Як сілавікі шукаюць людзей Ціханоўскага. Дзяўчына аднаго з затрыманых – пра падзеі ў Горадні


Пікет у Горадні 29 траўня.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

29 траўня ў Горадні падчас пікету для збору подпісаў за патэнцыйную кандыдатку на прэзідэнцтва Святлану Ціханоўскую затрымалі ейнага мужа – вядомага блогера Сяргея Ціханоўскага, аўтара YouTube-каналу «Страна для жизни». Разам з ім былі затрыманыя больш за 10 удзельнікаў пікету. Сярод іх – 20-гадовы Сяргей Калмыкоў. Карэспандэнт Belsat.eu паразмаўляў з Ірынаю Федарэнкай, дзяўчынаю Сяргея Калмыкова.

Пайшлі паставіць подпіс

Ірына Федарэнка прыйшла разам з Сяргеем Калмыковым у пятніцу, 29 траўня, у цэнтр Горадні паставіць подпіс за Святлану Ціханоўскую. Раней палітыкаю маладзёны не цікавіліся: Ірына наагул, а Сяргей часам глядзеў відэа на канале Сяргея Ціханоўскага. Яны назіралі за сустрэчай, як раптоўна пачалася правакацыя: «Сяргей Ціханоўскі пачаў адыходзіць, мы пайшлі следам за ім, менавіта па траве, па парапеце, мы не спускаліся ўніз, каб не трапіць у гэтую цісканіну. Калі АМАП затрымліваў Сяргея [Ціханоўскага. – Заўвага Belsat.eu], мы пайшлі далей ад усяго, каб нам нічога не прад’явілі. Ён пайшоў хутчэй за мяне, атрымліваецца, і тут пад’ехаў чырвоны аўтобус: выскачылі два чалавекі і бралі запар усіх. Яго проста ўзялі за рукі і ногі ды пацягнулі ў аўтобус», – распавядае Ірына.

Ірына Федарэнка.
Фота: «Белсат»

Ірына звяртае ўвагу, што дзяўчат тады не затрымлівалі, яна нават спрабавала трапіць у аўтобус: «Я падбегла да аўтобуса і пачала крычаць, каб узялі мяне. Амапавец сказаў, каб адышла, што мяне браць не будуць». Ірына яшчэ паспела патэлефанаваць свайму хлопцу і трохі паразмаўляць з ім. Сяргей прасіў не хвалявацца і казаў, што 15 содняў арышту – гэта максімум, што з ім можа здарыцца.

«Я пайшла да РАУСу, чакала, там сказалі: калі цягам трох гадзінаў не выпусцяць – пачакайце трое содняў. Тры дні мінулі, і вось да нас прыйшлі з ператрусам», – кажа дзяўчына.

«Капаліся паўсюль, нават у маёй бялізне»

1 чэрвеня стала вядома, што Сяргей Калмыкоў праходзіць як падазраваны паводле арт. 364 ч. 3 КК РБ («Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні працаўніка органаў унутраных справаў караюцца арыштам, ці абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў, ці пазбаўленнем волі на тэрмін да шасці гадоў»). Дазналася гэтую інфармацыю дзяўчына Сяргея ад следчага, які прыйшоў учыніць у кватэры, дзе жывуць маладзёны, ператрус: «Ноўтбукі, планшэты, сістэмныя блокі, камп’ютары. У нас такога нічога няма. Толькі тэлефоны. Ён [следчы. – Заўвага Belsat.eu] папрасіў дакументы. Я запытала, якія дакументы ім патрэбныя. Тыя, што пацвярджаюць, што Сяргей быў у групе Ціханоўскага. Я кажу, што ён не быў у ягонай групе», – згадвае Ірына. Усяго прыйшлі ў кватэру шасцёра чалавек: чацвёра міліцыянтаў і двое сведчаннікаў, незнаёмых Ірыне. З ператрусам прыходзілі да хворай бабулі Сяргея.

Сяргей Калмыкоў

Праверыўшы дакументы міліцыянтаў і азнаёміўшыся з ордарам на ператрус, Ірына адразу звязалася з братам Сяргея, тады дзяўчыне працаўнікі МУС спрабавалі забараніць карыстацца тэлефонам, аднак яна пачала здымаць усе дзеянні міліцыянтаў: «Пасля таго, як я пачала здымаць, яны сталі акуратней ставіцца да рэчаў. Перарылі ўсё цалкам. І зверху глядзелі, і над лядоўняю глядзелі, і лядоўню адчынілі, і шафкі ўсе паадчынялі, і ў сметніцы парыліся. Знайшлі стары тэлефон Сяргея, забралі маю флэшку. Капаліся паўсюль, нават у маёй бялізне. Не, каб даслаць жанчыну: мужчына прыйшоў і там капаўся», – з абурэннем і крыўдаю згадвае Ірына.

Відэа пра недатычнасць Сяргея да справы

Цяпер Сяргей у Менску. У якім ІЧУ, Ірына не ведае. Маладзёну далі дзяржаўнага адваката, які паведаміў Ірыне, што хлопца ў хуткім часе мусяць перавесці ў Горадню. Ірына цалкам не пагаджаецца з абвінавачаннем: «Ёсць відэа, дзе бачна, што мы стаім на парапеце, але яму ўсё роўна прад’яўляюць, што ён біў, што ён аказваў супраціў. Я не ведаю, на якой падставе». Дзяўчына прасіла адваката хадайнічаць пра далучэнне да справы відэа, якое паказалі на тэлеканале «Беларусь 1» 31 траўня.

Фрагмент відэа тэлеканалу «Беларусь-1». Сяргей стаіць у баку ад штурханіны.

Ірына збіраецца запускаць збор сродкаў на недзяржаўнага адваката, каб выцягнуць свайго хлопца з-за кратаў. Лішак грошай дзяўчына пералічыць сем’ям іншых затрыманых.

  • Паводле крымінальнай справы аб гвалце ў дачыненні міліцыянта затрымалі дзевяцёх чалавек. У чацвярых адбыліся ператрусы, паведамляе ПЦ «Вясна».
  • Праваабаронцам сталі вядомыя імёны ўсіх затрыманых пасля інцыдэнту ў Горадні. Гэта Сяргей Ціханоўскі, Яўген Разнічэнка, Дзмітрый Фурманаў, Уладзімір Навумік, Вяргілій Ушак, Аляксандр Арановіч, Сяргей Калмыкоў, Васіль Баброўскі і Арцём Сакаў.
  • Сакава ўтрымліваюць у ІЧУ Горадні, астатніх – у сталічным ЦІП на Акрэсціна. Вяргілія Ушака перавялі ў менскае СІЗА № 1 на Валадарскага.

АК Belsat.eu

Стужка навінаў