Як шклавата ратуе вытворчасць і выцясняе мастацтва


Закліканая забяспечыць айчынны і экспартны рынак першая ў Беларусі вытворчая лінія шклаваты адпрацавала роўна месяц. На яе наракаюць эколагі ды жыхары ваколіцаў заводу, а мастакі-шкляры ўспрымаюць як пагрозу для развіцця айчыннага шкларобства.

Расколіна ў беларускім шкле

Айчынным шклом, якім можна ганарыцца, заўжды лічыліся вырабы заводу «Нёман», які знаходзіцца ў Бярозаўцы на Гарадзеншчыне. За часамі росквіту прадпрыемства – у 70-80-ыя гады – завод быў трэцім у СССР па абʼёмах вытворчасці гатунковай прадукцыі, мастацкіх вырабаў са шкла і крышталю. Гісторыя «Нёмну» – гэта ўнікальныя паводле дызайну вырабы, міжнародныя ўзнагароды і сусветная вядомасць. Мастацкая калекцыя заводу стваралася не на аўтаматызаванай лініі, а лёгкімі ды рукамі майстроў.

«Цяпер на заводзе амаль не засталося майстроў старой генерацыі, – кажа знаўца і майстар мастацкага шкла Алена Атрашкевіч-Златкавіч. Гэтак здарылася з адыходам сацыялізму. У капіталістычным свеце першаснае не мастацтва, а тавары шырокага ўжывання і канкурэнцыя. Таму ад шкларобства ў гэты момант на жаль, чакаем не цудаў, а прынамсі захавання пераемнасці традыцыяў».

На беларускіх прадпрыемствах цяпер вырабляецца збольшага тыпавая прадукцыя, якая выходзіць з канвееру. «Нёман» аднак дагэтуль выстаўляе мастацкія вырабы за мяжою. «На колькі мне вядома, экспанаты гэтыя не імянныя, – шкадуе Алена Атрашкевіч. – Хоць у той жа Франкфурт едзе ўзятае ў мастакоў аўтарскае шкло, на выставах яго паказваюць, як здабытак прадпрыемства».

Знеахвочвае майстроў рабіць эксклюзіў таксама і калектыўны падыход да твораў. У выніку беларускае шкло пачатку 21-га стагоддзя ўжо не ззяе ў сусветных топах. Планку ўтрымліваем толькі на прасторы СНД. Уласна на рынак некалькіх постсавецкіх краінаў разлічвае «Нёман» і ў збыце новай і зусім не рамантычнай прадукцыі – шклаваты. Частковае перапрафіляванне прадпрыемства на яе выпуск мастакі лічаць расколінаю ў беларускім шкларобстве.

Шклавата – смерць Бярозаўкі

neman_szklo_belsat-6_RR
Пратэст у Бярозаўцы – фота “Радыё Рацыя

Інвестыцыйны праект па вытворчасці шклаваты – спроба прыстасаваць аўтарытэтны завод да жорсткай рэчаіснасці. Запуск вялізнага канвееру сцішыў разважанні аб творчых пошуках у мастацтве. Пытанні дня – гэта наколькі лінія неабходная, наколькі прыбытковая і ці бяспечная для наваколля?

Жыхары Бярозаўкі, дзе месціцца вытворчасць, гэтак і не дамагліся правядзення грамадскіх слуханняў наконт экалагічнасці праекту. І хоць улада запэўнівала, што абсталяванне набылі найбеспячнейшае і звышсучаснае, мясцовых людзей падмануць складана. Актывіст Вітальд Ашурак, які пікетаваў вытворчасць з плакатам «Шклавата – смерць Бярозаўкі», цвердзіць, што асабліва ў Бярозаўскіх дзетак апошнім часам праяўляецца новае захворванне – сухі кашаль за адсутнасцю тэмпературы. А ў паветры час ад часу павісае хімічны пах.

Вытворчасць шклаваты. Фота mas.by

Што ж датычыць самога матэрыялу… Шклавата лічыцца адным з найбольш эфектыўных цеплаізаляцыйных будаўнічых матэрыялаў. Паўстае яна з адкідаў шкляной вытворчасці, каштуе танна, не паддаецца ўздзеянню хімічных рэчываў, не гніе і не перамярзае, яе не ядуць грызуны. Таму яе актыўна выкарыстоўваюць у будаўніцтве дамоў і цеплатрасаў. Чаму ж тады ад яе адмовіліся шэраг краінаў Захаду?

У шматлікіх гатунках папулярнага ўцяпляльніка еўрапейскія даследнікі выявілі канцэрагенныя рэчывы. А людзей, якія маюць дачыненне са шклаватаю, аднеслі да другой групы рызыкі ў захворваннях на рак. Справа ў складзе матэрыялу.

Мінеральныя мікрачасціцы змацаваныя фармальдэгіднымі смоламі, якія ў працэсе распаду выкідаюць у паветра атрутны фенол. Да таго ж трапляючы ў лёгкія, драбінкі валакна шклаваты застаюцца ў іх назаўжды з усімі наступствамі.

Зразумела, што беларуская праграма імпартазамяшчэння зробіць шклавату яшчэ больш прывабнаю для айчыннага будаўніка. А 80 % гадавога абʼёму прадукцыі завод накіруе ў Расею, Казахстан, Туркменістан, Украіну і Азербайджан. Еўропе гэтага дабра не трэба…

Шклавата сярод мастацкіх твораў

У працаўнікоў заводу і мастакоў шкла на фоне ўсіх гэтых навінаў сапсаваўся настрой. Дасканала ведаючы гісторыю «Нёмну», які з 1883 году ствараў прыгожае, дасканалае шкло, яны кінуліся на пошукі спосабаў вырашэння праблемы сучаснага шкларобства ў краіне.

«На мастацкую выставу магчыма ўпершыню ў гісторыі шкларобства запрошаная шклавата. Яна – экспанат, які займае сурʼёзнае месца сярод мастацкіх твораў. Гэтую прастору шклавата забрала агрэсіўна, але займае яе сёння справядліва», – кажа скульптар, мастак і арт-крытык Павел Вайніцкі, адзін з куратараў выставы «Шклавата».

Больш за тое, шклавата сустракае гледача, які прыходзіць на выставу. Дае зразумець, што з ейнаю прысутнасцю давядзецца лічыцца, бо цяпер яна – карміліца працаўнікоў «Нёмну»… Заводу які заўжды дагэтуль быў універсітэтам для пакаленняў майстроў шкла.

Павел Вайніцкі спрабуе знайсці месца шклаваты ў нашай рэчаіснасці: «У прынцыпе ж не вытворчасць мае дбаць аб выстаўленні нашага аўтарскага шкла ў свеце. Гэта справа галерэяў, арт дылераў. Але іх няма і гэта праблема не выключна шкла. Мастацкі рынак у Беларусі агулам кволы. Ня ведаю ці ёсць ён увогуле. Таму шклавата – гэта адлюстраванне праблемы, а не самая праблема».

Праект «Шклавата» на думку беларускай дзяржавы – гэта спроба зарабіць грошай у эканоміку коштам здароўʼя беларусаў. Для аўтараў аднайменнай выставы шклавата сёння не мае адзінага вызначэння. Для творцаў галоўнае, каб сучасная арт-практыка ў шкле працягвалася, і з кафедры прыкладнога мастацтва Акадэміі Навук выходзілі майстры, здольныя аднавіць імідж беларускага шкларобства.

Юлія Цяльпук, belsat.eu

Стужка навінаў