы надбаўкі, але і выраўняў іх пенсіі да «сярэдняй у Польшчы» – у 2019 гэта было 1885 злотых на рукі (каля 470 долараў). Генеральскія пенсіі, вядома, былі на шмат вышэйшыя, нават у некалькі разоў. Апазіцыя і асабліва левыя сілы вельмі моцна гэта крытыкавалі. У медыях з’яўлялася нават інфармацыя пра самагубствы пенсіянераў камуністычных МУС і органаў бяспекі, якім абрэзалі пенсіі. Былі і тыя, хто захаваў пенсіі і надбаўкі. Яны, займаючы пасады ў сілавых ведамствах, супрацоўнічалі з дэмакратычнай апазіцыяй.

Варта аднак узгадаць, што камуністычныя ўлады Польшчы ў 1989 годзе селі за стол перамоваў з апазіцыяй, таму перамены адбыліся мірна.

І толькі дзякуючы гэтаму, камуністычным партыйным дзеячам і генералам сілавікам удалося захаваць маёнткі. Дзякуючы гэтым мірным пераменам, дзеці і ўнукі ўплывовых польскіх камуністаў жывуць сёння ў прыватных дамах прэстыжных раёнаў Варшавы і не вымушаныя былі зʼязджаць з краіны, так як зʼязджалі семʼі ўкраінскіх «беркутаўцаў» у 2014 годзе.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў