Як схаваць скандал, або Чарнобыль-2 ужо здарыўся?

Падобна на тое, Чарнобыль-2 ужо здарыўся, і ўсім нам застаецца чакаць, што кіраўніцтва саюзнай нам дзяржавы ўсё ж такі скажа усім праўду.

Пачнем з цытаты.

«У Маскву двума самалётамі санавіяцыі былі дастаўлены шэсць чалавек, пацярпелых пры выбуху на ваенным аб’екце ў раёне Дзвінскага заліва Белага мора ў Архангельскай вобласці. Як адзначае Baza, вадзіцелі рэанімабіляў апранутыя ў касцюмы хімабароны, а машыны — абкручаныя плёнкай.

У дзяржаўны біяфізічны цэнтр імя Бурназяна пацярпелыя дастаўленыя з дыягназам «радыяцыйнае апрамяненне». Акрамя таго, лекары дыягназавалі ў пацярпелых цяжкія траўмы, піша Baza.

У ліку пацярпелых, па дадзеных Baza, ёсць Ігар Бярэзін, Сяргей Плаксін, Аляксей Перапёлкін, Дзмітрый Абалін, Аляксандр Манюсін, Сяргей Грышын. Выданне адзначае, што найбольшыя дозы радыяцыі атрымалі Бярэзін, Плаксін і Перапёлкін. Па словах некалькіх крыніц Baza ў Мінабароны РФ, ўсю вопратку параненых ужо спалілі, зрабілі гэта адразу пасля шпіталізацыі. Сапраўды гэтак жа зрабілі і з касцюмамі хімабароны і адзеннем лекараў, якія першымі аказвалі дапамогу пацярпелым».

Цяпер другая цытата:

«Раён Белага мора, дзе, як мяркуецца, адбыўся выбух на ваенным палігоне, закрылі для суднаходства. Акваторыю на поўнач ад вёскі Нёнокса па рашэнні Мінабароны прыйдзецца абыходзіць. Забарона ўведзеная з 9 жніўня да 10 верасня. У той жа час пад Северадзвінскам быў зафіксаваны выкід радыяцыі праз выбух у вайсковай частцы. Фон павысіўся адразу пасля надзвычайнага здарэння недзе апоўдні, паведамілі мясцовыя ўлады. У СМІ з’явілася інфармацыя, што ўзровень радыяцыі ў раёне перавысіў норму ў тры разы.

8 жніўня прыкладна ў 12 дня па мясцовым часе датчыкі Аўтаматызаванай сістэмы кантролю радыяцыйнай абстаноўкі (АСКРО) зафіксавалі павышэнне радыяцыйнага фону ў расейскім Северадзвінску. Гэта адбылося пасля выбуху на ваенным палігоне ў Архангельскай вобласці. фота http://atr.ua/

Гэта пацвердзілі і ў рэгіянальным МНС, рассказаў “Ъ FM” кіраўнік праекта энергетычнай праграмы Greenpeace ў Расеі Рашыд Алімаў: «З 11.30 да 12.30 у Северадзвінску былі зафіксаваныя фонавыя значэння гама-выпраменьванняў да 2 мікразівертаў за гадзіну — гэта досыць прыкметнае перавышэнне.

Сам факт такога скачка радыяцыйнага фону — ужо індыкатар здарэння».

Калі верагоднасць першага паведамлення можа выклікаць нейкія сумневы — маўляў, ненадзейнае СМІ распавяло пра гэта свету, — то другое СМІ якраз адносіцца да ліку звышнадзейнага. Выдавецкі дом «Коммерсант» кантралюецца Алішэрам Усманавым, адным з найбагацейшых людзей Расеі, які, у сваю чаргу, кантралюецца — як і ўсе расейскія мільярдэры — Крамлём у рэжыме напаўручнога кіравання. Любая неправераная альбо непажаданая вышэйшаму расейскаму кіраўніцтву інфармацыя неадкладна дэзавуюецца, хай нават коштам скандалу. Успомнім нядаўнюю гісторыю са звальненнем цэлага журналісцкага аддзела з-за артыкула, які не спадабаўся ўсяго толькі Валянціне Мацвіенка (не Мядзведзеву нават!).

Цяпер вернемся са старонкі лаяльнага да Крамля СМІ на старонку СМІ не зусім лаяльнага. Усё той жа WWW.ZNAK.COM паведамляе:

«Сёння стала вядома, што ў аптэках Архангельска рэзка ўзрос попыт на ёдавыя прэпараты. Сёння ў аптэчных кіёсках горада знайсці іх ужо амаль немагчыма, адзначае «Інтэрфакс». «Учора скупілі ўсе. Спачатку ёд ў таблетках, ёдамарын, затым звычайны ёд і ёдзісты калій. Ажыятаж пачаўся каля 17 гадзін, і да самага закрыцця усё разабралі. Людзі перад касай абмяркоўвалі навіны пра радыяцыю ў Северадзвінску, выбух у вайскоўцаў», — сказала фармацэўт аптэкі у сталіцы Памор’я. У іншай аптэцы агенцтву распавялі, што ў пятніцу фармацэўты зрабілі тэрміновы заказ лекаў, якія ўтрымліваюць ёд».

І далей: «Пазней губернатар Архангельскай вобласці Ігар Арлоў паведаміў, што ў рэгіёне не зафіксавана перавышэння ўзроўню радыяцыйнага фону пасля выбуху на ваенным палігоне».

Вам гэта нічога не нагадвае?

Так, сябры мае, так. 1986 год. Кіраўніцтва краіны маўчыць, кіраўніцтва рэспублікі ўсё абвяргае, але прэпараты з ёдам нечакана зніклі з аптэк Украіны і Беларусі.

Фота
Ліквідатар зняў гэта ў чарнобыльскай зоне, пакуль камеру не забраў КДБ
2019.06.18 11:55

Другі Чарнобыль?

Можа быць.

Ва ўсякім выпадку, цяпер усе скандалы вакол маскоўскіх выбараў і іншай дэмакратычнай і не надта дэмакратычнай працэдуры для Крамля вельмі важныя. Хай лепш насельніцтва Расеі і Паўночнай Еўропы абмяркоўвае чарговыя ўдары дубінкамі і прысуды няшчасным юнакам, чым тое, наколькі адпавядае рэальнасці інфармацыя аб павышэнні радыяцыйнага фону ў раёне Белага мора.

Нічога, як той казаў, асабістага. Такі закон палітычнага піяру. Памятаеце, вялікі Гілберт Кійт Чэстэртан пісаў аб аналагічнай сітуацыі ў бессмяротным аповедзе «Зламаная шпага»:

«Пасля хвіліннага маўчання маленькі падарожнік, святар, сказаў вялікім:

— Дзе разумны чалавек хавае каменьчык?

І вялікі ціха адказаў:

— На марскім беразе.

Маленькі кіўнуў галавой і, трохі памаўчаўшы, зноў спытаў:

— А дзе разумны чалавек хавае ліст?

І вялікі адказаў:

— Ў лесе.

— Дзе разумны чалавек хавае ліст? Ў лесе. Але што яму рабіць, калі лесу няма?

— Так, так, — абазваўся суразмоўца раздражнёна, — што яму рабіць?

— Ён саджае лес, каб схаваць аркуш, — сказаў святар прыглушаным голасам. — Страшны грэх!»

Каб схаваць адзін скандал, спатрэбіцца мноства іншых. Чытаем класікаў і бярэм папкорн. Пажадана, папкорн з ёдам.

Аляксандр Фядута/АА belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў