Як саветы браталіся з немцамі? Сем унікальных фотаздымкаў з архіву гісторыка Ігара Мельнікава


Гісторык Ігар Мельнікаў сабраў калекцыю фотапрацаў, якая наглядна сведчыць: вайна для Беларусі пачалася не ў 1941 годзе, а нашмат раней. Мы выбралі сямёрку найцікавейшых фотаздымкаў і папрасілі Ігара Мельнікава патлумачыць, чаму на гэтыя выявы варта звярнуць увагу.

Рэкламная тумба з абвесткамі пра пачатак вайны, 1939

Звычайная рэкламная тумба, з абвесткамі пра пачатак вайны. Сярод іншага абвяшчэнне ўсеагульнай мабілізацыі: кожны грамадзянін Польшчы мусіў з’явіцца на інфармацыйныя пункты і папоўніць шэрагі Польскага войска. Пасля мабілізацыі 70 тысяч беларусаў з першага дня ўдзельнічалі ў вайне супраць нацыстаў. Здымак набыты на аўкцыёне, як ілюстрацыя той цяжкай эпохі.

Савецкі танкіст і афіцэр вермахту стаяць побач як добрыя сябры. Берасце; 1939 г.Фота/Белсат

Здымак 1939 года, зроблены на тэрыторыі Заходняй Беларусі каля Берасця. На ім савецкі танкіст і афіцэр вермахту па-сяброўску стаяць побач на далучанай да тэрыторыі БССР зямлі Заходняй Беларусі. Гэта літаральна заканчэнне баявых дзеянняў паміж Польшчаю і нацысцкай Нямеччынай і, безумоўна, Чырвонай Арміяй. Іхныя імёны не вядомыя. Танкіст і афіцэр на здымку спакойна размаўляюць, але ўжо праз два гады гэтыя людзі зробяцца смяротнымі ворагамі ды будуць забіваць адно аднаго.

Супольны парад вермахту і Рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі ў Берасці, 1939

Унікальны фотаздымак, зроблены на вуліцы Люблінскай уніі ў Берасці. Нямецка-савецкі парад 22 верасня 1939 года, калі савецкія і нямецкія войскі разам маршавалі праз акупаваны горад. Будынак Ваяводскага ўраду і польскага банку, а на трыбуне нямецкі генерал, геній нямецкіх танкавых атак Гайнц Вільгэльм Гудэр’ян і савецкі камбрыг Сямён Крывашэін. Вядома, што яны размаўлялі адно з адным па-французску.

Палонны французскі афіцэр стаіць у атачэнні нямецкіх жаўнераў, 1940 г.

Моцная французская армія цягам месяца капітулявала перад сіламі вермахту. Здымак ілюструе, як падпалкоўнік французскіх танкавых войск здаецца ў палон, прыветліва размаўляе з нямецкімі жаўнерамі.

«Дарогаю на Менск», 1941

«Auf den Wege nach Minsk». Здымак з альбому нямецкага жаўнера, які наступаў на сталіцу БССР. На фота падбіты савецкі танк Т-26. У катле пад Менскам загінула шмат жаўнераў Чырвонай Арміі, шмат трапіла ў палон. Фота ілюструе маштаб трагедыі. Кінуты савецкі танк – менавіта кінуты, што паказвае, наколькі масіўнае і хуткае было адступленне Чырвонай Арміі ў чэрвені 1941 года (пры гэтым армія рыхтавалася да вайны).

Маладзечна, зіма 1943

Нямецкая калона, якая, магчыма, палюе на партызанаў. На заднім плане – Трыумфальная арка 86-га Пяхотнага палка Войска Польскага стральцоў менскіх, пабудаваная ў міжваенны час. Арка праіснавала да 1960-х, пакуль яе не знішчылі савецкія ўлады.

Афіцэры Другога Польскага корпусу з праваслаўным капеланам. Італія, 1944

Афіцэры Другога Польскага корпусу, дзе служыла некалькі тысяч нарадзінцаў Заходняй Беларусі, у тым ліку і этнічных беларусаў. У цэнтры ў генеральскай форме і ў святарскай расе стаіць праваслаўны капелан. Фота зробленае ў Італіі ў 1944 годзе.

Усе фатаграфіі на выставе падрыхтаваныя для новага альбому «Другая сусветная вайна на здымках з архіву Ігара Мельнікава», на выданне якога аўтар збірае грошы праз краўдфандынгавую пляцоўку. Праект можна падтрымаць тут.

Паўліна Валіш belsat.eu

Стужка навінаў